Станаўленне аховы здароўя на Бераставіччыне ў пасляваенны час

105 лет БССР 80 лет Великой Победы Из истории земли Берестовицкой Культура

medrabotniki 2 romancevich akusherki medrabotnikiПасля вызвалення Бераставіччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адразу ж быў створаны раённы аддзел аховы здароўя. Яго ўзначаліла – з ліпеня 44-га па жнівень 47-га – фельчар Соф’я Сяргееўна Аўчыннікава (Раманцэвіч). У раён накіроўвалі ўрачоў, першымі на працу на Бераставіччыну прыехалі Ніхенцій Самуілавіч Віннікаў, Ксенія Арсеньеўна Пратасава (Мацапура), Лідзія Паўлаўна Ермалаева (Фальковіч) і іншыя.
У 44 — 45 гадах былі арганізаваны бальніца на 50 ложкаў у Белым Дворку, участковыя бальніцы ў Макараўцах і Алекшыцах, а таксама фельчарска-акушэрскія пункты – Данілкаўскі, Малабераставіцкі, Галынкаўскі, Цецяроўскі, Эйсмантаўскі, а таксама Кватарскі, Грыцавіцкі і Красноўскі (у той час тэрыторыя Свіслацкага раёна), амбулаторыя ў Макараўцах. Старажылы і сёння памятаюць тых першых урачоў, фельчараў і медыцынскіх сёстраў, якія многа сіл і энергіі аддавалі сваёй справе. У раёне тады многія хварэлі сыпным і брушным тыфам, малярыяй, дыфтэрыяй, трахомай, і ўрачы часта рабілі падворныя абходы. Асабліва нялёгкай была праца сельскіх фельчараў, якія і ноччу, часта пешшу, адпраўляліся на выклікі ў іншыя вёскі. Максім Мікалаевіч Бобрык пасля вайны працаваў на ФАПе ў Данілках, Лявонцій Захаравіч Шайпак – у Алекшыцах, Рыгор Дзмітрыевіч Карпач – у Малой Бераставіцы, Фёдар Міхайлаваіч Вярэцікаў – у Вялікіх Эйсмантах, фельчар Філіп Сідаравіч Леська і акушэрка Вольга Андрэеўна Лазаровіч у раённай бальніцы. Прыём пацыентаў у раённай паліклініцы вялі тады толькі два ўрачы.
– Памятаю, паліклініка знаходзілася пасля вайны ў цэнтры Вялікай Бераставіцы. Я туды насіла на руках малую хворую дачушку (у тым будынку па вуліцы Савецкай потым была аптэка, а цяпер – БТІ). Дапамогу дачцы аказала ўрач Лідзія Фальковіч, – успамінае 86-гадовая жыхарка вёскі Пархімаўцы В.А.Шымавалос.
У 1948 годзе ў раён прыехалі на працу першы хірург Саід Аубякіравіч Уздзенаў, які быў назначаны галоўным урачом раённай бальніцы, і яго жонка, першая акушэр-гінеколаг Ларыса Аляксандраўна Паляенская. У райбальніцы ў Белым Дворку быў арганізаваны аперацыйны блок.
У 1952 го­дзе пачалося будаўніцтва раённай бальніцы на 75 ложкаў у г.п. В.Бераставіца і ўчастковай на 25 ложкаў у Макараўцах. І ўжо ў 1956 годзе раённая бальніца была пераве­дзена з Белага Дворка ў новае памяшканне, а на яе месцы адкрылі туберкулёзны стацыянар. Пры новай райбальніцы размясцілася і райпаліклініка, адкрылася інфекцыйнае аддзяленне, якое раней знаходзілася ў Алекшыцах і ім загадваў Н.С.Віннікаў. Гэты доктар узначаліў тэрапеўтычную службу раёна, а выпускніца Вільнюскага ўніверсітэта Н.І.Мядзведзева – інфекцыйную.
У 1957 годзе ў Алекшыцкую ўчастковую бальніцу прыехалі працаваць муж і жонка А.Г. і А.П.Шуцкія. Раённую бальніцу ў гэтым жа годзе ўзначаліў Аляксандр Міхайлавіч Рубінскі, таленавіты, паважаны калегамі і насельніцтвам хірург і адміністратар.
У 1978 годзе на тэрыторыі раённай бальніцы быў пабудаваны тэрапеўтычны корпус, што дазволіла намнога павялічыць колькасць яе ложкаў і палепшыць умовы абслугоўвання тэрапеўтычных хворых.
Мікалай Пацэнка,
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *