Спорт – не толькі захапленне, але і праца

Общество

Кожны з нас ведае аб неабходнасці займацца фізкультурай і спортам, весці здаровы лад жыцця. Але не заўсёды мы ўдзяляем гэтаму належную ўвагу. А ёсць людзі, якія не могуць уявіць сябе без актыўнага руху, прысвячаюць яму не толькі свой вольны час, але і ўвесь працоўны дзень. Для Анатолія Пашкевіча (на здымку), інструктара-метадыста па фізічнай культуры і спорту СВК “Малабераставіцкі элітгас”, спорт – гэта і захапленне, і любімая прафесія.
Пасля заканчэння факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы ён быў размеркаваны на працу ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” і ўжо год адпрацаваў на сваёй пасадзе. Сам хлопец вельмі любіць спорт і стараецца прывіць гэтую любоў і працаўнікам мясцовай гаспадаркі. Усе раённыя спартыўныя мерапрыемствы не абыходзяцца без удзелу каманды СВК “Малабераставіцкі элітгас”. А ў тым, што і вынікі ў яе неблагія, вялікая за-слуга і інструктара па спорту. За гэты год у скарбонку каманды прыбавіліся 2-е і 3-е месца ў раённых спаборніцтвах па гіравому спорту, 2-е і 3-е месца–у спаборніцтвах па валейболу, 2-е– па баскетболу, 2-е–у раённай спартакіядзе сельскіх Саветаў і 1-е–у раённым турыстычным злёце. Шмат эмоцый і незабыўных уражанняў прынёс камандзе і ўдзел у абласным турыстычным злёце.
— На спаборніцтвах такога ўзроўню мы былі ўпершыню і вельмі задаволены, што нам выпала такая магчымасць, — расказвае Анатолій. – Усяго ўдзельнічала 19 каманд, мы мераліся сіламі з лепшымі з лепшых. Вядома, 10 месца – не самы лепшы вынік, але па асобных відах спаборніцтваў мы таксама выступілі нядрэнна: узнагароджаны кубкамі за 2-е месца ў конкурсе “Турыстычны быт” і за 3-е–у гульні “Гарады”.
Працаваць маладому спецыялісту падабаецца, ён удзячны кіраўніцтву гаспадаркі за пад-трымку, за разуменне неабходнасці развіцця фізічнай культуры. Для каманды набылі новую форму, мячы і іншы спартыўны інвентар. Штовечар з панядзелка па чацвер для мясцовай моладзі праходзяць трэніроўкі ў спартыўнай зале.
У планах – стварэнне аздараўленчага комплексу на базе былога вучэбна-вытворчага камбіната ў Малой Бераставіцы, які цяпер знаходзіцца на балансе гаспадаркі. Марыць інструктар па спорту аб сучасным стадыёне, басейне, якія можна будзе там адкрыць, пакуль што сродкаў для гэтага ў гаспадаркі не хапае, але ў перспектыве, упэўнены Анатолій, малабераставіцкія працаўнікі будуць гэта мець.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *