Спартыўныя сем’і з Бераставіцкага раёна прынялі ўдзел у абласным фестывалі “Тата, мама і я — спартыўная сям’я”

Лента новостей

Важным паказчыкам фізічнага і духоўнага здароўя нацыі з’яўляецца ўкараненне ў грамадстве ідэі аб значнасці здаровага ладу жыцця. Масавыя спартыўныя гульні для ўсёй сям’і—адно з самых відовішчных, эфектных і эфектыўных праяў здаровага ладу жыцця, якое садзейнічае згуртаванню сям’і і выхаванню здаровага падрастаючага пакалення.
Абласны фестываль “Тата, мама і я—спартыўная сям’я” – традыцыйнае на Гродзеншчыне свята здароўя, спорту і выдатнага настрою — адбыўся 20-21 лістапада на базе Цэнтральнага спартыўнага комплексу “Нёман” і Лядовага Палацу спорту ў г.Гродна. У фінальных гульнях сустрэліся мацнейшыя сем’і вобласці—пераможцы раённага этапу фестывалю. У іх ліку і каманда Бераставіцкага раёна ў складзе сем’яў Сяргея і Алены Васько і іх дачкі Ганны з п.Пагранічны, а таксама Мікалая і Людмілы Новікавых і іх сына Сяргея з в.Пархімаўцы.
Праграмай фестывалю спаборніцтвы прадугледжваліся ў дзвюх намінацыях—“Бацька, маці і сын” і “Бацька, маці і дачка”. Сем’і спаборнічалі ў кіданні баскетбольнага мяча ў кальцо, дартсе, эстафеце “Спартландыя” і лёгкаатлетычнай эстафеце.
Нашы прадстаўнікі праявілі вынослівасць, настойлівасць і волю да перамогі. Мамы, таты і дзеці з баявым настроем праходзілі кожны з этапаў. У выніку і сям’я Васько, і сям’я Новікавых сталі трэцімі ў дартсе; сям’я Васько апынулася таксама на трэцяй пазіцыі ў лёгкаатлетычнай эстафеце і яна ж, гэтая сям’я, заняла 2-е месца па суме балаў, набраных на ўсіх этапах фестывалю, у намінацыі “Бацька, маці і дачка”. У агульнакамандным заліку каманда нашага раёна стала шостай сярод 13-ці каманд-удзельніц вобласці.
Чэмпіёны і прызёры абласнога фестывалю “Тата, мама і я — спартыўная сям’я”, сярод якіх і сям’я Васько, былі ўзнагароджаны медалямі і граматамі ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. А ўсе дзеці, якія ўдзельнічалі ў свяце, атрымалі памятныя прызы і спартыўныя падарункі ад гродзенскага прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *