Служыў у палку Кантарыі

Человек и его дело

У лёсе кожнага чалавека ёсць цікавыя моманты, падзеі, факты, якія могуць выклікаць непадробны інтарэс у акружаючых. Хтосьці раскажа аб гэтым у вузкім сямейным коле, іншы хоча падзяліцца з больш шырокай аўдыторыяй.
Цікавы факт у біяграфіі ёсць і ў Валянціна Анатольевіча Леткі з Масалян. Хоць і нарадзіўся ён ужо праз пэўны час пасля вайны, але сваімі адгалоскамі яна закранула і яго.
Бацька Валянціна Анатольевіча, Анатолій Антонавіч Летка, быў ветэран вайны, ваяваў у 63–ім гвардзейскім палку, вызваляў Варшаву, але да Берліна не дайшоў: быў цяжка паранены ў адным з баёў. У час бамбёжкі ён прыкрыў сабой маёра, і той у знак удзячнасці настаяў, каб салдата разам з ім адправілі ў шпіталь у г.Горкі. Таму ваяваць у Германіі яму ўжо не давялося.
Але лёс прывёў у Германію яго сына, Валянціна Анатольевіча. Два гады, у 1972 – 74 гадах, ён нёс тэрміновую вайсковую службу ў 33-ім Берлінскім мотастралковым палку (так у мірны час стаў называцца 756-ы стралковы полк). У гэтым жа палку ў свой час служылі і праславілі яго М.В.Кантарыя і М.А.Ягораў. Іх подзвіг вядомы практычна кожнаму. Гэтыя легендарныя разведчыкі 30 красавіка 1945 года ўзнялі сцяг Перамогі над рэйхстагам.
У палку сваю гісторыю ведалі і шанавалі. Быў аформлены спецыяльны стэнд, баявы лісток часці, і кожны салдат, як жартуе Валянцін Анатольевіч, мог расказаць біяграфію сваіх герояў-аднапалчан на памяць.
А ў 1973 годзе В.А.Летку ўдалося ўбачыць Кантарыя ўжывую. Ён спецыяльна прыязджаў у Германію на святкаванне 30-годдзя палка.
У тыя часы нельга было пісаць у пісьмах аб дэталях вайсковай службы, таму толькі дэмабілізаваўшыся, пры размове з бацькам Валянцін Анатольевіч высветліў, што служылі яны ў адной дывізіі, толькі палкі былі розныя.
І вось нядаўна, 30 красавіка, у адной з перадач успаміналася пра гэты дзень у гісторыі, як 65-годзе з дня ўзняцця пераможнага сцяга над берлінскім рэйхстагам, пра Ягорава і Кантарыя. Гэтыя ўспаміны ўзрушылі В.А.Летку, і ён захацеў падзяліцца імі з чытачамі нашай газеты.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *