Сеяльшчыца. Фота з сямейнага альбома Ніны Марцуль

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Дваццацігадовы чытач, пэўна ж, і не здагадаецца, што робяць жанчыны на гэтым фотаздымку. Хаця ён не такі ўжо і стары, можа, саракагадовай даўнасці.

— Мы з Надзеяй Канецкай загружаем насенным збожжам сеялку, — тлумачыць мая суразмоўца Н.Е.Марцуль. Удзвюх мы гартаем яе сямейны альбом. Шукаем у ім зусім іншыя фотаздымкі, ваеннай пары, бо я збіраюся пісаць пра яе лёс у акупацыі. І раптам на вочы 85-гадовай жанчыне трапляе вось гэты. Яна ажыўляецца.
— Цяпер жа якраз сеюць азімыя? – пытаецца.
— Ды пасеялі ўжо! Цяпер сяўба хуткая.
— То ці ж дзіва? Такая тэхніка, такія сеялкі! Мінулай восенню, помню, выйшла ў агарод, да дубка, што пасадзіў нябожчык – муж. За тым дубком – поле, трактарыст Віктар Каваленя якраз і сеяў там.
— Без сеяльшчыц, бачыце, Емяльянаўна, упраўляюся! – крыкнуў мне з кабіны трактара. А потым спыніўся: “Падыдзіце, паглядзіце: ўсё, што вы ўручную рабілі, цяпер аўтаматыка робіць, яна і сочыць за ўсім”.
Падышла. І аж падзівілася: не сеялка, а цуд. Усё трактарысту на прыборах паказана, і як зерне сыплецца, і які высеў яго.
Залюбавалася проста. А сама ранейшае ўспомніла.
Я і з Віктарам Каваленем сеяла, і з намнога старэйшымі за яго трактарыстамі – з той самай пары, як толькі сеялкі ў калгасе з’явіліся. Былі яны спачатку з жалезнымі коламі. Усё мы ўручную рабілі: загружалі сеялку, норму высеву ўстанаўлівалі… чым бы вы думалі? Круцялём з саломы. Абкруціш яго вакол кола і сочыш, дзе знакі пакідае, і колькі на той знак зерня высеялі. У торбачках яго адважвалі, а поле крокам адмервалі.
Гэта былі 50-я гады. А потым ужо і агрэгаты іншыя пайшлі, і нормы высеву завадскія ўстанаўліваліся. Усё роўна сеялку ўключалі мы, жанчыны, і маркёры ўручную пераводзілі. Бяжыш у канцы гона, каб закінуць той маркёр, і стараешся на хаду зноў скочыць на прыступку сеялкі. Мяшкі ўручную загружалі. Удзвюх з Надзеяй падымаеш іх – спачатку на прыступку , потым наверх, там ужо развязваеш і высыпаеш.
Нялёгка было. Трактарыст спяшаецца, ды і мы таксама: хутчэй пасееш – больш заробіш, ды і ўродзіць лепей. Калі суха, то за пылам нічога не відаць. Нам во такія, як на здымку, акуляры выдавалі, халаты. Бо і збожжа ж пратраўленае было, едкае.
Я, сеячы з году ў год, ужо ўсе тонкасці гэтай работы ведала. Пільнасць ого якая была патрэбна! Не дай Бог, сапсуецца сеялка сярод поля, не паспееш яе выключыць, то насыплецца зерня, а потым на гэтым месцы цэлыя купіны жыта ўзыйдуць. Помню, прыехала ў поле начальства і махае рукамі: спыняйцеся! Трактарыст азіраецца, а я яму крычу, каб ехаў у канец. Бо хоць і ўключыш сеялку, усё роўна на цэлы крок недасевак будзе. Па руні хадзілі з фартукамі, засявалі такія “лысіны” і вакол крушняў абсявалі.
… У жынчыны гэтай, калгасніцы колішняга калгаса “Чырвоны Кастрычнік” (цяпер СВП «Агра – Мір»), цэлы стос грамат за старанную працу. У тым ліку – і за сяўбу. І няхай сабе паняцце “сеяльшчыца” адышло ў нябыт, для яе яно і сёння значыць многа.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *