Сельская гаспадарка Бераставіччыны мадэрнізуецца

Лента новостей

Ва ўсім свеце інвестыцыям надаецца вельмі вялікае значэнне. Яны выгадныя абодвум бакам – і тым, хто ўкладвае свае грошы, і таму, хто мадэрнізуе, напрыклад, сваю вытворчасць. Некаторыя краіны ўжо зрабілі вялікія поспехі ў гэтым. Напрыклад, Кітай будуе заводы ў самых розных канцах свету і пастаянна шукае новых партнёраў. “Лёгкія на пад’ём” кітайцы бачаць сваю выгаду і прадпрымаюць канкрэтныя крокі па рэалізацыі магчымасцей.
Наша краіна павялічвае экспарт харчовай прадукцыі. Такое павелічэнне немагчымае без сучасных тэхналогій. Таму сельская гаспадарка мае ў мадэрнізацыі асаблівую патрэбу. Сёння ўжо ўсе разумеюць перавагу, напрыклад, малочнатаварных комплексаў перад ранейшымі фермамі, дзе і аператараў патрабавалася значна больш, а значыць, больш грошай ішло ім на зарплаты. Ды і нарошчваць аб’ёмы прадукцыі было амаль немагчыма.
Мадэрнізаваць можна любую галіну. У РУСП “Масаляны” зараз вядзецца мантаж сучаснага КЗСВ -30 “ЛідАрай” (на здымку). Да гэтага часу тут абыходзіліся старой польскай сушылкай М – 819. Яна яшчэ служыць, але ў гаспадарцы ўдала скарысталі магчымасць і па лізінгу прыкладна за паўтара мільярда рублёў купілі новую. Выплачваць грошы за яе прыйдзецца на працягу пяці гадоў, але лізінг больш выгадны за крэдыты. Можна разлічваць і на тое, што інфляцыя ўсё ж абясцэніць вялізную суму. А яшчэ вельмі важны фактар, што пры ўвядзенні новага абсталявання значна скарачаюцца выдаткі. Новая сушылка спажывае менш паліва. Як і старая, яна працуе на газу, але больш эканамічная. У яе большыя магчымасці. Сучасны зернесушыльны комплекс даводзіць, напрыклад, за гадзіну да нормы 30 планавых тон пшаніцы вільготнасцю 19%, а з вільготнасцю 14% — яшчэ хутчэй.
А ў СВК імя Варанецкага працягваюць рабіць стаўку на развіццё жывёлагадоўлі. Тут будуюцца два цялятнікі па адкорму буйной рагатай жывёлы на 280 месцаў кожны (на здымку). На гэта выдзелена 300 мільёнаў з абласнога бюджэту, укладваюцца таксама і ўласныя сродкі.
— Інвестыцыі, якія б яны не былі, уласныя сродкі, лізінг, крэдыт – вельмі добра для гаспадарак, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райаблвыканкама, начальнік аддзела эканомікі і ўліку Віталій Сяўко. — Больш будзе грошай, можна будзе павялічыць заробкі людзям. А калі б прыходзілі і замежныя інвестары, таксама было б добра ўжо таму, што ўкараняліся б самыя сучасныя перадавыя тэхналогіі.
Вывад такі: каб мець, трэба ўкладваць. На гэта заўсёды рабілі стаўку гаспадарлівыя людзі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *