Сезон нарыхтоўкі садавіны пачаўся ў садзе СВП “АграМір”

Лента новостей

IMG_3502IMG_3491IMG_3494IMG_3539IMG_3501IMG_3550 1IMG_3563IMG_3517Нізка пакланіцца трэба сапраў­дным падзвіжнікам – тым людзям, якія зрабілі ўсё магчымае, каб на Бераставіччыне быў такі цудоўны і сучасны сад. Ён прываблівае вока, калі едзеш паблізу, зачароўвае, калі трапляеш у гэты райскі куточак. Працаўнікі СВП “АграМір” могуць ганарыцца, што ў іх ёсць адметны ўчастак “АграСад”. А вырошчваюць тут чорныя сакавітыя парэчкі, буйны салодкі агрэст, духмяную маліну, што растае ў роце, карысную для здароўя аронію і яблыкі позніх гатункаў, якія пры захоўванні зімой толькі ўзбагачаюць свой смак. З сыравіны СВП “АграМір” Гродзенскі кансервавы завод выпускае натуральны сок. Той, хто паспрабаваў сок з ароніі і яблыкаў з мякаццю, упэўнена, будзе “галасаваць рублём” менавіта за гэты натуральны і карысны прадукт. Аронія асабліва карысная пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, урачы рэкамендуюць яе многім пацыентам з павышаным ціскам. А натуральны сок з бераставіцкай сыравіны лёгка дасць фору “адноўленым сокам з канцэнтратаў”, прывезеным здалёк.
Нашы аграрыі спаўна ўнеслі свой уклад у дзяржаўную комплексную праграму развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011 – 2015 гады. Развіваючы такую галіну ў Беларусі, можна будзе ў многім замясціць імпарт, напрыклад, зменшыць вялікую колькасць яблык, якія ўвозяцца да нас. І карысць ад гэтага будзе несумненная – нашы садаводы выкарыстоўваюць значна менш хімічных апрацовак пры вырошчванні, а значыць, айчынная прадукцыя больш экалагічная і бяспечная для здароўя дзяцей і дарослых. Калі ў заходніх краінах апрацовак праводзіцца да 20-ці за сезон, дык у нас ад 8-мі да 10-ці, або нават яшчэ менш, гаворыць аграном-садавод участка “АграСад” Андрэй Кучун. Два маладыя аграномы паспяхова працуюць у садзе – ён і Юлія Гетнер. Андрэй закончыў Навагрудскі аграрны каледж, два гады працаваў у Мінскай вобласці па размеркаванні, а затым даведаўся, што на Бераставіччыне патрабуюцца спецыялісты для работы ў садзе. Тут яму вельмі спадабалася, і зараз ён аддае ўсе сілы, каб сад квітнеў, шчодра пладаносіў, радаваў лю­дзей. А аб’ём работы вялікі – участак займае амаль 200 гектараў агульнай плошчы, і трэба ўсё добра дагледзець. Чорная парэчка размяшчаецца тут на 80-ці гектарах. Зараз самы сезон для яе. На жаль, спёка паўплывала на сёлетні ўраджай, ягады не такія буйныя, як летась. А штучны “кропельны” паліў па заходняй тэхналогіі ў нас не прадугледжаны, расказвае аграном-садавод. Тэхналогія такая вельмі эфектыўная, але пацягне за сабой вялікія выдаткі. І ўсё ж мне давялося ўбачыць, колькі жыхароў Бераставіччыны пабывала ў садзе. Яны прыйшлі сюды па аб’яве – хто збіраў парэчкі сам, хто купляў сабраныя. З поўнымі вёдрамі ішлі людзі задаволеныя. Некаторыя жанчыны дзяліся рэцэптамі, як захаваць вітаміны ў парэчках нават да наступнага сезону. Самы аптымальны варыянт на думку многіх – не варыць варэнне, а замарожваць каштоўныя і смачныя ягады. Яны тады робяцца больш салодкімі. Дарэчы, культурныя гатункі Памяць Вавілава, Купалінка, Кацюша і іншыя айчыннай селекцыі, якія вырошчваюцца ў садзе, вельмі для гэтага падыходзяць. Прыемна было бачыць, як паважна рухаецца паміж кустамі чорных парэчак імпартны ягадаўборачны камбайн. За рулём трактара МТЗ-82 вопытны механізатар Ігар Вяргейчык, а сочыць пільным вокам за вытворчым працэсам малады садавод Мікіта Мажэйка. Ён гэтай вясной закончыў Ляхавіцкі аграрны каледж і таксама выбраў Бераставіччыну. Юнак кантралюе, як ідзе ўборка, а парэчкі, як пацеркі, сыплюцца ў спецыяльную высокую ёмістасць. Такі камбайн з поспехам прымяняецца і на зборы агрэсту. Агрэст буйны, спелы, салодкі, пасаджана яго да гектара. Гатункі яго – Машэка і Рывонт. Адразу відаць, што селекцыянеры пастараліся на славу. Агрэст таксама ахвотна купляюць.
А асабліва ўражвае ў садзе ўчастак з малінай. Духмяны водар ахоплівае адразу, калі зойдзеш сюды. Маліны пасадзілі адзін гектар. Гатункі тут Бабіна лета і Харытэдж. Маліна – ягада “элітная”, далікатная, збор будзе толькі ручны, адзначае малады спецыяліст, аграном-садавод Юлія Гетнер. Прафесію яна выбрала “спантанна”, але выбар аказаўся вельмі ўдалым. Дзяўчына ўжо падмацавала сваю вышэйшую агранамічную адукацыю практычным вопытам, і вельмі задаволена, што працуе ў такой перспектыўнай галіне. Маліна яшчэ не саспела, толькі месцамі выглядаюць з зялёнага лісця чырвоныя яркія прывабныя агеньчыкі. Пладаносіць яна доўга, а смак яе сапраўды казачны, ён адрозніваецца і ад лясной, і ад той ранейшай, што вырошчвалася на прысядзібных участках. Думаецца, што і на маліну знойдзецца шмат пакупнікоў, яна таго вартая.
Яблыні займаюць у садзе 76 гектараў. Вырошчваюцца тут гатункі Беларускі салодкі, Імант, Дарунак, Алеся, Поспех і іншыя. Усе яны познія, захоўвацца будуць добра.
Аграномы-садаводы гавораць, што кожная культура патрабуе вялікага клопату і любіць добрыя рукі. Некалькі менш капрызная аронія, бо яна больш дзікая. Сезон для яе прыйдзе прыкладна ў канцы жніўня, а ўбраць трэба будзе 17 гектараў.
Механізатар Валерый Бучылка – вопытны работнік, працуе тут на трактары МТЗ-82. Усе даручаныя работы выконвае якасна. Рабочыя ўчастка, жанчыны на зборы парэчак вельмі стараюцца. А вартаўнік Надзея Томаш нядаўна прыехала з “гарачай кропкі” ва Украіне. На маё пытанне, як ёй у нас падабаецца, жанчына з удзячнасцю адказала: ”Тут выдатна!”
Юлія Гетнер вельмі цёпла выказалася і пра кіраўніцтва гаспадаркі, і пра калектыў участка “АграСад”. Людзі робяць агульную важную справу, іх аб’ядноўвае любоў да жывой прыроды, ды і ствараюць яны сваімі рукамі такую прыгажосць!
— Кожны з працаўнікоў як мага лепш выконвае свае абавязкі, нічога ім і казаць не трэба, — з задавальненнем адзначае Юлія.
Вядома, сад патрабуе шмат карпатлівай працы і немалых выдаткаў. Садаводства ва ўсім свеце – справа няпростая, але прыбытковая. Як прыемна бачыць плён руплівых рук! Сучасныя эфектыўныя вытворчыя тэхналогіі і “чалавечы фактар” – залог далейшых здабыткаў. Няхай прыгажэе сад з кожным годам і багацее СВП “АграМір”!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *