Свінагадоўчаму комплексу ў КСУП “Пагранічны-Агра” — 35 гадоў

Лента новостей

Свінагадоўля – традыцыйная і выгадная для нашых суайчыннікаў справа. Але калі раней у нас вырошчваліся свінні звычайных тлустых парод, дык зараз робіцца стаўка на запатрабаваныя мясныя беконныя. Распаўсюджванне на айчынных комплексах і фермах атрымалі перспектыўныя пароды ландрас, йоркшыр і дзюрок з выдатным генетычным патэнцыялам. Яны дазваляюць атрымліваць прывагі да 900 грамаў пры не самых высокіх выдатках. Таму ў краіне дзейнічае дзяржаўная праграма развіцця свінагадоўлі, якая прадугледжвае ў бліжэйшыя гады павелічэнне агульнага пагалоўя амаль на трэць і пашырэнне экспарту з яго дыверсіфікацыяй. Шукаюцца новыя рынкі збыту, адкрываюцца ў рэспубліцы новыя свінакомплексы.
А на Бераставіччыне ў лютым гэтага года калектыў свінагадоўчага комплексу ў КСУП “Пагранічны-Агра” сустрэў адметную дату – 35-годдзе з дня адкрыцця аб’екта. Пагалоўе на комплексе зараз – 21664 свіней, а валавая прывага за мінулы год дасягнула 3046 тон. Утрымліваецца жывёла па сучасных тэхналогіях на сухім корме. Зайсці на такі важны жывёлагадоўчы аб’ект пабочным асобам нельга. Парадку і строгага выканання санітарных правіл патрабуе само жыццё – нельга дапусціць, каб сюды пранік узбуджальнік страшнага захворвання жывёлы – афрыканскай чумы свіней. У многіх суседніх краінах вытворцы ўжо панеслі вялікія эканамічныя страты ад яе. Найлепшы метад змагання з такой бядой – прафілактыка, бо лячэння ад каварнага захворвання папросту не існуе.
Калектыў на комплексе дружны, людзі разумеюць, як важна, каб такая выгадная вытворчасць жыла і развівалася.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *