Святкавалі Купалле ў Макараўцах


Купалле — гэта адно з самых старажытных і прыгожых беларускіх народных святаў. Прыпадае яно на летнюю пару года, на час найбольшага росквіту прыроды, паспявання збожжа, уборкі сена і з’яўляецца адным з  любімых святаў нашага народа, у тым ліку і на Бераставіччыне. Паводле старадаўніх народных паданняў, у купальскую ноч нібыта ажывае ўся прырода — звяры, птушкі, дрэвы, травы размаўляюць між сабою; адкрываюцца скарбы, а недзе ў лесе, у самым гушчары, цвіце чароўная папараць-кветка; і той, хто знойдзе яе, будзе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. І многія людзі яшчэ і сёння вераць у гэтыя міфалагічныя паданні, у якіх адлюстраваны спрадвечныя людскія мары аб шчаслівым жыцці.
Святкаванне Купалля традыцыйна ладзіцца і ў Макараўцах.  Свята карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў, а ў гэтым годзе яно прайшло з асаблівым размахам. 9 ліпеня ў ваколіцы за вёскай, на спецыяльнай пляцоўцы сабраліся і дарослыя, і дзеці. Цікавую абрадавую праграму падрыхтавалі сумесна Макараўскі Дом нацыянальных культур, Лішкаўскі клуб-музей і Канюхоўскі сельскі Дом культуры. Беларускія народныя песні, абрадавыя гульні, пошук папараць-кветкі – усё гэта было на свяце. Сваёй прысутнасцю жыхароў і гасцей Макараўцаў парадавалі Купала і Купалінка,  народны ансамбль польскай песні “Стокроткі”.
Адкрываючы тэатралізаваную  праграму, намеснік старшыні СВК “Макараўцы” Я.Ч.Сарасек павіншаваў усіх са святам і пажадаў цудоўнага адпачынку.
Купалле заўсёды мае  грамадскі, калектыўны характар, бо ў ім ўдзельнічае мноства людзей. Не абыходзіцца яно і без сумеснага пачастунку. І на гэты раз мясцовыя гаспадыні частавалі прысутных сваімі найлепшымі стравамі.
І вядома, якое ж Купалле без купальскага вогнішча –сімвала ачышчэння ад розных  хваробаў і няшчасцяў.  Яно палыхала за Макараўцамі вышынёй больш за 3 метры.
Потым свята працягвалася дыскатэкай, на якую кіраўніцтва гаспадаркі  спецыяльна запрасіла ансамбль з Гродна.
Як расказала намеснік старшыні СВК “Макараўцы” па ідэалагічнай рабоце А.М.Капіца, было зроблена ўсё, каб свята ўдалося і прынесла задавальненне  прысутным. Спецыяльна былі запрошаны на выязны гандаль індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прывезлі поп-корн, салодкую вату, паветраныя шары і шматлікія дзіцячыя цацкі (на здымку). Вельмі шырокі асартымент  кандытарскіх вырабаў і іншых прадуктаў харчавання прадставіла і Бераставіцкае райспажыўтаварыства, прычым, гандаль вёўся да самага заканчэння мера-прыемства, за гэта прадаўцам шчыра дзякавалі ўсе прысутныя.
Купальская ноч, напоўненая таямнічай атмасферай свята, парадавала                ўдзельнікаў мерапрыемства і падарыла ўсім цудоўны настрой.
Ірына МІКЛАШ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *