Свята да Дня пажылых людзей прайшло ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

У пятніцу, 30 верасня, у зале РДК панавала надзвычай цёплая, душэўная атмасфера. Яе запоўнілі самыя паважаныя жыхары раённага цэнтра—пенсіянеры, ветэраны працы, якія былі запрошаны сюды на ўрачыстасць, прысвечаную Дню пажылых людзей.
З прывітальнымі словамі да ўсіх звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Віктаравіч Пісарык. І падзякаваў за той вялікі ўклад, які яны ўнеслі ва ўмацаванне эканомікі раёна, у выхаванне падрастаючага пакалення, у ахову здароўя насельніцтва… Старшыня раённага Савета шчыра і сардэчна павіншаваў прысутных з Днём пажылых людзей, пажадаў ім моцнага здароўя і даўгалецця.
А на сцэну, пад гукі прыгожай мелодыі, запрашаюцца сямейныя пары, якія пражылі разам 50 гадоў. Залатое вяселле адзначаюць Аляксандр Аляксандравіч і Алена Уладзіміраўна Верамейчыкі, Ніна Пятроўна і Сяргей Іванавіч Лазарчыкі, Евангеліна Пятроўна і Алег Анціпавіч Далініны, Валянціна Вячаславаўна і Вацлаў Часлававіч Рукшы, Марыя Антонаўна і Іосіф Андрэевіч Ігнацікі, Рамуальда Антонаўна і Іосіф Юзэфавіч Ігнатовічы, Яўгенія Міхайлаўна і Міхаіл Іванавіч Леські. Пра кожнага з іх, пра іх сем’і з павагай гаварыліся цёплыя словы.
—Залатыя юбіляры занесены ў Ганаровую юбілейную кнігу аддзела ЗАГС райвыканкама, —сказала начальнік гэтага аддзела С.Р.Степанчук. Яна сардэчна павіншавала сямейныя пары з такой цудоўнай датай у іх жыцці і ўручыла ім юбілейныя пасведчанні аб заключэнні шлюбу.
Юбілярам былі паднесены шыкоўныя букеты кветак і падарункі ад калектываў, з якіх яны пайшлі на заслужаны адпачынак.
Ушаноўваліся на свяце і ветэраны працы. Яны запрашаліся на сцэну, пра іх працоўную дзейнасць расказвалі вядучыя свята. А кіраўнікі калектываў, дзе працавалі гэтыя шаноўныя людзі, з павагай і пашанай паднеслі ім падарункі.
Свята суправаджалася песнямі, якія цудоўна выконвалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры. Яно прайшло на адным дыханні, атмасфера ў зале панавала цёплая, сардэчная, душэўная. Яна кожнаму падарыла прыемны настрой.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *