СВК «Макараўцы»: Мэта — развівацца дынамічна, багацець

Лента новостей

У СВК «Макараўцы» шмат значных дасягненняў, якія павялічваюцца з кожным годам. Тут моцная агранамічная служба, вопытныя механізатары, якія складаюць сапраўдны “касцяк” любой паспяховай гаспадаркі. Парадавала ўраджайнасць збожжавых – 63,4 цэнтнеры з гектара (у бункернай вазе), больш нарыхтавалі ў гэтым годзе травяных кармоў. Валавы збор рапсу ўзрос на 17%, кукурузы на 41%, цукровых буракоў на 32%. За 10 месяцаў заданне па росту валавой прадукцыі 108,6% перавыканана і склала 110,9%.
Стаўка робіцца і на жывёлагадоўлю. За 10 месяцаў па гаспадарцы на 2% больш атрымана малака, а на малочнатаварным комплексе “Лішкі” паказчык склаў 7%. Утрымліваецца 1165 галоў буйной рагатай жывёлы, 545 дойных кароў. Брыгадзір Марыя Ганчар умее заахвоціць свой калектыў у працоўных здабытках. Валавы надой дасягнуў 2990 тон, а надой на карову — 5890 кілаграмаў. Вышэйшым гатункам і “экстрай” здалі 84,3% малака.
Будуецца ў сельгаскааператыве за крэдыт і новы малочнатаварны комплекс на 777 галоў дойнага статку. Яго плануюць увесці ў эксплуатацыю ў маі 2013 года. Ужо асвоена 30 мільярдаў беларускіх рублёў. Там будзе сучасная даільная зала і выдатныя магчымасці атрымліваць самую якасную сыравіну.
У сельгаскааператыве набываюць тэхніку, а ў наступным годзе плануюць будаваць новы зернесушыльны комплекс.
Галоўнае багацце гаспадаркі – людзі. Вельмі добра праяўляюць сябе тут спецыялісты, маладая вясковая інтэлігенцыя. Менавіта такое прыемнае ўражанне склалася ў мяне ад знаёмства з вядучым аграномам Сяргеем Дамастоем. Ён закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і працуе з 2006 года. Сяргей – сапраўдная правая рука галоўнага агранома. Поўная хімічная апрацоўка раслін, ахова іх ад шкоднікаў і захворванняў, дэзінфекцыя складоў – гэта яго справа. Ён вельмі граматны і адказны спецыяліст, і стараецца, каб прымнажаліся здабыткі гаспадаркі. Сяргей цікавіцца ўсім новым і перадавым. Ён ажаніўся з прыгожай мясцовай дзяўчынай, сям’і далі асабняк, дзе падрастаюць зараз двое дзетак. Сяргей добры сем’янін. Нават калі вельмі стоміцца на працы, у выхадныя дні імкнецца паехаць са сваімі дзецьмі ў заапарк, аквапарк. Ён заслужыў шчырую павагу сярод людзей.
Нельга не сказаць самых цёплых слоў і пра старшыню гаспадаркі Мікалая Лохмана. Яго дзелавыя якасці таленавітага кіраўніка ўдала спалучаюцца з камунікабельнасцю, дапамагаюць яму ў паўсядзённай працы. Калектыў працуе як зладжаны канвеер, у ім пануе спрыяльны мікраклімат, заахвочванне ў далейшых здабытках для агульнай скарбонкі і кожнага працаўніка. Моцнага здароўя, прыемнага настрою, бадзёрасці, шчасця, поспехаў, удачы членам сельгаскаператыва і іх сем’ям!

На здымках: старшыня СВК “Макараўцы” Мікалай Лохман і механізатар Станіслаў Вярышка на жніве; вядучы аграном Сяргей Дамастой; брыгадзір малочнатаварнай фермы “Лішкі” Марыя Ганчар; галоўны бухгалтар Алена Жвалеўская

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *