Свет захапленняў Вольгі Ігнатовіч: на тканіне нараджаецца карціна…

Лента новостей

Нітачка да нітачкі, крыжык да крыжыка і на тканіне адзін за другім з’яўляюцца ўзоры, якія, спалучаючыся разам, ствараюць цудоўную карціну, якая здаецца толькі што выйшла з-пад пэн­дзля мастака. Менавіта такое ўражанне склалася ў мяне, калі я ўпершыню ўбачыла вышываныя работы Вольгі Ігнатовіч.
Я заўсёды захапляюся людзьмі, якія не толькі бачаць прыгажосць вакол сябе, але яшчэ і ўмеюць стварыць яе сваімі рукамі. А работы Олі выглядаюць як сапраўдныя карціны і, без сумнення, змогуць упрыгожыць інтэр’ер любога дома. І як ні дзіўна, стварае гэтую прыгажосць яшчэ зусім маладая аўтарка-творца, якая вышыўкай крыжыкам займаецца зусім нядаўна. А калі дакладней, то пачалося гэта захапленне ў Олі тры з паловай гады назад. Тады яна яшчэ вучылася на педагагічным факультэце па спецыяльнасці пачатковая адукацыя і сацыяльная педагогіка Гродзенскага ўніверсітэта і на практычных занятках атрымала заданне стварыць які-небудзь выраб сваімі рукамі. Дзяўчына ўспомніла, што дома ў іх захоўваюцца вышываныя абрусы і навалачкі, якія засталіся ад прабабулі, ды і бабуля таксама вышывае. Таму Оля звярнулася да бабулі з просьбай навучыць яе гэтаму майстэрству. Паспрабаваўшы зрабіць свае першыя сцяжкі, дзяўчына адчула, што гэта тое, чым яна даўно марыла заняцца. Яна прызнаецца, што з дзяцінства хацела знайсці сабе хоббі, але не магла зразумець, да чаго ляжыць яе сэрца.
— Мама спачатку не верыла, што маё захапленне вышыўкай – гэта сур’ёзна, — гаворыць Оля. – Я вельмі актыўны чалавек, які не ўсядзіць на месцы, а вышыўка патрабуе і часу, і канцэнтрацыі. Але, тым не менш, гэты занятак стаў для мяне сапраўднай аддушынай і захапленнем.
Вядома, столькі часу, колькі хацелася б, пасвячаць любімай справе Оля не можа: у яе двое маленькіх дзяцей, якія пастаянна патрабуюць мамінай увагі. Старэйшай, Алесі, крыху больш за два гады, а малодшай, Вераніцы, яшчэ толькі два месяцы. Зразумела, што з такімі малымі дзеткамі не вельмі павышываеш, але маладая мама абавязкова знаходзіць час, каб хоць некалькі хвілін у дзень выкраіць для свайго захаплення.
— А бывае, што нават і ночы, — усміхаецца мая субяседніца. – Калі дзеці ўжо спяць, я хоць некалькі сцяжкоў-крыжыкаў, а зраблю. Бо для мяне вышыўка – гэта адпачынак, яна дапамагае мне супакоіцца, падняць настрой. І яшчэ вельмі прыемна бачыць, як з-пад тваіх рук нараджаецца прыгажосць, якая потым будзе радаваць не толькі цябе, але і акружаючых людзей.
Цяпер у Вольгі больш за 25 вышываных карцін, і кожная з іх па-свойму дарагая яе сэрцу, з кожнай звязаны пэўныя моманты яе жыцця.
-Вось гэтых лебедзяў я вышывала на 30-годдзе сумеснага жыцця бацькоў майго мужа, — расказвае і паказвае свае вышываныя карціны Вольга, — “Анёла Ахоўніка” спецыяльна старалася зрабіць да хрышчэння малодшай дачушкі Веранікі, каб у яе быў свой абраз, а гэта вось вышываная метрыка Алесі.
Дарэчы, вельмі многа дзіцячых метрыкаў Оля вышыла ў падарунак сябрам.
На маё пытанне, колькі часу трэба адвесці на стварэнне адной карціны, дзяўчына адказала, што гэта вельмі індывідуальна.
— Вось, напрыклад, “Ружы” вышы­валіся на одным дыханні – за ты­дзень, а вось над складаным сюжэтам “Кафэ” давялося папрацаваць чатыры месяцы.
Асаблівыя надзеі ў Вольгі звязаны з карцінай “Домік”, якую яна вышывала па прыкмеце: ёсць у вышывальшчыц такое павер’е, што калі вышыты домік падобны на карціне на жылы, то гэта дапамагае набыць уласнае жыллё. А для маладой сям’і Ігнатовіч гэта праблема пакуль што вельмі актуальная.
Дарэчы, муж Вольгі Віталій падтрымлівае яе захапленне і дапамагае аздабляць яе работы прыгожымі рамкамі. Спадзяецца Вольга, што праз пэўны час яна зможа перадаць сваё захапленне і дачушкам.
А яшчэ у яе ёсць творчая мара: калі малодшая дачка крыху падрасце, вышыць сямейны партрэт, зрабіўшы схему па фотаздымку. Для Вольгі сям’я – гэта самае галоўнае ў жыцці. І яе вышываныя карціны гэта пацвярджаюць. Бо праз іх сюжэты яна паказвае каштоўнасць сям’і, кахання, вернасці і мацярынскай любові.
Ірына Міклаш, фота аўтара
і з архіва сям’і Ігнатовіч



4 комментария по теме “Свет захапленняў Вольгі Ігнатовіч: на тканіне нараджаецца карціна…

  1. КЛАСС и очень важно,что в роду есть продолжение этого творчества;правда уже черезпоколение,НО ЕЕЕСТЬ !!!!!

  2. Огромное спасибо журналисту за замечательную статью о моей сестре! Вы еще не видели работы,которые она мне подарила!

  3. огромное спасибо Ирине Миклаш за замечательную статью!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *