“Сваім жыццём задаволена…”

Лента новостей Человек и его дело

IMG_4245Пагутарыць з вясковымі жанчынамі заўсёды цікава і прыемна. Вось і намеснік галоўнага бухгалтара СВК “Макараўцы” Зоя Лоскат сціпла і нешматслоўна расказала мне пра сябе, але адразу можна было заўважыць, што чалавек яна неардынарны. Некаторыя людзі прытрымліваюцца своеасаблівага меркавання, што ў кожнага з нас ёсць свой лёс, і часта з ім не вельмі і “паспрачаешся”. А на прыкладзе маёй цікавай субяседніцы можна ўбачыць зусім іншае, адметнае. Ёсць сцвярджэнне нейкага выдатнага псіхолага: “Пасееш звычку – пажнеш характар. Пасееш характар – пажнеш лёс.” Вось гэта, здаецца, менавіта пра нашу сённяшнюю гераіню публікацыі.
Дзяўчына з вёскі Кудрычы на Бераставіччыне закончыла школу і марыла стаць медыкам. У прывабных юнацкіх марах бачыла сябе ў беласнежным халаціку і шапачцы, са шпрыцам у руках і з гарачым шчырым жаданнем дапамагаць лю­дзям. Але ў медыцынскае вучылішча абітурыентка не паступіла, і каб не страчваць год, падала дакументы ў бухгалтарскую школу ў Гродне. Там працавалі сапраўдныя майстры сваёй справы, і дзяўчыне нечакана прыйшлася даспадобы такая дакладная прафесія. Аказалася, што і здольнасці ў Зоі да яе былі, бо матэматыка ў школе ў яе ішла добра. Пытаюся ў Зоі Уладзіміраўны:
— Але ж многія дзеці вельмі не любяць, напрыклад, вучыць табліцу множання. А як гэта было ў Вас?
— Дык і мой сын таксама не любіў яе вучыць! Але на такі выпадак ёсць вельмі ўдалы і дзейсны рэцэпт: не хочаш, а трэба! Проста неабходна яе вывучыць! Для мяне самой гэта было не складана.
Бухгалтарскую школу Зоя закончыла на “выдатна” і ўладкавалася працаваць ў родную гаспадарку. Потым яна завочна закончыла Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхні­кум і Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Ёй хацелася рухацца далей. Вучыцца было вельмі цікава. Багаж ведаў спецыяліста зараз ўмацаваўся немалым ужо вопытам, Зоя Уладзіміраўна выдатны спецыяліст. Зай­маецца яна работай з бан­каўскімі крэдытамі сельгаскааператыва, рэалізацыяй прадукцыі гаспадаркі, часткова налічэннем падаткаў.
— Крэдыты спрыяюць развіццю вытворчасці? – цікаўлюся.
— На гэтае пытанне адкажу так: увесь свет іх выкарыстоўвае, — гаворыць Зоя Уладзіміраўна. — Такім шляхам ідзем і мы.
— А што Вам падабаецца ў Вашай прафесіі? Яна ж такая дакладная. Не здаецца Вам гэта сумным, аднастайным?
— Мне менавіта і падабаецца дакладнасць маёй прафесіі, яе “канкрэтыка”, – адказвае субяседніца. – Сумна мне ніколі не было. Я не люблю нічога такога, што “плавае”. Дакладнасць – гэта стройнасць, сістэма. Мне цікава працаваць.
Такое сцвярджэнне мне неаднаразова даводзілася чуць ад прадстаўнікоў прафесій, якія “творчымі” не назавеш. Але бухгалтары і эканамісты таксама адчуваюць ад занятку свайго жыцця шчырае маральнае задавальненне, бо выконваюць яго з любоўю, стараюцца ўсё зрабіць, як мага лепш. У іх таксама, як і ў паэтаў і музыкантаў, у вачах загараецца агеньчык зацікаўленасці, калі гаворка заходзіць пра іх любімую прафесію.
А ў вольны час Зоя Уладзі­міраўна любіць ствараць прыгажосць каля свайго дома. Яна вельмі любіць кветкі, стварае для сваёй сям’і “райскі куточак”. Ружы, лілеі – яе любімыя кветкі. Ёсць у яе і “браты нашы меншыя”. Гэта два сабакі і кот, кожны са сваім характарам. Гаспадыня вельмі любіць жывёлу. Кот пародзісты, сапраўдны прыгажун.
— У горадзе жыць я ніколі не хацела, — сказала гэтая сяльчанка на заканчэнне нашай размовы. – Я сваім жыццём задаволена. Усё склалася вельмі добра: сям’я, дом, любімая работа, дружны калектыў.
Няхай у нас усіх гэта бу­дзе – звычайнае чалавечае шчасце.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *