Сацыяльнае партнерства СВК «Алекшыцы»

Лента новостей

IMG_0019І праца, і адпачынак людзей у полі зроку кіраўніцтва СВК “Алекшыцы”. Тут зацікаўлены, каб і старэйшаму пакаленню, і маладой змене было камфортна. Уклад кожнага чалавека ў агульную справу цэніцца і паважаецца. Людзей забяспечваюць добрым жыллём, вось і зараз шчаслівых навасёлаў чакаюць чатыры ўтульныя кватэры ў новым двухпавярховым доме. Каля яго пабудавана ўжо дзіцячая пляцоўка, а значыць, хутка яе будуць асвойваць маленькія гаспадары.

За мінулы год сярэдняя зарплата ў гаспадарцы склала каля пяці мільёнаў рублёў, у механізатараў або жывёлаводаў, напрыклад, яна яшчэ вышэйшая. Спадзяюцца добра зарабіць працаўнікі і ў час жніва. Для людзей, якія выконваюць такія напружаныя работы, гатуюцца смачныя стравы. Сакрэт мясцовых кулінараў просты: гатаваць трэба, як дома. Ёсць для сумленных працаўнікоў у СВК “Алекшыцы” і своеасаблівы дадатковы “бонус”. Кожны месяц тыя, хто не дапускаў парушэнняў дысцыпліны, атрымліваюць прадуктовы пакунак з вырабамі ААТ “Малочны Мір” і Ваўкавыскага мясакамбіната.
Сацыяльныя гарантыі замацаваны ў калектыўным дагаворы. Гаспадарка поўнасцю аплачвае пуцёўкі працаўнікам у санаторыі, каб яны маглі ўмацаваць сваё здароўе. Для людзей на працягу года арганізуюцца цікавыя экскурсіі, адметныя культурныя мерапрыемствы. Пасля паездак па рэспубліцы застаецца шмат прыемных успамінаў. А старшыня гаспадаркі Валерый Паўлюкевіч, які ў аграрным сектары працуе амаль тры дзесяцігоддзі, нядаўна атрымаў падзяку абласнога аб’яднання прафсаюзаў за дастойнае развіццё сацыяльнага партнёрства, плённае супрацоўніцтва з прафсаюзамі.
Цікава мне было паглядзець і на музейны вугалок, які стварае намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Ганна Міхаленка (на здымку). Уражвае цяжкі жалезны прас, якім карысталіся нашы прабабулі і бабулі ў вёсках і на хутарах, калі там яшчэ не было электрычнасці. Закладваліся туды маленькія гарачыя вугалькі, і трэба было быць вельмі дасціпнай модніцай, каб старанна і прыгожа адпрасаваць святочную сукенку. На музейны экспанат асабліва цікава будзе зараз паглядзець моладзі і дзецям. Увагу прыцягвае таксама карціна аднаго мясцовага аматара-мастака. Калі любавацца на яе зблізку, яна здаецца выпуклай. Таленавіты чалавек увасобіў сваю любоў да роднага краю ў яскравых фарбах. Удалая задумка стварыць музейны вугалок, хаця і невялікі, дапаможа добрай справе пераемнасці пакаленняў.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *