“Самыя заслужаныя, самыя надзейныя працаўніцы СВК «Алекшыцы”

Лента новостей

Ірына Фёдарава, Марына Багірава, Ганна Міхаленка, Тамара Харытонава, Алена Затаўка і Валянціна Сноп

Менавіта такімі словамі ахарактэрызавала прадстаўленых на гэтым фотаздымку жанчын-жывёлаводаў намеснік старшыні сельгаскааператыва “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафсаюзнага камітэта Ганна Міхаленка. Ірына Фёдарава, Тамара Харытонава, Алена Затаўка працуюць аператарамі комплекса па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы, Марына Багірава – аператар машыннага даення кароў, а Валянціна Сноп – ветэрынарны ўрач.
— Аб тым, што нашы жывёлаводы дабіваюцца добрых вынікаў у працы, заўсёды прыемна чуць і гаварыць, — адзначыла Ганна Іосіфаўна. – Тым больш гэта прыемна напярэдадні свята жанчын, таму што прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, як у мясным так і малочным цэхах, складаюць у нас большасць. І ад іх добрасумленнай працы ў многім залежыць поспех ва ўсёй галіне.
Ганна Іосіфаўна часты госць у працоўных калектывах. Яна заўсёды неабыякава ставіцца да надзённых праблем сваіх работнікаў, а да жанчын, вядома, адносіны асаблівыя, таму што яны – не толькі працаўніцы, але яшчэ і маці. Але ў гэтыя перадсвяточныя дні многія з іх самі наведаліся ў кабінет да ідэолага. І не толькі падарунак атрымалі яны тут. Для кожнага знайшліся шчырыя словы віншаванняў ад імя праўлення і прафсаюзнага камітэта, а таксама хвіліна-другая, каб пагаварыць аб справах надзённых, аб тым, што найбольш хвалюе. Кожны год па рашэнні праўлення гаспадаркі ўсім працаўніцам да свята жанчын уручаюцца каштоўныя падарункі. Гэта, безумоўна, вельмі станоўча ўспрымаецца ўсімі, садзейнічае добраму перадсвяточнаму настрою. Такія думкі мне давялося пачуць ад сваіх “гераінь” фотаздымка, а Ганна Іосіфаўна яшчэ раз павіншавала іх з надыходзячым святам. Да гэтых віншаванняў з задавальненнем далучаемся і мы. Шчырыя словы віншаванняў адрасуем таксама ўсім сельскім працаўніцам раёна.
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *