Сакрэт поспеху РУСП “Масаляны” – работа ў камандзе

Лента новостей

IMG_4882Па выніках абласнога спабор­ніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых сярод сельгасарганізацый трэцяе месца прысуджана РУСП “Масаляны”. Галоўную задачу па забеспячэнні збожжам аграрыі краіны выканалі, і нашы хлебаробы ўнеслі ў такую важную справу свой годны ўклад.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў гэтым годзе, з кожнага гектара хлебнай нівы ў РУСП “Масаляны” атрымалі 76 цэнтнераў зерня. Гэта вельмі добры паказчык на фоне рэспублікі, бо былі, на жаль, і такія гаспадаркі, дзе ўраджайнасць атрымалі ў некалькі разоў меншую. А ў РУСП “Масаляны” пастаянна паказваюць добры прыклад удалага гаспадарання. Тут з кожным годам узрастае культура земляробства, захоўваюцца сучасныя эфектыўныя тэхналогіі. Кожны працаўнік на сваім месцы ўносіць свой важкі ўклад у скарбонку дасягненняў аграрыяў, а сакрэт поспеху тут – работа ў дружнай камандзе. Кожны раз, калі мне даводзіцца бываць у РУСП “Масаляны”, я адчуваю зладжанасць калектыву, старанне і адказнасць вяскоўцаў, іх імкненне ўсё зрабіць як мага лепш, падтрымліваць адзін аднаго, бо ад гэтага залежыць іх агульны дабрабыт і далейшае эфектыўнае развіццё сельгаспрадпрыемства.
Работа механізатара па-раней­шаму застаецца адной з самых важных у аграрнай вытворчасці. Юрый Калюта пераехаў на масалянскую зямлю са Свіслацкага раёна, жонка яго працуе настаўніцай пачатковых класаў. Механізатар гаворыць, што тут яму падабаецца, на Бераставіччыне шмат увагі надаецца развіццю аграрнай вытворчасці і клопату аб людзях. РУСП “Масаляны” – моцная гаспадарка з добрай матэрыяльнай базай. За Юрыем замацаваны трактар МТЗ-1221. У той дзень, калі мне давялося пабываць у майстэрні, ён як раз рамантаваў свайго “жалезнага каня”. Вельмі прыемна было бачыць, як гэта робіць дасціпны і ўвішны чалавек. Было відаць, што ён па-сапраўднаму любіць тэхніку, клапоціцца аб ёй, каб яна доўга служыла і не падводзіла. Усе рухі Юрыя былі ўпэўненыя, у рамонце ён далёка не навічок, а рукі ў яго чулыя і ўмелыя.
Працуе механізатар на розных відах работ — культывацыі, сяўбе, нарыхтоўцы сенажу, сіласу. Кожны сезон усё выконвае якасна, з душой. У гарачую пару жніва ён працуе на камбайне “КЗС- 1218”. З усіх відаў работ цяжэйшым ён лічыць менавіта жніво. Сабраць ураджай трэба як мага хутчэй і без страт, гэта своеасаблівы вынік напружанай работы вяскоўцаў. Сучасныя камбайны ўсе з кандыцыянерамі, працаваць стала лягчэй, чым раней, але адказнасць на жніве патрабуецца ад людзей вялікая, таму гэтыя два-тры на хлебнай ніве тыдні запамінаюцца надоўга.
У РУСП “Масаляны” шчыра клапоцяцца аб людзях. Працаўнікам прадастаўляюць камфортнае жыллё. Дом спрадвеку і крэпасць, і сямейнае гняздо, дзе гучыць дзіцячы смех. Сям’я Калюта жыве ў добраўпарадкаваным доме, тут падрастае маленькая дачушка. Юрый добры сем’янін і руплівы гаспадар.
Кожны год няхай будзе ўдалым для нашых вяскоўцаў!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *