Рэцэпт шчасця Галіны Альховік

Лента новостей

Колькі разоў гутару, столькі разоў і ўпэўніваюся: жадаеце ўбачыць шчаслівую жанчыну, едзьце ў вёску. Няма ў вясковых жанчын часу “ныць” і скардзіцца на жыццё.
Павучыцца ж, як арганізаваць свой уласны жыццёвы “баланс” так, каб жыць і радавацца жыццю, падтрымліваць пазітыўны настрой, можна ў многіх нашых сяльчанак. Вось і нядаўна, калі я сустрэлася з чарговай непрыкметнай гераіняй публікацыі ў “раёнцы”, непасрэдная жыццярадаснасць так і біла ключом з гэтай увішнай і рухавай жанчыны.
— Так, гэта я, Галіна Альховік, — прадставілася з прыязнай усмешкай яна, — працую аператарам на свінакомплексе з першага дня яго адкрыцця. Я старажыл, ужо цэлых 35 гадоў тут.
Чацвёрты дзясятак на адным месцы – гэта сапраўды сур’ёзна, шчырай павагі заслугоўвае. А праца ў той жа час не самая лёгкая ў гэтай прадстаўніцы “слабога полу”. — Я родам з Гродзенскага раёна. Закончыла гандлёвае вучылішча ў Гродне і працавала прадаўцом у Бераставіцы, а потым у банку. А як адкрыўся свінакомплекс, дык і пайшла туды.
— А чаму? – пытаюся. — У банку ж работа чыстая, магчыма ж, больш прэстыжна б Вам было?
— Ну дык і што ж? А ў гаспадарцы добрыя кватэры давалі, дык і мне далі трохпакаёвую, і агарод таксама саджу. Я жыллё выкупіла.
Добрае жыллё і свой кавалачак зямлі – гэта цудоўны райскі куточак. Свіней, праўда, Галіна не трымае, зараз гэта строга забаронена. Ды і дома аператар адпачываць павінен, таму што на працы ён прафесіянал. Але ў доме і на падворку звіняць дзіцячыя галасы – самая дзіўная і радасная мелодыя ў свеце, бо субяседніца мая ўжо шчаслівая і багатая бабуля, у яе чацвёра ўнукаў. Успомніла Галіна і пра ранейшую хатнюю гаспадарку, якую калісьці трымалі ў вёсцы яе бацькі. Тых свіней, вядома, нельга і параўнаць з такімі пародзістымі, як на сучасных комплексах. Пры эфектыўных тэхналогіях жывёла “больш удзячная” да догляду, аддача ад яе адпаведная. А яшчэ адзначыла жанчына, што яна была восьмай з дзесяці дзяцей у сваіх бацькоў, і лічыць, што ёй сапраўды пашанцавала. Шчаслівы білет выпаў дзіцяці, бо нават і 58 гадоў таму, а менавіта столькі зараз нашай гераіні, такія шматдзетныя сем’і былі рэдкасцю.
За доўгі час работы на комплексе даглядала Галіна і свінаматак, і парасят. Раней парасятак сагравалі лямпамі, зараз ім утульна на спецыяльных дыванках. Цяжкай ручной работы ўжо няма, кармленне аўтаматычнае, але пільнае вока нераўнадушнага чалавека павінна сачыць за выкананнем тэхналогій, ды і інтуіцыя ў вопытнага працаўніка ўжо “на аўтапілоце”. Чым большая валавая прывага будзе на жывёлагадоўчым аб’екце, тым больш грошай прыбавіцца ў скарбонку гаспадаркі. Умеюць стварыць людзям тут і добры настрой. Згодна з правіламі, прыемна кожны дзень пачынаць выконваць свае абавязкі ў чыстым спецадзенні, якое пасля змены абавязкова мыецца. А ў абедзенны перапынак пачастуюць кухары ў сталовай смачнымі стравамі. Свініну, далікатнае і мяккае мяса, безумоўна, многія любяць.
Жыццё не песціла Галіну. Цяжка хварэў і заўчасна памёр яе муж, удава адна падымала дзяцей. Зараз яны маюць свае сем’і.
На пенсію аператар свінакомплекса магла пайсці ў 50 гадоў, для прадстаўнікоў такіх прафесій прадугледжаны льготы. Але вось ужо 8 гадоў Галіна Уладзіславаўна працягвае раненька і ахвотна збірацца на працу. Стымул працаваць у яе ёсць, ды яшчэ які – унукі! Дапамагчы дзецям ёй вельмі хочацца. А радасць якая ад сваіх малых родных крывіначак! Любая бабуля пацвердзіць, што любіш іх нават больш за ўласных дачок і сыноў, мацярынскі інстынкт мае ўласцівасць спаўна раскрывацца і квітнее ў паважным ужо ўзросце. Ды “старыя і малыя” – больш непасрэдныя, шчодра адорваюць адзін аднаго любоўю.
У Галіны Альховік – рэдкі дар. Жыццё яе нялёгкае. Магчыма, і сама яна не ведае, што ў любой жыццёвай сітуацыі інтуітыўна робіць стаўку на пазітыў, таму… яго і атрымлівае! Ёсць у яе свой адмысловы рэцэпт шчасця, дай Бог і кожнаму так.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *