Раённы семінар па жывёлагадоўлі быў праведзены на базе СВК «Алекшыцы»

Лента новостей

Вытворчасць мяса і малака вельмі важная для рэспублікі і раёна. У нас няма багатых прыродных выкапняў, таму даводзіцца займацца тым, што традыцыйна ўмеем рабіць. У большасці насельніцтва вясковыя карані, і вырошчванне і ўтрыманне жывёлы, хаця і ў прамысловых маштабах, з’ява тут прывычная. У краіне мадэрнізуюцца старыя фермы, узводзяцца новыя комплексы. Усе гэтыя меры накіраваны на забеспячэнне свайго насельніцтва якаснай мясной і малочнай прадукцыяй і павелічэнне экспарту ў блізкае і далёкае замежжа. У нашага раёна ёсць пэўныя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі – у рэспубліканскім рэйтынгу Бераставіччына адна з першых.
СВК “Алекшыцы” для правядзення раённага семінара, прысвечанага вынікам работы за 4 месяцы гэтага года, быў выбраны невыпадкова. Тут многаму можна павучыцца. У гэтым можна было ўпэўніцца ўжо з першых хвілін мерапрыемства – на зялёнай сенажаці шматгадовых траў кіпела работа. Вытворчы працэс быў па — сапраўднаму зладжаны і прыгожы, а на тэхніку і на занятых на ёй людзей можна было залюбавацца. Менавіта з нарыхтоўкі добрых кармоў пачынаюцца поспехі ў жывёлагадоўлі. Нягледзячы на шмат інавацый у параўнанні з традыцыйнымі дзедаўскімі метадамі, сучасную тэхніку і новыя тэхналогіі, бясспрэчнай застаецца старая ісціна: кароў трэба добра карміць і даіць. Цяпер пры нарыхтоўцы сянажнай масы выкарыстоўваюць кансерванты, бо інакш у вытворчых маштабах не захаваць корм, каб ён не страціў сваіх выдатных якасцей. У чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, ці бяспечная потым прадукцыя, калі рагуль кормяць такімі кармамі, таму што “хіміі” і так дастаткова ў нашым сённяшнім жыцці. Па словах спецыялістаў, баяцца гэтага не трэба, сучасныя кансерванты не ўяўляюць небяспекі для здароўя жывёлы і, адпаведна, людзей.
На комплексе па адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы ўдзельнікі семінара маглі паглядзець, як у СВК “Алекшыцы” правялі падрыхтоўку сянажных траншэй. Яны адрамантаваны, пабелены, там праведзена дэзынфекцыя, перыметр вызначаны святлоадбівальнымі стужкамі. Праведзены інструктажы па ахове працы, ёсць графік дзяжурстваў у начны час.
Цікавым атрымалася наведванне фермы “Малыя Эйсманты”. У апошні час шмат увагі надае Прэзідэнт краіны развіццю мясной жывёлагадоўлі, вытворчасці “мармуровага мяса” ў рэспубліцы. У гэтым напрамку ў СВК “Алекшыцы” актыўна працуюць не першы год. Атрыманы ўжо трэці прыплод, а ўсяго на ферме “Вялікія Эйсманты” ўтрымліваецца зараз 150 кароў разам з цялятамі. Жывёлагадоўчы аб’ект пакідае самыя лепшыя ўражанні – тут прасторная паша з вадой, цудоўнае паветра. Кароўкі і цяляты ў выдатных умовах, пасвяцца самі. Немалаважны той факт, што жывёла не адчувае стрэсаў. Цяляткі “пры мамах”. Яны напалову мясной пароды, змешаныя, але прывагі потым на комплексе даюць выдатныя.
На малочнатаварным комплексе “Алекшыцы” гутарка вялася пра тэхналогію вытворчасці. У полі зроку былі арганізацыя кармлення і ўтрымання цялушак для ўзнаўлення статка, атрыманне тэхналагічных прываг, правядзенне планавай вакцынацыі, выпайка малодзіва нованароджаным цялятам і іншае. Цікавай атрымалася прэзентацыя фірмы “Аграбіявет”. Дырэктар Андрэй Ліпчонак і ветурач Аляксандр Мысліцкі расказалі пра апошнія навінкі, якія дапамагаюць аптымізаваць вытворчы працэс і ў выніку павялічыць, напрыклад, выпуск малака гатункам “экстра”. У гэтым зацікаўлены зараз усе гаспадаркі. А Аляксандр Мысліцкі прадэманстраваў работу апарата ўльтрагукавога даследавання “Гірынга”. Кошт яго немалы – аж 118 мільёнаў рублёў, аднак знайшліся жадаючыя такую апаратуру купіць. Своечасовае даследаванне дапамагае скарачаць выдаткі і працуе на вынік.
Падвядзенне вынікаў раённага семінара таксама было адметным. Ужо 7 гадоў гаспадарка супрацоўнічае з прафесарам з Антанасам Закараўскасам. Галоўны заатэхнік Уладзімір Карытца гаворыць, што гэты дасведчаны чалавек шмат дапамог ім у складанні аптымальных рацыёнаў, дае кансультацыі. І зараз яго выступленне было запамінальным для ўдзельнікаў семінара. Пра вынікі работы за 4 месяцы і тое, што яшчэ трэба зрабіць і на што звярнуць увагу, расказалі старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Павел Буткевіч.
На здымках: у час семінара ў СВК “Алекшыцы”
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *