Работнікі культуры Бераставітчыны штодзень у творчым пошуку

Актуально Лента новостей

27У шэрагу восеньскіх святаў другая нядзеля кастрычніка прыпадае на Дзень работнікаў культуры. Заўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць людзі творчых прафесій, усе тыя, хто ўносіць неацэнны ўклад у духоўнае развіццё грамадства і папулярызацыю культурнай спадчыны краіны. На Бераставіччыне іх – звыш 170 чалавек.  Гэта людзі, якія працуюць ва ўстановах культуры раёна і, знаходзячыся ў пастаянным творчым пошуку, штодзень сваёй працай аказваюць уплыў на фарміраванне светапогляду і духоўных прынцыпаў  сваіх землякоў, нясуць у шырокія масы спрадвечныя ідэі гуманізму і прыгажосці. Чым жыве сёння культура нашага раёна?   Напярэдадні Дня работнікаў культуры – гутарка з начальнікам аддзела ідеалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама Аленай Ігнатовіч.

– Алена Уладзіміраўна, якія кірункі дзейнасці ўстаноў культуры сёння асноўныя?
25– У першую чаргу, гэта захаванне і развіццё традыцыйнай народнай культуры, самадзейнай мастацкай творчасці, патрыятычнае, духоўнае і эстэтычнае выхаванне насельніцтва. Аналіз дзейнасці ўстаноў культуры сведчыць, што яны па-ранейшаму застаюцца цэнтрамі сацыяльна-культурнага жыцця і гарадскога пасёлка, і аграгарадкоў. Іх дзейнасць па далучэнню жыхароў раёна да культуры – самай масавая і самая даступная.
– Якія змены адбыліся ў сферы культуры сёлета?
– Трэба адзначыць, што з верасня ў нас утварыліся дзве новыя юрыдычныя асобы. Гэта дзяржаўныя ўстановы культуры “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага” і “Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Такая рэарганізацыя прадастаўляе ўстановам большую творчую і гаспадарчую самастойнасць. Змяніліся назвы клубных устаноў на вёсцы – цяпер гэта філіялы па культурна-дасугавай дзейнасці раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Аднак функцыі клубных работнікаў, безумоўна, засталіся ранейшыя – арганізацыя вольнага часу насельніцтва, падтрымка і развіццё творчых здольнасцяў жыхароў раёна розных узростаў. І, да слова, магчымасць рэалізаваць сябе творча ў бераставічан і ў жыхароў аграгарадкоў ёсць. Так, напрыклад, пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, а таксама яго філіялах на вёсцы дзейнічае 121 клубнае фарміраванне, з іх для дзяцей – 71.
Яшчэ адным адметным момантам можна назваць і тое, што з пачатку года адразу два творчыя калектывы Бераставіччыны распачалі сваю дзейнасць на новым узроўні – з ганаровым званнем “народныя”. Гэта інструментальны ансамбль настаўнікаў Пагранічнага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў “Вереск” і аматарскае аб’яднанне “Вінт”. Калектывы, якія маюць званні народных і ўзорных, – у нас іх 12 – прымаюць актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна, выступаюць з канцэртамі на раённых і абласных сцэнічных пляцоўках, арганізоўваюць фестывалі, выставы і папулярызуюць сваю дзейнасць сярод насельніцтва.
З пачатку года, дарэчы, у раёне праведзена звыш тысячы культурна-масавых мерапрыемстваў. І, напэўна, ні адно з іх не абыходзіцца без выставы работ, арганізаванай аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры. Прафесіяналізм нашых майстроў неаднойчы адзначаўся на выставах-кірмашах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
– Дадатковая адукацыя дзяцей музычнай і мастацка-эстэтычнай накіраванасці прадастаўляецца Бераставіцкай ДШМ і двума яе філіяламі ў аграгарадках Пагранічны і Вялікія Эйсманты…
– Так. Менавіта гэтыя ўстановы фарміруюць музычныя і мастацкія традыцыі ў нашым раёне. Яны назапасілі багаты вопыт па выхаванню і навучанню падрастаючага пакалення. Сёння ў школе мастацтваў і філіялах навучаецца 306 чалавек. Настаўнікі, якія працуюць тут, – сапраўдныя энтузіясты і прафесіяналы сваёй справы. Яны падрыхтавалі нямала лаўрэатаў і дыпламантаў дзіцячых занальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і алімпіяд.
– Алена Уладзіміраўна, на што сёння накіравана дзейнасць бібліятэчнай сістэмы раёна?
– Сёння бібліятэка – сапраўдны асяродак інфармацыйнай культуры. Намаганні бібліятэчных работнікаў накіроўваюцца на папулярызацыю бібліятэчнай сістэмы як цэнтра падтрымкі чытання па пытаннях сацыяльна-прававой асветы, адукацыі, павышэння прафесійнай самасвядомасці насельніцтва, краязнаўчай і культурна-дасугавай дзейнасці. Бібліятэчным абслугоўваннем жыхароў Бераставіччыны зай-маюцца 12 бібліятэк, з іх – 4 інтэграваных. Колькасць чытачоў па раёне – 9336, кнігавыдача складае – 143028 экзэмпляраў, колькасць наведванняў – 63579. Усе бібліятэчныя ўстановы камп’ютарызаваныя, маюць выхад у інтэрнэт. І працуюць у іх сумленныя, ініцыятыўныя людзі, пра што сведчаць цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы і акцыі.
– А чым жыве сёння музей?
– З пачатку адкрыцця музей наведалі 1739 чалавек. Тут актыўна наладжваюцца разнастайныя выставы, рэалізуецца сумесны са школамі праект «Любі і знай радзімы край”. У гэтым годзе музей далучыўся да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», што, безумоўна, запомнілася бераставічанам.
– А што можна сказаць пра кінавідэабслугоўванне?
– Нягледзячы на тое, што сёння практычна любы фільм можна паглядзець дома, сектарам па кінавідэабслугоўванню насельніцтва абслужана 2898 гледачоў. Асаблівая ўвага надавалася фільмам беларускай вытворчасці. Падчас Тыдня культуры “Садружнасць муз”, які нядаўна завяршыўся, апрабавалі новую форму работы – кінапаказ пад адкрытым небам. Плануецца зрабіць гэтую паслугу выязной.
– У чым вы бачыце перспектыву развіцця культуры?
– Перш за ўсё, хочацца выказаць словы падзякі кіраўніцтву раёна за падтрымку нашай галіны, кіраўнікам арганізацый – за ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва. Галоўнай жа мэтай развіцця нашай сферы з’яўляецца фарміраванне адзінай культурнай прасторы, якая, з аднаго боку, грунтавалася б на традыцыях, якімі багатая бераставіцкая зямля, а з другога – была б сучаснай, інавацыйнай і перадавой. З пераходам на новыя арганізацыйна-прававыя формы ўстановам культуры трэба будзе праяўляць прадпрымальнасць, фарміраваць і актыўна прапаноўваць свае паслугі, шукаць новыя рэсурсы, пераходзіць да інавацыйных форм работы.
– Што хацелі б пажадаць работнікам культуры напярэдадні іх прафесійнага свята?
– Жадаю радасці жыцця ва ўсіх яе праявах, здароўя, аптымізму, жыццёвай энергіі, побач людзей, якія будуць натхняюць на новыя творчыя перамогі і здзяйсненні. Асаблівае дзякуй творчым моладым спецыялістам. Сёлета, у Год моладзі, я з гонарам хачу адзначыць, што ў нашых установах культуры працуюць сапраўды таленавітыя, ініцыятыўныя і энергічныя маладыя людзі.
– Дзякуй за гутарку.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара

На здымку: сёння яны – маладыя, таленавітыя, энергічныя – трымаюць высокую планку сваіх вопытных калег, рэалізуючы пры гэтым уласныя свежыя ідэі і новыя падыходы ў рабоце.
У 1-м радзе (злева направа) – Кацярына Ганчарова, Юлія Атрушкевіч, Аляксандра Каравай, Яўген Савель, Таццяна Панасюк, Алена Міхалевіч; у 2-м радзе (злева направа) – Андрэй Аруткін, Антон Бажко, Яўген Красноўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *