Пячатка Вялікабераставіцкай гміны

Из истории земли Берестовицкой Культура

Працуючы ў адным з гродзенскіх архіваў трапіў на цікавы дакумент, які змяшчае адбітак пячаткі Вялікабераставіцкай гміны міжваеннага перыяду (20-30-я гг. ХХ ст.)
Пячатка выглядала наступным чынам. Яна мела круглую форму. Па краях быў надпіс на польскай мове “Urzad gminy W.Brzostowica. Pow.Grodz.”, што ў перакладзе азначае “Праўленне гміны В.Бераставіца. Павет Гродзенскі”. У цэнтры пячаткі знаходзіцца малюнак (шчыт), на якім змешчаны выявы 5 старажытных гербаў тэрыторый, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Фактычна гэты шчыт уяўляе сабой вялікі складаны герб краіны часоў праўлення караля польскага і вялікага князя літоўскага Зыгмунта ІІ Аўгуста (Жыгімонта Аўгуста, гады праўлення 1548-1572).
Пячатка праўлення Вялікабераставіцкай гміны ў міжваенны перыяд выкарыстоўвалася для завярэння сапраўднасці розных пастаноў, актаў і іншых дакументаў мясцовага ўзроўню.
Нагадаю, што да другой сусветнай вайны Вялікая Бераставіца была цэнтрам вясковай гміны. Гміна – самая малая адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка Польшчы. З гмінаў складаўся павет. Праўленне вясковай гміны (выканаўчую ўладу) узначальваў войт.
Будынкі праўлення гміны ў іншых падобных да Бераставіцы невялікіх мястэчках звычайна размяшчаліся бліжэй да цэнтру населенага пункту (да Рынкавай плошчы). У нашым мястэчку, як ні дзіўна, ён, наадварот, знаходзіўся амаль на самым ўскрайку. Драўляны аднапавярховы будынак праўлення з вывешаным пры ўваходзе польскім дзяржаўным сцягам быў на тым месцы, дзе сёння стаіць дом па ву-ліцы Камсамольскай, 8 – гэта скрыжаванне вуліц Камсамольскай і Савецкай. Сам войт гміны з сям’ёй жыў у доме па вуліцы 1 Мая, 8 (сучасны адрас). Гэты драўляны дом захаваўся з даваенных часоў.
У склад праўлення гміны акрамя войта ўваходзілі яшчэ некалькі чалавек. Сакратаром быў Ян Алясюк (меў дзве дачкі Крысціну і Тэрэзу). Будынак яго драўлянага дому з мансардай (памяшканне пад дахам) стаяў на месцы цяперашняга дома па вуліцы Савецкай, 32. У гміне працаваў яшчэ Фелікс Боўшыц – вайсковы асаднік з-пад Бераставічанаў. Ён быў жанаты на адной з дачок Аляксандры Хвясько, уладальніцы папулярнай некалі ў Бераставіцы харчэўні, якая размяшчалася пры Рынку (плошча ў той час) мястэчка побач з будынкам былой ратушы. А вось яго родны брат, па мянушцы “Цыпа”, таксама асаднік, быў не жанаты. Штодня Фелікс Боўшыц на веласіпедзе ездзіў на працу ў мястэчка. Праўдападобна, што ў праўленні ён займаў пасаду пісара.
Сяргей Лушчык, г. Гродна



1 комментарий по теме “Пячатка Вялікабераставіцкай гміны

  1. Растлумачу.У цэнтры пячаткі змешчаны наступныя сімвалы.
    Уверсе злева ”Белы арол” – герб кароннай Польшчы. Справа “Пагоня” (вершнік на кані з мячом і шчытом) – герб Вялікага Княства Літоўскага. Дзве гэтыя раней самастойныя краіны (Польшча і Літва) спачатку пасля Крэўскай вуніі 1385 г. аб’ядналісь ў адзіны ваенна-палітычны (дынастычны) саюз, а пазней ўтварылі адну вялікую дзяржаву пад назвай Рэч Паспалітая Абодвух Народаў з адзіным Сеймам і Сенатам. Гэта адбылось пасля заключэння Люблінскай вуніі 1569 г.
    Ніжэй на пячатке знаходзяцца гербы трох земляў, якія таксама былі ўключаны ў склад старажытнай дзяржавы, але займалі там асобны статус – карысталісь пэўнай аўтаноміяй.
    Унізе злева герб Кіева – “Архангел Міхаіл” з крыламі за спіной у кароткай туніке, з мячом у правай руке. Узброены “Архангел” сімвалізуе перамогу дабра над злом, над пякельнымі д’ябламі на чале з Люцыферам.
    Унізе пасярэдзіне герб Жмудзі (Жамойцкага староства). Сёння гэта тэрыторыя заходняй Літвы. “Мядзведзь у срэбраным ашыйніку “, які стаіць на двух задніх лапах, азначае пакорлівасць, падпарадкаванне, пераход з паганскай веры ў хрысціянства. Вядома, што некалі працэс пераводу насельніцтва на гэтых землях у хрысціянства адбываўся з пэўнымі цяжкасцямі.
    Унізе справа – герб з прамым белым крыжом. Гэта гістарычны сімвал Валыні. У сапраўднасці герб выглядаў так: белы крыж на чырвоным полі. Белы крыж азначае прыналежнасць да хрысціянства, чысціню хрысціянскай веры. http://www.belcoins.com/numinfo.phtml?art=61
    На малюнку гміннай пячаткі (шчыце) ў самым яго цэнтры знаходзіцца яшчэ адзін невялікі шчыт. Але ніякай выявы на ім не праглядваецца. У далёкай старажытнасці на гэтым месцы ў вялікім складаным гербе Рэчы Паспалітай быў змешчаны яшчэ і сімвал роду каралевы Бона Сфорца – выкручаны вуж у кароне.
    На другім здымку ўнізе старажытная манета часоў Зыгмунта Аўгуста са складаным гербам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *