Пяцьдзясят год у каханні і згодзе пражылі муж і жонка Недасекавы

Лента новостей

Лістапад, апошні месяц восені, адлічвае свае апошнія дні. Халодны вецер здувае рэдкае жоўтае лісце з дрэваў, і прырода рыхтуецца да працяглага зімовага сну. Падворак Веры Дзмітрыеўны і Юрыя Мікалаевіча Недасекавых у вёсцы Грыцавічы ўжо не патанае ў кветках, як летам, а каля дома не прысядзеш адпачыць на гадзінку на лавачцы– холадна. Але дома цёпла і ўтульна, і першае, што прыцягвае вока, як зойдзеш у пакой, гэта абразы ў беласнежных вышытых ручніках, над якімі з любоўю схілялася з іголкай простая вясковая жанчына, магчыма, і сама гаспадыня або яе маці. На сцяне ў рамцы вялікі чорна-белы здымак маладых і прыгожых Веры і Юрыя, а побач каляровыя фатаграфіі ўнукаў, праўнукаў… Цэлае радаслоўнае дрэва пачалося з гэтых жанчыны і мужчыны, раскінула свае галінкі і дае новыя парасткі. Радасць свеціцца ў вачах гэтых сталых людзей, якія нядаўна адзначылі сваё залатое вяселле, калі яны глядзяць на дарагі “свой працяг” – шэсць унукаў, трох праўнукаў.
А пачыналася ўсё так. Вера нарадзілася ў простай сялянскай сям’і ў 1944 годзе. Дзяцей было чацвёра, да працы прывыкалі змалку, дапамагалі дарослым, інакш тады было не выжыць. Ратавала ад голаду зямля, свая гаспадарка. Калі дзяўчынцы споўнілася 9 гадоў, яе старэйшай сястры 13, а самаму меншаму браціку пайшоў другі годзік, стала яшчэ цяжэй, таму што памёр бацька. Ён ваяваў, быў паранены, зведаў палон і шмат гора, пакуль змог вярнуцца дамоў. Вера закончыла 7 класаў, і на гэтым “яе ўніверсітэты” скончыліся. Далей была толькі школа жыцця.
Працаваць цяжка, “да сёмага поту” дзяўчына вывучылася з дзяцінства, і што можна жыць інакш, нават не ўяўляла. Маці яе, адна з дзецьмі і без мужа выбівалася з сіл. Працавала яна ў тагачасным калгасе паляводам, а Веры прапанавалі пайсці ў даяркі. Было ёй 15 гадоў. Яна згадзілася.
— Як жа Вы спраўляліся? – пытаюся я.
— І чатырнаццацігадовыя работніцы былі! Даілі па 15 кароў рукамі тры разы ў суткі. Гэта была пагібель! – выказвае Вера Дзмітрыеўна свае эмоцыі. — У чатыры гадзіны раніцы пачыналі даіць, каб у шэсць выгнаць кароў на пашу. Выхадных не давалі. Каб ахалоджваць малако, ваду насілі са студні.
— Тры разы на дзень даілі па 15 кароў? Як жа Вы давалі рады? — спачуваю я ёй, успамінаючы, як нялёгка падаіць нават і адну карову.
— Рукі зводзіла! – адказвае мая субяседніца.
Але Вера была камсамолкай, і ў 17 гадоў за добрую работу ёй давялося пабываць нават у Маскве, на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі.
— Ну, і як даехалі туды? Вы ж ніколі са сваёй мясцовасці не выязджалі? – цікава мне.
— Праўда, нідзе не была. Адзін раз школьніцай па кніжкі выбралася ў Бераставіцу, дык вадзіцель аўтобуса пытаецца: «Табе ў Вялікую Бераставіцу ці Малую?» А я кажу, што ў Малую, бо падумала так: навошта мне Вялікая, я і ў Малой куплю. Дык жанчыны, што побач стаялі, сказалі яму: «Давайце ёй білет у Вялікую Бераставіцу, што яна гаворыць!» А ў Маскву я не адна ехала, а са старэйшымі даяркамі, утраіх. Дык разам даехалі і ўсё там паглядзелі. Памятаю, што ў мяне тады адна думка была – як бы мне гэта там купіць прыгожае пакрывала! З тых грошай, што па капейках назбірала…
Масква, вядома, спадабалася, уразіла нашых зямлячак.
— А застацца там не захацелася?
— Спадабалася мне Масква вельмі, — кажа Вера Дзмітрыеўна. – І ў тэатр мы схадзілі, і на Чырвоную плошчу. Але каб пераехаць з вёскі ў горад, уладкавацца жыць там, і думкі не было. Потым, праўда, не раз у Маскве бывала, як замуж выйшла. Праз гэты горад ездзілі да мужа на радзіму.
Дома тады дзяўчыну чакала каханне. На танцах пазнаёміўся з ёю кучаравы салдат з Караганды.
— Прыгожая Вера ў юнацтве была? – пытаюся я ўжо ў Юрыя Мікалаевіча.
— Вельмі прыгожая, — адказвае ён. – Таксама кучаравая, як і я. Як убачыў яе, дык і падумаў: няхай будзе мая! Адслужыў і застаўся дзеля Веры на звыштэрміновую. Мама ў мяне настаўніцай працавала, бацька быў карэспандэнтам газеты “Красная звезда”, загінуў у 1942 годзе. Маці замуж выйшла, там айчым у мяне быў. Я падумаў: куды вяртацца? Ды і застаўся.
— А вы не шкадуеце, што засталіся ў Беларусі?
— Не. Хоць там людзі зараблялі і больш, вугаль здабывалі ў шахтах, але тут такая прыгожая прырода, каханая дзяўчына. Людзі да мяне добра адносіліся, цешча будучая сустрэла як сына, палюбіла. Мы потым з ёю жылі разам, пакуль не купілі дом у калгасе, давялі яго да ладу. Я задаволены, што застаўся.
Працаваў Юрый загадчыкам фермы і вадзіцелем. Ездзіў у той час па Саюзе па машыны і запчасткі. Дапамагаў жонцы, шкадаваў яе, стараўся аблегчыць ёй працу. У “дэкрэтах” Вера так і не пабывала. Падмянялі з маці адна адну. Трымалі гаспадарку, па две — тры каровы, здавалі малако. Добра жылі, у згодзе, рабілі ўсё разам. Клапаціліся адзін пра аднаго. Трое дзетак выраслі ў гэтай выдатнай сям’і. Сын Мікалай – механізатар у СВК “Цецяроўка”, дачка Тамара – настаўніца ў Навагрудку, сын Сяргей працуе ў РУП ЖКГ. Юрый Мікалаевіч зараз на пенсіі, а Вера Дзмітрыеўна і на заслужаным адпачынку яшчэ хоча папрацаваць, пасля столькіх гадоў работы ў жывёлагадоўлі зараз яна — рознарабочая на збожжаскладзе.
— А ці сварыліся калі-небудзь? – пытаюся.
— Сварыліся, але адразу і мірыліся, — адказвае Вера Дзмітрыеўна.
— А за цэлых паўвека на іншых жанчын паглядалі? – жартую я з Юрыем Мікалаевічам.
— Паглядаў, — адказвае жартам таксама і ён. – А нашто мужчыне вочы?
Мы весела смяемся, а жонка ўносіць сваю карэктыву:
— Паглядаў! З-за работы паглядаць не было калі!
У цікавай гутарцы час ляціць хутка. Я даведваюся, што гаспадар яшчэ і стараста вёскі, сочыць за парадкам, даведваецца, якія патрэбы ў людзей, а калі меў больш сілы, яшчэ і падкошваў абочыны. Муж з жонкай шкадуюць, што не звініць больш у вёсачцы дзіцячы смех, што шмат хатаў стаяць пустыя.
— Раней жылі сціпла, але весялей было, — гаворыць Юрый Мікалаевіч. – Зараз людзі больш з тэлевізарам, камп’ютарам, кожны паасобку. А ў мяне цешча пявуння была. Разам нам добра тады жылося.
А вось што сказала пра гэтых мужа і жонку, якія паўвека пражылі ў каханні і згодзе, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Цецяроўка” Марыя Некала, якая добра ведае мясцовых людзей:
— Добрыя, сціплыя, працавітыя. Харошыя людзі Недасекавы! Каб такіх больш было!
Сапраўды, спрадвеку харошыя людзі – соль зямлі. А мне ўспомніўся яшчэ і жарт Юрыя Мікалаевіча пра вочы мужчыны. І праўда, разгледзеў чалавек сваё шчасце, дай Бог і кожнаму так.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *