Прафесар Анацэвіч з Малой Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

Прафесар Ігнат Анацэвіч зай­мае пачэснае месца ў сузор’і славутых ураджэнцаў гро­дзенскай зямлі, якія сваім талентам узбагацілі айчынную і еўрапейскую асвету і навуку. Ён з’яўляецца гонарам нашай Бераставіччыны.
У свой час гісторык і педагог Ігнат Анацэвіч быў вядомы пад псеўданімам “Жэгота з Малой Бераставіцы”. Яго сапраўднае імя – Ігнат, сын Сымона, Анацэвіч. Напісанне прозвішча, як і шмат што іншае ў яго жыцці, было незвычайным.
Ігнат Анацэвіч нарадзіўся 15 жніўня 1780 года ў Малой Бераставіцы. У той час Малая Бераставіца ўваходзіла ў склад Гродзенскага павета Трокскага ваяводства. Яго бацька быў уніяцкім святаром.
Праз усё жыццё пранёс Ігнат Анацэвіч светлыя ўспаміны пра родную вёску, дзе прайшло яго дзяцінства: “Ля крыніцы цудоўнай вады над ракой у прыгожым закутку падвешаны дамок і ўся гаспадарка, аборы, гумны, лямусікі і гародзінны агародзік, а паблізу гладкая гара і празрысты гаёк”.
Сваё малабераста­віцкае паходжанне Ігнат Анацэвіч пры кожным зручным выпадку падкрэсліваў. Невыпадкова псеўданім “Жэгота з Малой Бераставіцы”, дадзены яму віленскім універсітэцкім атачэннем, утрымліваў указанне на месца нараджэння. Менавіта на Бераставіччыне Ігнат Анацэвіч сфармаваўся як асоба, ён любіў гэту зямлю і гэту любоў пранёс праз усё жыццё.
Жэгота – гэта вобраз аканома з паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды”. Правобразам аканома некаторыя даследчыкі лічаць Ігната Дамейку. Пэўныя рысы міцкевічаўскага Жэготы, напэўна, былі характэрныя і для Ігната Анацэвіча. А, можа, нават з яго і спісаныя?
Першыя веды малабераставіцкі “паповіч” набываў дома. У 9-гадовым узросце яго аддалі ў Ваўкавыскае вучылішча. Там ён паспяхова навучаўся сем гадоў (1789-1796). Наступным крокам у навуку была акруговая школа ў Гродне (1796-1797). Ігнат атрымаў сярэднюю адукацыю, якая дазваляла адолець больш высокі ўзровень навук, а гэта магло адкрыць для таленавітага маладога чалавека вельмі сур’ёзныя жыццёвыя і творчыя перспектывы. У іх пошуках яму прыйшлося падацца за мяжу, так як у той час Беларусь не мела ўласных вышэйшых навучальных устаноў. Таму амаль усё астатняе жыццё ён правёў па-за межамі Беларусі: займаўся асветніцкай педагагічнай і навуковай дзейнасцю ў Польшчы, Прусіі, Літве, Расіі, працуючы ў той жа час на карысць і славу беларускай гістарычнай навукі.
З 1797 па 1801 год Ігнат Анацэвіч працаваў хатнім настаўнікам на Сувальшчыне, з 1801 па 1802 г. навучаўся ў настаўніцкай семінарыі ў Элку, дзе вельмі зацікавіўся гісторыяй. Сваімі поспехамі звярнуў на сябе ўвагу намесніка прускага караля і пры фінансавай падтрымцы самога караля ў 1802-1806 г. навучаўся на філасофскім факультэце Кёнігсбергскага ўніверсітэта. Там зацікавіўся даследаваннем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і заняўся пошукам матэрыялаў у бібліятэках і архівах Кёнігсберга. Пасля заканчэння вучобы Ігнат выкладаў у гэтым жа ўніверсітэце польскую і рускую мовы, з’яўляўся каралеўскім перакладчыкам.
Праўдзівасць, стараннасць ра­зам з прывабнай знешнасцю зрабілі яго папулярным чалавекам сярод нямецкіх вучоных. У характары Анацэвіча, як асобы дамінуючай, была рыса, якая рабіла яму гонар і разам з тым з’явілася прычынай шмат якіх пазнейшых жыццёвых нягод: праўдзівасць. Класічнае выслоўе “Ісціна, толькі ісціна і нічога акрамя ісціны” становіцца галоўным жыццёвым і навуковым прынцыпам Ігната Анацэвіча.
Пад час французскай акупацыі Кёнігсберга (1807) Ігнат дапамагаў рускім купцам. Гэта дапамога была заўважана міністрам замежных спраў Мікалаем Румянцавым, менавіта ён угаварыў здольнага маладога чалавека вярнуцца на радзіму і запрасіў яго да сябе ў госці. У 1809 г. Ігнат Анацэвіч пакінуў Прусію і каля года жыў у гомельскім памесці М. Румянцава, які прадставіў яму ўласную калекцыю дакументаў. У 1810-1811 гг. гісторык навучаўся ў Віленскім ўніверсітэце, дзе атрымаў званне магістра філасофіі, а затым выкладаў усеагульную гісторыю на курсах для дзяржаўных служачых.
У 1813-1818 гг. Ігнат Анацэвіч працаваў нас­таў­­нікам старажытных моў, літаратуры і гісторыі, намеснікам дырэктара Беластоцкай гімназіі. У гэты перыяд пазнаёміўся з прафесарам гісторыі Віленскага ўніверсітэта Іахімам Лялевелем. Паміж імі завязалася перапіска, навуковае супрацоўніцтва, яны сталі сябрамі.
У 1818 г. Савет Вілен­скага ўні­вер­­сітэта запрасіў Ігната Анацэ­віча на пасаду намесніка прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі. Ён першым стаў чытаць універсітэцкі курс гісторыі Бела­русі і Літвы. Шэраг выпускнікоў уні­вер­сітэта, якія пазней праявілі сябе ў гістарычнай навуцы і літаратуры гістарычнага жанру (А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, К. Незабытоўскі, К. Тышкевіч і інш.) абавязаны адкрыццём айчыннай гісторыі менавіта Ігнату Анацэвічу.
20-ыя гады 19 ст. – найбольш плённы перыяд навуковай творчасці І. Анацэвіча.
Ігнат Сымонавіч асудзіў рэпрэсіі 1823-1824 гадоў супраць філаматаў і вучоных, не прыняў парадкаў новага рэктара і куратара. У 1827г. навуковец стаў перашкаджаць кіраўніцтву ўніверсітэта ў сувязі з раскрыццём злоўжыванняў, якія былі ва ўніверсітэце. Падставай для расправы над Анацэвічам паслужыла раскрыццё новага тайнага студэнцкага таварыства “Патрыёты Айчыны”.
У маі 1828 г. пад паліцэйскім канвоем І. Анацэвіч быў пераведзены на жыхарства ў Малую Бераставіцу без права выезду. Спробы шукаць дапамогі шэфа жандармаў Бенкендорфа і імператара разглядаліся куратарам Навасільцавым і правіцелем заходніх губерняў вялікім князем Канстанцінам Паўлавічам як паклёп на ўніверсітэт, за што справу І. Анацэвіча накіравалі ў суд. Гродзенскі суд яго апраўдаў.
Летам 1832 г., пасля чатырох з паловай гадоў выгнання, “Жэгота з Малой Бераставіцы” вярнуўся ў Вільню. У сувязі з перадачаю яго судовай справы на разгледжанне ў Сенат ён перасяліўся ў Пецярбург. У пачатку 1836 г. Сенат вынес апраўдальны прыгавор. Пасля гэтага Ігнат Сымонавіч працаваў членам Археаграфічнай камісіі і бібліятэкарам у Румянцаўскім музеі. Памёр Анацэвіч 18 лютага 1845 года.
Навуковая дзейнасць Анацэвіча адносіцца да перыяду, калі ішоў працэс станаўлення гісторыі як самастойнай навукі. Навуковец Анацэвіч займаўся даследаваннем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён прывіў калегам і студэнтам Віленскага ўніверсітэта інтарэс да вывучэння гісторыі ВКЛ, любоў да гісторыі сваёй радзімы.
Усё жыццё І. Анацэвіч збіраў матэрыялы па гісторыі ВКЛ. У выніку ўтварылася багацейшая рукапісная калекцыя, якая складалася з выпісак з гістарычных крыніц і літаратуры, копій і арыгіналаў унікальных гістарычных дакументаў IX – XVIII ст.
Ігнат Анацэвіч выношваў ідэю напісання капітальнай трохтомнай працы па гісторыі ВКЛ, заснаванай на моцнай дакументальнай базе. Быў распрацаваны план гэтай манаграфіі. Сабраны вялікі фактычны матэрыял. Асноўныя навуковыя інтарэсы І. Анацэвіча належалі гісторыі ВКЛ XIII- XVI ст. Ён зрабіў перыядызацыю гісторыі Літвы з 1009 па 1569 г., распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ. У сваіх працах Ігнат Анацэвіч стварыў арыгінальную на­ву­ковую карціну гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, ад старажытнасці да канца XVI ст.
Планаваную капі­тальную працу па гісторыі ВКЛ Ігнат Сымонавіч Анацэвіч не паспеў напісаць. Гэта тлумачыцца аб’ектыўнымі і суб’ек­тыўнымі прычынамі.
65 гадоў жыц­ця, 40 гадоў пра­цы, 10 гадоў прафе­сарства, 15 гадоў пры сталічных архі­вах… Не хапіла…
Нягледзячы на гэта, прафесар Ігнат Сы­монавіч Анацэвіч з’яў­ляец­ца пачынальнікам бела­рускай гістарыяграфіі, а яго спадчына — каштоўным укладам у нацыянальную беларускую культуру. Памяць аб ім заўсёды будзе жыць на яго малой радзіме – Бераставіччыне.
Тамара Эйсмант, настаўнік гісторыі Малабераставіцкай
сярэдняй школы



1 комментарий по теме “Прафесар Анацэвіч з Малой Бераставіцы

  1. Спасибо большое за статью, очень интересно и познавательно!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *