Прафарыентацыйнае мерапрыемства адбылося ў Вялікай Бераставіцы

Образование Общество

Напрыканцы апошняга навучальнага года выпускнікі задуменна разважаюць над філасофскім пытаннем “Кім стаць?” Вядома, адказ на яго павінен быць задоўга да часу “Х”. Таму, каб школьнікі старэйшых класаў маглі вызначыцца з прафесіяй загадзя, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавалі для будучых выпускнікоў экскурсію, якая дала магчымасць “прымерыць” некаторыя спецыяльнасці на сабе і, магчыма, зрабіць выбар на карысць адной з іх.

І першае, чым па­спра­­бавалі зацікавіць арга­нізатары прафарыентацыйнага мерапрыемства будучых абітурыентаў – рабочыя спецыя­льнасці, якія пра­паноўвае атрымаць Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы пра­фесійны ліцэй. На хвілінку адчуць сябе навучэнцам гэтай установы, “дакрануцца” да адукацыйнага працэсу, наведаць вучэбныя аўдыторыі і майстэрню змаглі школьнікі Пархімаўскай базавай школы і Паплаўскага ясляў-сада – базавай школы.
А вось для вучняў з Алекшыцкай сярэдняй школы маршрут да прафесійнага самавызначэння быў іншым. Перш хлопцы і дзяўчаты наведалі аддзел загс Бераставіцкага райвыканкама. Аб спецыфіцы сваёй работы, якая, дарэчы, заключаецца не толькі ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў і нараджэння, а патрабуе высокай юрыдычнай граматнасці для вырашэння іншых пытанняў, расказалі супрацоўнікі аддзела. А прадстаўнік ад натарыяльнай канторы Бераставіцкага раёна паведаміла будучым абітурыентам аб яшчэ адной юрыдычнай прафесіі – натарыус.
Наведаўшы музей Ва­вёркі, навучэнцы даве­даліся і аб тым, што з вышэйшай гістарычнай адукацыяй не абавязкова працаўладкоўвацца ў школу настаўнікам. Спецыялістаў такой накіраванасці чакаюць і ў музеях. Пацверджаннем гэтаму стаў прыклад супрацоўніка музея, які з наведвальнікамі падзяліўся не толькі асаблівасцямі сваёй працы, а таксама правёў экскурсію.
Наступным аб’ектам, дзе пашанцавала пабываць вучням Алекшыцкай і Пархімаўскай школ, а таксама Паплаўскага ясляў-сада – базавай школы, стаў цэх па вытворчасці папяровых вырабаў сані­тарна-гігіенічнага прызначэння Бераставіцкага філіяла Гродзенскага абл­спажыўтаварыства. Сваімі вачыма школьнікі назіралі за працэсам вырабу паперы.
– На фарміраванне пра­фесійнага светапогляду непасрэдна аказваюць вялікі ўплыў прадстаўнікі розных прафесій, – адзначае галоўны спецыяліст адзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Вайтулевіч. – Таму экскурсіі на прадпрыемствы і наведванне дзён адкрытых дзвярэй у навучальных установах карысны метад прафесійна арыентаваць старэйшых школьнікаў, падрыхтаваць іх для самавызначэння.
Алена Карпук,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *