Першымі ў Бераставіцкім раёне завяршылі ўборку хлебаробы СВК «Малабераставіцкі элітгас»

Лента новостей

IMG_0040Радуе працаўнікоў сельскай гаспадаркі і, без перабольшвання — увесь наш народ, што вырашчаны ў краіне багаты ўраджай збожжа. Палі ў раёне ўжо не сустракаюць нас залатымі хвалямі са спелым наліўным калоссем, а прынялі роўненькі, як пад адзін грабеньчык, “падстрыжаны” прыгожы выгляд. Работы вядуцца інтэнсіўна, набліжаецца галоўнае радаснае свята хлебаробаў – Дажынкі. А першым на Бераставіччыне закончыў уборку збожжавых і зернебабовых СВК “Малабераставіцкі элітгас”. Астатнім гаспадаркам засталіся да завяршэння гарачай пары лічаныя дні. Надвор’е спрыяла хуткім тэмпам жніва.

— Шчодры ўраджай сёлета сабраны ў нас, дзякуючы выдатнаму чалавечаму фактару, строгаму захаванню сучасных тэхналогій, добрай падрыхтоўцы тэхнікі і фінансавай стабільнасці сельгаскааператыва, — так лаканічна і ёміста акрэсліў сакрэт поспеху мясцовых аграрыяў галоўны аграном Андрэй Грышкевіч.
Нялёгкая праца на полі ў спёку! Старшы камбайнер СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валерый Летка ўжо 9 сезонаў за штурвалам магутнага “Лексіёна – 580”. У параўнанні з першым “жалезным канём” тэхніка ў яго зараз камфортная, кандыцыянер дазваляе наогул не адчуваць спёкі. У пачатку свайго працоўнага шляху ён 4 сезоны адпрацаваў на “Ніве”, але гаворыць, што і без кандыцыянера тады адчуваў сябе няблага, бо “быў маладым”. Затым 6 гадоў ён малаціў на CF – 80.
Усе гэтыя дні разам са сваім памочнікам Сяргеем Касперчыкам Валерый працаваў да цямна, а кармілі іх у полі два разы – абедамі і вячэрамі. Настрой у экіпажа выдатны – вялікая работа зроблена, ад якой засталося такое ж вялікае задавальненне.

Ход уборкі
На 3 жніўня (уключна) на Бераставіччыне ўбрана 94 працэнты збожжавых і зернебабовых ад запланаванага, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 100 працэнтаў, у СВК “Алекшыцы” – 99, у РУСП “Масаляны” – 97, у СВП “АграМір” і СВК “Макараўцы” — 96, у СВК “Пархімаўцы” – 94, у аграфірме “Стары Дворац” і СВК “Цецяроўка” – па 90 працэнтаў, у СВК імя Варанецкага — 86.
Ураджайнасць па раёне склала 64,8 цэнтнера з гектара, найвышэйшая — у СВК імя Варанецкага – 77, у СВК “Алекшыцы” – 72,7. У РУСП “Масаляны” гэты паказчык складае 70,4 цэнтнера з гектара, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 69,6, у аграфірме “Стары Дворац” – 67,5, у СВП “АграМір” – 65,2, у СВК “Пархімаўцы” — 64,7, у СВК “Макараўцы” – 60,4, у СВК “Цецяроўка” – 49,4.
Валавы збор збожжавых і зернебабовых па раёне дасягнуў 84728 тон.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *