Першая Камунія ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

5 чэрвеня парафія Перамянення Гасподняга ў Вялікай Бераставіцы адзначыла радасную і ўрачыстую падзею: 25 маленькіх вернікаў упершыню ў сваім жыцці прынялі Святую Камунію.
Святая Камунія з’яўляецца для чалавека духоўным пасілкам. Яна ўмацоўвае наш дух на шляху да святасці, паглыбляе нашу еднасць з Хрыстом і Яго Касцёлам, падтрымлівае і аднаўляе жыццё ласкі, атрыманай падчас хросту, і ажыўляе нашу любоў да бліжняга. Умацоў-ваючы нас у любові, яна здымае лёгкія грахі і захоўвае ад смяротных грахоў у будучым.

На працягу двух гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі старанна рыхтаваліся да ўрачыстасці Першай Святой Камуніі: вучылі малітвы, разважалі аб Слове Божым, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста. Дапамагаў ім у гэтым памочнік настаяцеля касцёла Перамянення Гасподняга а.Дзмітрый Лабкоў, які займаецца катэхізацыяй дзяцей у нашай парафіі.
Папярэднічала нядзельнай Імшы шчырая першая споведзь дзяцей, падчас якой яны ачысцілі свае сэрцы ў сакрамэнце Пакуты.
І вось урачысты і доўгачаканы дзень настаў. У прыгожым белым адзенні дзеці разам з бацькамі і роднымі прыйшлі ў святыню, якая таксама была па-святочнаму дэкаравана. Але самае галоўнае, што сэрцы маленькіх вернікаў з нецярпеннем чакалі Езуса ў выглядзе белай Гостыі.
Святая Імша распачалася ўрачыстым уваходам дзяцей у святыню, калі бацькі благаславілі сваіх дзяцей. Пры запаленых свечках дзеці аднавілі абяцанні хросту, урачыста паабяцалі хадзіць на катэхізацыю, працягваць вывучэнне Божага Слова, рэгулярна ўдзельнічаць у Святых Імшах і рабіць добрыя ўчынкі.
Удзяліў дзецям сакрамент Першай Камуніі і павіншаваў іх з гэтай важнай падзеяй у жыцці а.Вальдэмар Слота, настаяцель касцёла Перамянення Гасподняга.
Наперадзе ў маленькіх парафіян – “белы тыдзень”, на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні будуць хадзіць у касцёл і дзякаваць за дар святой Эўхарыстыі.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *