Пастараліся ў аграфірме «Стары Дворац»

Лента новостей

Іх дасягненні – не “падарунак лёсу”, а заканамерны вынік удалага спалучэння сучасных тэхналогій і напружанай працы людзей.
Далейшае развіццё вытворчасці і рост дабрабыту працаўнікоў – мэта не толькі кіраўніцтва і зладжанага калектыву аграфірмы “Стары Дворац”, але і іх галаўнога прадпрыемства – РУП “Гродна­энерга”. Некалі згадзіўшыся ўзяць “пад сваё крыло” і надзейную апеку не вельмі паспяховую гаспадарку, гродзенцы не прагадалі. Трэці раз запар аграфірма вый­шла пераможцам у спаборніцтве сярод далучаных гаспадарак і займала першае месца па вытворчасці збожжавых і зернебабовых. Абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб сельгаспрадпрыемства не стаяла на месцы, укараняла новыя тэхналогіі і мела ад сучаснай вытворчасці добрыя грошы. Укладваючы ў развіццё раслінаводства і жывёлагадоўлі, мадэрнізацыю вытворчага працэсу, можна не толькі працаваць у складаных сённяшніх умовах, але і атрымліваць прыбытак.
Удалым выдаўся для аграфірмы “Стары Дворац” мінулы год. Пры заданні 107 працэнтаў росту валавой прадукцыі паказчык дасягнуў 110,3 працэнта. І не толькі гэтым можна ганарыцца. У мінулым годзе забяспечана выкананне асноўных вытворчых паказчыкаў, што з’яўляецца сапраўдным доказам паспяховай работы.
Добры прыбытак дала прадукцыя раслінаводства. Парадавалі рапс і іншыя запатрабаваныя культуры. Рэнтабельнасць азімага рапсу дасягнула 53,6 працэнта, збожжа – 21, кукурузы на зерне – 107,9, цукровых буракоў – 14,8 працэнта. Гэта вельмі добрыя паказчыкі.
Валавы збор збожжа з кукурузай ў вазе пасля дапрацоўкі ў аграфірме ў мінулым годзе склаў 6010 тон. Ураджайнасць збожжавых з кукурузай была 50 цэнтнераў з гектара, рапсу – 20,7, а цукровых буракоў – 497.
Парадавала і тое, што ўраджай­насць узрасла ў параўнанні з папярэднім годам. Напрыклад, аўсу сабралі 62 цэнтнеры з гектара ў бункернай вазе (плюс 25 у параўнанні з 2011 годам), ячменю – 62,4 (плюс 15,9), яравой пшаніцы – 56 (плюс 5,3). Урадзіла таксама грэчка – 16,3 цэнтнера з гектара (плюс 1,7), гарох – 43 (плюс 27). Ад гароху прыбытак быў вельмі добры — 38 мільёнаў рублёў. А рэнтабельнасць яго дасягнула 53,5 працэнта. Дарэчы, гэтая бабовая культура карыстаецца попытам, утрымлівае шмат расліннага бялку. Стравы з гароху пастаянна былі ў нацыянальнай кухні беларусаў, і зараз гаспадыні таксама з задавальненнем выкарыстоўваюць яго.
Нельга не адзначыць, што шмат ведаў, намаганняў і старання, каб вырасціць такі добры ўраджай самых разнастайных культур, прыклаў малады аграном аграфірмы “Стары Дворац” Дзмітрый Захарчук. Многія з іх сапраўды “капрызныя” і на мясцовай глебе без сучасных тэхналогій проста не выраслі б.
А для патрэб жывёлагадоўлі ў сельгаскааператыве нарыхтавалі з запасам якасных кармоў. На ўмоўную галаву атрымалася 48 цэнтнераў кармавых адзінак, у тым ліку 24 цэнтнеры кармавых адзінак травяных.
Уся прадукцыя жывёлагадоўлі рэнтабельная. Агульны паказчык склаў 44,7 працэнта, што вельмі добра. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі перавысіў 7 мільярдаў 60 мільёнаў рублёў. Аднак самы высокі прыбытак ў 2012 годзе дало малако – 5 мільярдаў 758 мільёнаў рублёў. Яго рэнтабельнасць дасягнула 55 працэнтаў. Гатункам “экстра” здалі 84,6 працэнта сыравіны, а вышэйшым – 15,2 працэнта. У агульнай выручцы доля прадукцыі жывёлагадоўлі склала 68 працэнтаў, а найбольш атрымалі ўсё ж ад малака – 16,5 мільярда рублёў.
Без своечасовых і ўдалых ін­вестыцый не бывае далейшага эфектыўнага развіцця. У мінулым годзе ў аграфірме яны склалі 3857 мільёнаў рублёў. Па лізінгу набылі новы зернеўборачны камбайн КЗС – 1218, імпартныя граблі, прэс — падборшчык і розныя транспартныя сродкі. А ў жывёлагадоўлю было ўкладзена 97 мільёнаў рублёў.
У гэтым годзе пад рэканструкцыю майстэрні плануецца засвоіць 1323 мільёны рублёў. Патрэба ў гэтым даўно наспела. Будынак мехмайстэрні эксплуатуецца з 1962 года, там многае патрабуе аднаўлення. Будуць палепшаны ўмовы працы людзей. Калі людзі адчуваюць, што пра іх клапоцяцца, дык і аддача не пакіне сябе чакаць, можна ўпэўнена рухацца наперад.
З памяшкання, пабудаванага ў 1955 годзе, у іншае прасторнае, дзе правядуць рэканструкцыю, будуць пераведзены бычкі з фермы на адкорме. У старым будынку яны ўтрымліваюцца па састарэлай прывязной тэхналогіі. Надышоў час яе змяніць. Перавод дазволіць павялічыць адкормачнае пагалоўе на 100 бычкоў. Палепшаныя мікраклімат і догляд, чыстае паветра і адсутнасць стрэсу дасць магчымасць мець прывагі 950 – 1100 грамаў. А валавую прывагу плануюць павялічыць на 36 тон. Адначасова палепшацца і ўмовы працы жывёлаводаў. Адыдзе ў нябыт шмат ручной работы. Будзе выкарыстоўвацца і кормараздатчык.
Клапоцяцца ў аграфірме, і каб сам аграгарадок Стары Дворац быў сучасным і прыгожым. У мінулым годзе тут выкарысталі 52 з паловай мільёны рублёў на добраўпарадкаванне некаторых вуліц.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *