ПАЛКОЎНІК КАНЕЦКІ З ШАЛЯПКОЎ

Из истории земли Берестовицкой Культура

Пісьмо па электроннай пошце прыйшло на сайт райвыканкама з Кіева. Таццяна Антонаўна Канецкая і яе сын Дзмітрый шукалі сваякоў свайго бацькі і дзеда, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і іншых узнагарод, палкоўніка Антона Міхайлавіча Канецкага. Яны ведалі, што нарадзіўся ён у Вялікабераставіцкай воласці, але яны ні разу не былі на радзіме бацькі і дзеда… А вось пасля яго смерці захацелася ім адшукаць сваякоў і наведаць іх… Праз некаторы час госці з Кіева былі ў Вялікай Бераставіцы, сустрэліся з Канецкімі, пазнаёміліся з Бераставіччынай і яе людзьмі, шчыра былі ўражаны бачаным, і расказалі аб нашым слаўным земляку.
***
Антон Канецкі нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Шаляпкі. Сям’я жыла вельмі бедна. У Канецкіх было тры дзесяціны зямлі (3,3 га), і то палавіна яе – пяскі. А ў сям’і было 7 “едакоў”. Маці – Варвара Аўгусцінаўна разам са старшымі дзецьмі ўпраўлялася на небагатай гаспадарцы, а бацька – Міхаіл Антонавіч наймаўся на “падзённую” работу да ўсіх, каму патрэбны былі рабочыя рукі. Сам быў амаль непісьменны, але верыў у навуку, таму хацеў, каб хоць меншы сын Антон вучыўся.
Але школы тады ў Шаляпках не было, займаліся па чарзе ў сялянскіх хатах. А настаўнікам быў аднавясковец, які на тагачаснай ваеннай службе даслужыўся да мічмана Балтыйскага флоту і перадаваў “азы граматы” сваім выхаванцам. Потым Антон Канецкі вучыўся ў Вяліка-Бераставіцкім царкоўна-прыходскім вучылішчы, якое закончыў “с отличием” у 1910 годзе.
У наступным годзе ён быў прыняты ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, куды прымалі сялянскіх дзяцей і нават плацілі ім стыпендыю.
Летам 1915 года ў сувязі з пры-бліжэннем руска-нямецкага фронту Свіслацкую гімназію эвакуіравалі ў Калужскую губерню ў г. Медынь. Тым часам і многім бераставічанам прыйшлося таксама выехаць у Расію, ратуючыся ад нямецкай навалы. Выехала з Шаляпкоў разам з іншымі аднавяскоўцамі і сям’я Канецкіх. Можа гэта і выратавала іх: бо ў выніку жорсткіх баёў паміж рускімі і нямецкімі войскамі вёска Шаляпкі згарэла ўшчэнт. Шматлікія магілы кайзераўскіх салдат яшчэ і цяпер напамінаюць аб тым часе.
Але вернемся ў г. Медынь, дзе прадаўжала працаваць эвакуіраваная Свіслацкая гімназія. У студзені 1917 года Антон Канецкі закончыў вучобу. Ішла Першая сусветная вайна, і яго разам з іншымі выпускнікамі настаўніцкай семінарыі прызываюць у царскую армію і залічваюць іх юнкерамі Аляксееўскага ваеннага вучылішча, якое знаходзілася ў Маскве і рыхтавала малодшых афіцэраў для фронту. Гэта было закрытае ваеннае вучылішча. Юнкераў (г.зн. курсантаў) у горад не выпускалі, і падзеі Лютаўскай рэвалюцыі яны бачылі толькі праз акно. Затое пасля выпуску з вучылішча ў маі 1917 года яны папалі на фронт і адразу ж акунуліся ў рэвалюцыйныя падзеі.
У пачатку 1918 года 146-ы пяхотны полк, дзе служыў наш зямляк, стаяў у Саратаўскай вобласці ў горадзе Балашова.
У сакавіку трэцяя рота на салдацкім мітынгу прыняла рашэнне: расходзіцца па дамах. У гэты ж час Рэвалюцыйны Камітэт Балашова фарміраваў атрад чырвонаармейцаў для барацьбы з “белачэшскім” мецяжом на Волзе. Антон Канецкі з часткай пяхотнага палка ўступіў добраахвотнікам у гэтую чырвонаармейскую часць і прайшоў з ёю ад Саратава да Батума. Ваяваў камандзірам роты на Паўднёвым і Каўказскім франтах.
Дэмабілізаваўся наш зямляк з Чырвонай Арміі ў 1926 годзе і па камсамольскай путёўцы прыехаў у Харкаў. Працаваў на заводзе і вучыўся на вячэрнім аддзяленні чыгуначнага тэхнікума. У 1936 годзе Антон Канецкі закончыў інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту.
23 чэрвеня 1941 года старшы лейтэнант Антон Канецкі чацвёрты раз быў мабілізаваны ў армію. Служыў у чыгуначных часцях Заходняга, Сталінградскага і 4-га Украінскага франтоў. Пад шквальным агнём праціўніка ўзводзіў пераправы на Волзе, Дняпры, Дунаі… Некалькі разоў быў на валасок ад смерці, але, як ён казаў, “бог мілаваў”… А яшчэ наш зямляк паверыў у святую сілу маленькага нацельнага крыжыка, які надзела яму маці на шыю перад эвакуацыяй у Расію. Зноў такі, па яго словах, “энергетыка бацькоўскага дома, рук дарагой маці і роднай зямлі давала моц і сілу, прыкрывала ад асколкаў і куль…”
Прыкрывала, але не зусім… У грамадзянскую вайну ў 1919 годзе ў баі за станцыю Ліскі быў цяжка паранены асколкамі гранаты, некалькі з іх былі ў яго целе ўсё жыццё.
У 1943 годзе пры адступленні з Харкава часць папала пад жорсткую бамбёжку нямецкіх самалётаў. Ад узрыву авіябомбы Антона Канецкага кантузіла і засыпала зямлёй. Як потым казалі санітары: “похоронен был заживо”. Выпадкова хтосьці з санітараў пачуў стогн з-пад зямлі. Раскапалі зямлю і дасталі амаль нежывога афіцэра… Але нічога, урачы паставілі на ногі.
Мог наш зямляк загінуць і ў 1937 годзе. Яго брата Аляксандра, які быў таксама ў Расіі, у 1937 годзе арыштавалі, абвінавацілі ў польскім шпіёнстве і … расстралялі. Разам з братам у тым лагеры расстралялі яшчэ некалькіх Канецкіх… Магчыма, што яны таксама былі з нашых мясцін.
Закончыў Вялікую Айчынную вайну Антон Міхайлавіч Канецкі ў званні падпалкоўніка ў горадзе Прага.
Пасля вайны ён доўгі час служыў на Сахаліне, які быў вызвалены ад японцаў. Будаваў ваенныя аб’екты, дапамагаў мірнаму асваенню вострава.
У 1956 годзе па стану здароўя палкоўнік А.М.Канецкі пайшоў у адстаўку. Жыў у Кіеве, займаўся грамадскай работай. Памёр у 1980 годзе, быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі на ваенных могілках у Кіеве.
P.S. Брат Аляксандр Канецкі, які быў рэпрэсіраваны ў 1937 годзе, рэабілітаваны ў 1957 годзе. Але аб гэтым не ведаў ні Антон Міхайлавіч, ні іншыя сваякі. І толькі ў 2009 годзе гэтая вестка дайшла да іх. Але палкоўніка Канецкага ўжо не было ў жывых.
Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *