Пабывала на прыёме ў губернатара

Лента новостей

На ўрачысты прыём да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры з нагоды Дня маці, які прайшоў 14 кастрычніка, былі запрошаны жанчыны-маці, чые дзеці дасягнулі выдатных поспехаў у розных сферах дзейнасці і сталі вядомымі вучонымі, спартсменамі, артыстамі, кіраўнікамі, пераможцамі творчых конкурсаў і алімпіяд.
Сярод 30 прысутных маці, дзецьмі якіх ганарацца не толькі яны самі, але і дзяржава, была і прадстаўніца Бераставіччыны – Міраслава Цыхун, дырэктар Кватарскага ясляў-сада-базавай школы (на здымку ў цэнтры). Пра яе дачку, Ангеліну Цыхун, мы неаднаразова пісалі ў газеце. Ангеліна – выдатніца вучобы, стыпендыят Беларускага фонду міру, яе навукова-даследчая работа “Вада і водныя экасістэмы” перамагла ў рэспубліканскім навукова-практычным конкурсе і заняла першае месца ў нацыянальным этапе міжнароднага воднага конкурсу. Цяпер Ангеліна вучыцца ў гімназіі №1 г.Гродна, працягвае займацца даследчай дзейнасцю, удзельнічае ў алімпіядах, марыць аб прафесіі ўрача.
Як расказала Міраслава Мікалаеўна, урачысты прыём у губернатара пакінуў шмат прыемных уражанняў. Папярэднічала сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці экскурсія ў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі, дзе жанчыны наведалі этнаграфічную выставу “Успамін аб матчынай хаце”, затым яны пабывалі ў Свята-Раства-Багародзіцкім стаўрапігіяльным жаночым манастыры, паразмаўлялі з яго настаяцельніцай матушкай Гаўрыілай.
Кожная жанчына на ўрачыстым прыёме была прадстаўлена цёплымі і чулымі словамі, атрымала музычнае віншаванне, кветкі і каштоўны падарунак.
Працягнулася сустрэча ў нефармальнай абстаноўцы, на якой жанчыны маглі паразмаўляць з губернатарам, абмеркаваць хвалюючыя пытанні. У прыватнасці, адзначыла Міраслава Мікалаеўна, уздымаліся праблемы сям’і, сацыяльнага сіроцтва, месца жанчыны ў свеце.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *