Ніна Андрушэвіч жыве поўным жыццём

Лента новостей Человек и его дело

IMG_5619Здараецца, што чалавек нечым здзівіць ужо з першых хвілін знаёмства, зацікавіць сваёй неардынарнай асобай. Так было і на гэты раз, у нядаўні прыемны вясенні дзянёк, калі ласкавае сонейка раптам змяніў кароткі спорны дожджык, а потым яно зноў заззяла ў блакітнай бездані неба. Прадчуванне, што гутарка акажацца цікавай, мяне не падманула.
Калі ў СВК “Цецяроўка” мне прапанавалі пазнаёміцца з ветэранам працы, нядаўнім юбілярам і былой старшынёй прафкама, якая прысвяціла гэтай рабоце 20 гадоў, у думках у мяне спачатку склаўся зусім іншы вобраз будучай гераіні публікацыі. Улічваючы паважны ўзрост, мне ўявілася, шчыра кажучы, сталая жанчына, звычайная бабуля. І якое ж было маё здзіўленне, калі насустрач мне да веснічак ад свайго дома бадзёрай паходкай падышла маладжавая рухавая гаспадыня, з густам апранутая і з ніткай прыгожых пацерак на шыі!
Ніна Саваўна Андрушэвіч, жыхарка аграгарадка Пагранічны, нарадзілася якраз на Дзень жанчын – 8 сакавіка, і нядаўна прымала шчырыя “двайныя” віншаванні і пажаданні і надалей актыўнага жыцця. Сям’я яе бацькоў у вёсцы Мінчыкі была звычайная, сялянская, дзяцей было шасцёра, а Ніна, па яе словах, “перадапошняя”. Трымалі людзі вялікую хатнюю гаспадарку, рупіліся на зямлі, а дзеці змалку імкнуліся дапамагаць дарослым. Калі дзяўчына закончыла школу, бацька захацеў, каб дачка паступала ў інстытут, стала настаўніцай. А Ніна любіла спяваць, выступала з агітбрыгадай, таму захацела паступаць у “культасвет”. Лёс, аднак, распарадзіўся інакш, мама яе была даяркай, і дачка наогул нікуды не стала паступаць, а ўладкавалася цялятніцай у калгас. Як стараліся тады дзяўчаты, як даглядалі маленькіх цялят, каб тыя не хварэлі!
Маладосць упрыгожвае каханне. Яно асвятляе нялёгкія будні, сваім чароўным пэндзлем можа з лёгкасцю перафарбаваць любы шэры дзень у яркія колеры вясёлкі. Аднойчы здарылася так, што дзяўчына зламала нагу. А ў кампаніі моладзі побач з ёю сеў малады калгасны шафёр.
— Стройны, прыгожы, з арміі вярнуўся. Я яго так засаромелася! Ён гэта заўважыў, стаў на мяне паглядаць, — расказвае мая субяседніца. – Потым стаў да мяне прыязджаць, а сам аж свеціцца.
— А як Вы яго чакалі? – пытаюся.
— А як вечар, дык і чакаю! У нас лаўка была каля хаты, язмін тады цвіў. Бацькі мае дазвалялі нам там сядзець. Як Мікалай едзе на сваім новым веласіпедзе, дык я здалёк яго ўжо бачу, гляджу на яго. У абадах веласіпедных сонца адбівалася. А дзяўчат жа шмат было, не адной мне ён падабаўся! Дык сталі ў вёсцы казаць: ”Ён яе не возьме!” Узяў! Распісаліся, а на 7 лістапада адсвяткавалі вяселле. Пражылі з ім душа ў душу столькі гадоў…
У Пагранічным маладыя купілі дом, Ніна працавала ў калгасе касірам, затым вывучылася, была бухгалтарам, эканамістам, доўгі час старшынёй прафкама. Пра сваю нялёгкую работу “з сухімі лічбамі”, а таксама пра клопаты ў прафкаме ўспамінае:
— Галоўнае, каб у мяне ўсё было дакладна, усё сыходзілася, тады я шчаслівая! А калі была ў прафкаме, усіх выслухвала, усім старалася дапамагчы, і жанчынам, і мужчынам.
З цёплай усмешкай мая субяседніца ўспамінае пра асабістае, як нарадзіўся ў сям’і першы сынок:
— Мой Мікалай не паверыў! Перапытваў некалькі разоў, пакуль паверыў! Пытаўся: “Вы мне праўду сказалі?”
Назвалі хлопчыка Сашам. Малады шчаслівы бацька пайшоў “запісваць сына”, а імя дакладна хлопчыку не вызначылі. Ніна з маці сказалі: “Пішы яго толькі не Сашам”. Але па дарозе сустрэлася Мікалаю знаёмая жанчына і стала даваць “каштоўныя парады”: “І ў тых Саша, і ў тых, дык няхай і ў вас будзе Саша!” Тады гэта было моднае імя. Мікалай так і запісаў сына, за што яму вельмі “дасталося” ад жонкі і цешчы.
— Доўга мы дзіця тады называлі “мальчик”, ужо потым прывыклі да яго імя, а затым нават яно нам і падабацца стала, — успамінае Ніна Саваўна.
У сям’і нарадзілася трое дзяцей.
— Як Вы з усім спраўляліся, і на працы, і дома? – цікаўлюся.
— Дык у нас з мужам дома не было жаночай або мужчынскай работы! Хто першы прыйшоў, той і робіць усё, што трэба рабіць. Мне нават дзіўна было чуць ад іншых жанчын, што іх “другія паловы” не хочуць дапамагаць. І вялікую гаспадарку мы з мужам трымалі, і дзяцей паспявалі дагледзець, увесь час жылі дружна.
— А здаралася, што пасварыцеся?
— Ну, вядома! – жанчына ўсміхаецца.
Пытаюся:
— А хто з вас першы мірыўся?
— Ну, вядома, ён! Заўсёды ён першы са мной мірыўся, — адзначае жонка.
Зараз у Ніны Саваўны 5 унукаў і 4 праўнукі, яна сапраўды багатая бабуля. Гаворыць яна пра ўсіх са шчырым замілаваннем, род яе даў добрыя парасткі.
— А што Вы любіце рабіць у вольны час? – цікаўлюся ў маёй субяседніцы.
— Я кнігалюб, — адказвае яна. – І Пушкіна, і Гогаля люблю, і беларускіх аўтараў. Да нас у гаспадарку некалі нават прыязджаў Ніл Гілевіч.
У Ніны Саваўны прыгожы голас, яна спявае ў царкоўным хоры, удзельнічае ў мерапрыемствах, якія праводзіць сельгаскааператыў. Усё робіць гэтая абаяльная добрая жанчына з душой, таму і цягнуцца да яе людзі. Яна жыве поўным жыццём, і гэтым усё сказана.

Ніна Наддэ,
фота аўтара



1 комментарий по теме “Ніна Андрушэвіч жыве поўным жыццём

  1. Респект и уважение Вам, Нина Саввовна! Вы очень нужный человек для общества. Здоровья и долгих лет жизни!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *