На парадку дня бераставіцкіх аграрыяў — зяблевае ворыва

Лента новостей

Апошнія восеньскія дзянькі. Часам думаеш: якая ж яна, позняя восень, загадкавая і прываблівая для чалавека, калі той, канешне, умее заўважаць. І няхай час, калі, здаецца, толькі два тыдні таму, што ёсць моцы, гаспадарыла і паўставала перад намі ва ўсёй сваёй непаўторнай красе агністая восень, мінуў, затое цяпер… Яна неяк ляніва і неахвотна, нібы з насцярогай, дорыць нам зусім іншыя пейзажы. Няхай не такія мяккія і сонечныя, а ўсё больш туманныя і з абложнымі дажджамі, але ад гэтага не менш каларытныя.
Літаральна два дні таму, едучы на чарговую сустрэчу, насалоджвалася незабыўным краявідам. Ты, нібы вольная птушка, ляціш уздоўж вузкай асфальтаванай дарогі, а па абодва яе бакі граюць кантрастамі плантацыі. Зірнеш управа – раскінулася аж да самага небакраю сакавітая зялёная роўнядзь палеткаў, зірнеш улева – яна змянілася чорнымі, нібы смала, угоддзямі, на якіх павольна снуюць трактары.
На адным з такіх агрэгатаў, энерганасычаным трактары “Джон Дзір” з васьмі гадзін раніцы і да пяці вечара бліз вёскі Місевічы рупліва працуе механізатар Іван Талочка. У КСУП “Варанецкі” мужчына ўладкаваўся яшчэ ў 1992 годзе. Вось ужо як адзінаццаты год запар, акрамя севу збожжавых і зернебабовых, дыскавання і іншага, заняты на ўзворванні глебы. На пытанне, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, мужчына адказвае ўпэўнена і лаканічна:
— Адзіная праблема – пера­ў­вільготненая глеба, а з усім астатнім можна справіцца.
У будучым, гэтыя старанна апрацаваныя палеткі, будуць засейвацца яравой пшаніцай.
— Выбар пэўнага метаду апрацоўкі зямлі залежыць ад таго, якое пустазелле, узбуджальнікі хвароб, шкоднікі могуць адольваць раллю, якая глыбіня рыхлення неабходна, — гаворыць вядучы аграном КСУП “Варанецкі” Аляксандр Рыжэўскі. — Увогуле, дадзенае мерапрыемства патрэбна для насычэння зямлі кіслародам, паляпшэння яе структуры (глеба становіцца больш рассыпчатай і роўнай) і многае іншае. На дадзеным жа ўчастку мы праводзім зяблевую апрацоўку, якая дазваляе зменшыць напружанасць веснавых палявых работ і забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы. На 9 лістапада ўздым зябліва ў сельгаспрадпрыемстве праведзены на 760 гектарах (55% ад плана). Усяго на палетках, акрамя трактара “Джон Дзір”, задзейнічана яшчэ дзве адзінкі тэхнікі – МТЗ-1523.
Спадзяёмся, што праведзеная праца на палетках не будзе марнай і стане добрым ўнёскам на шляху да атрымання годнага ўраджаю.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *