На палях Бераставіцкага раёна пачалася сяўба азімых

Лента новостей

У хуткім часе першы асенні месяц падорыць зялёную роўнядзь палеткаў, дзе ўсходы, прабіваючыся, закрычаць на ўсю моц “мы жывыя!”
У КСУП “Пагранічны” сяўба азімых пачалася 28 жніўня. Мы сустрэліся з галоўным аграномам КСУП “Пагранічны-Агра” Віктарам Белабокім і адразу вырушылі туды, дзе віруе жыццё. На шляху да пункта прызначэння Віктар Валер’евіч расказвае, што з 2055 га зямель, адведзеных пад пасеў азімых, на 30 жніўня было засеяна 120 га. У гаспадарцы плануюць справіцца з гэтай адказнай задачай да 25 верасня. І пры спрыяльным надвор’і першыя ўсходы пацешаць вока ўжо праз тыдзень.
— Асаблівасць азімых культур у тым, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі аднагадовых раслін, і да надыходу зімовых халадоў паспяваюць прарасці і добра ўкараніцца, а з першым веснавым цяплом працягваюць свой жыццёвы цыкл, – рассказвае мой суразмоўца. — У адрозненні ад яравых азімыя спеюць хутчэй, даючы больш высокі ўраджай. Зараз пасяўныя плошчы сельгаспрадпрыемства засейваюцца ячменем (сорт “Тарэза”) і пшаніцай (сорт “Багатка”). Строгае прытрымліванне тэхналогіі вырошчвання гэтых сартоў дазваляе КСУП “Пагранічны-Агра” штогод збіраць добры ўраджай, і тым самым своечасова выконваць дзяржаўны заказ.
Адразу ж узнікае лагічнае пытанне: “Ці дастаткова загатаванага сельгаспрадпрыемствам насення?” Адказ чую станоўчы, а аргумент наступны: у гэтым годзе быў закладзены добры насенны фонд. Праўда, закупка некаторага адсотку элітных сартоў збожжавых ажыццяўляецца ў РУП “Навукова-практычны центр НАН Беларусі па земляробству”.
На дадзены момант у сельгас­прадпрыемстве на сяўбе азімых задзейнічана чатыры адзінкі тэхнікі, у хуткім часе іх колькасць павялічыцца да сямі.
У ліку адказных за будучы ўраджай і трактарыст-машыніст сельскагаспрадарчай вытворчасці Міхаіл Рудэнка (на здымку). Пераехаўшы з Брэстчыны, Міхаіл Паўлавіч вось ужо чатырнаццаць гадоў працуе ў КСУП “Пагранічны-Агра”, з якіх шэсць гадоў заняты на сяўбе. Гэтую справу ён ведае дасканала: як адрэгуляваць агрэгат, каб закласці насенне на правільную глыбіню, якога хуткаснага рэжыму прытрымлівацца, каб збожжавыя ляглі ў глебу раўнамерна. Тут і справа спорыцца, бо ў “падначаленні” ўмелага сейбіта знаходзіцца лепшая тэхніка – трактар “JohnDeer” і сеялка “Amazone”.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *