На варце аховы раслін

Лента новостей

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі я наведала Бераставіцкую раённую дзяржаўную інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслін і пазнаёмілася з яе дружным і зладжаным калектывам, які амаль што 13 гадоў узначальвае Алена Дзяшко. Да гэтага жанчына працяглы час працавала вядучым аграномам на станцыі аховы раслін, аднак, так сказаць, пераломным не толькі для яе, але і раёна ўвогуле, стаў 2003 год. Згодна з загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь была створана Бераставіцкая раённая дзяржаўная інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін, якая сёння з’яўляецца структурным падраздзяленнем Дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін”.
Дарэчы, штат супрацоўнікаў інспекцыі невялікі, налічвае ўсяго сем чалавек. Ёсць тут тры галоўныя аграномы па насенняводству, ахове раслін і каранціну – Таццяна Жыўлюк, Алена Лапавухава і Іна Лісоўская. Аграномам першай катэгорыі працуе Вікторыя Богдан, пасаду вядучага агранома займае Алена Круглік. Ёсць у гэтым “кветніку” і адзін мужчына, Станіслаў Лазавіцкі, ён жа — вадзіцель у дадзенай арганізацыі. Па словах начальніка інспекцыі Алены Дзяшко, кожны з названых людзей — высокакваліфікаваны вопытны спецыяліст, за плячыма якога не адзін і не два гады працоўнай дзейнасці ў гэтай галіне.
Адна з галоўных функцый гэтай арганізацыі — праверка на пасяўныя якасці насеннага і ацэнка пасадачнага матэрыялу ўсіх культур, што вырошчваюцца не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і ўвозяцца з-за яго межаў.
Праводзіцца тут і ацэнка фітасанітарнага стану сельскагаспадарчых угоддзяў, распрацоўка прагнозаў распаўсюджання і развіцця шкодных аб’ектаў, фарміраванне асартыменту сродкаў аховы раслін, забеспячэнне суб’ектаў гаспадарання біялагічнымі прэпаратамі.
Інспекцыя ажыццяўляе таксама кантроль за выкананнем адпаведнага заканадаўства, ахову тэрыторый ад пранікнення з-за мяжы каранцінных або іншых небяспечных шкоднікаў, хвароб раслін і пустазелля. Не застаецца па-за ўвагай пытанне аб выкарыстанні на тэрыторыі раёна насення дэфіцытных і перспектыўных гатункаў не толькі айчыннай, але і замежнай селекцыі.
Толькі правёўшы шэраг неабходных аналізаў, работнікі інспекцыі маюць права выдаць дакументы ўстаноўленага ўзору аб пасяўных якасцях насеннага і пасадачнага матэрыялу.
Такім чынам, на кожнае звяно гэтага нешматлікага калектыву ўскладзена вялікая адказнасць. Так, да прыкладу, своечасовае выяўленне, лакалізацыя і ліквідацыя непажаданых “сюрпрызаў” — а пад імі маю на ўвазе якраз тыя небяспечныя шкоднікі і хваробы раслін – у будучым дазволіць камусьці пазбегнуць значных эканамічных затрат і не толькі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *