На Бераставіччыне вырошчваюць якасныя і перспектыўныя гатункі насення

Лента новостей

0_20778b_75f80c32_orig.jpgБераставіччына вылучаецца ў вобласці і рэспубліцы добрым развіццём раслінаводства. На працягу апошніх дваццаці гадоў тут павышаецца культура земляробства, дынамічна расце ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых, у дастатку і нават з запасам нарыхтоўваюцца якасныя кармы для жывёлы. Нягледзячы на “капрызы надвор’я”, нашы аграрыі атрымліваюць шчодрыя ўраджаі. Да нас прыязджаюць па перадавы вопыт, тут неаднаразова праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары.
У спрадвечным калаўроце сялянскіх работ не стала выключэннем і сяўба азімых пад ура­джай наступнага года. Каб зямля шчодра аддзячыла людзям, трэба своечасова паклапаціцца пра якаснае насенне, бо гэта сапраўдны падмурак новага багатага ўраджаю.
Як паведаміла галоўны аграном Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяна Жыўлюк, якая працуе ў гэтай установе ўжо чвэрць стагоддзя і мае багаты вопыт, на 3 верасня ў інспекцыю прадстаўлена на праверку 2492 тоны насення, што складае 90 працэнтаў ад патрэбы пад азімую сяўбу. Патрабаванням стандартаў адпавядаюць 2393 тоны, або амаль 87 працэнтаў насення. Планамерная работа працягваецца.
У СВК імя Варанецкага вельмі адказна аднесліся да важнай справы. Тут падрыхтавана і адпавядае стандартам 128 працэнтаў насення, што гаворыць аб тым, што ў добрых гаспадароў ёсць і запас. У СВК “Пархімаўцы” таксама праявілі клопат пра добры насенны матэрыял. Яго тут нарыхтавалі 120 працэнтаў ад патрэбы. Поўнасцю падрыхтавалі неабходную колькасць якаснага насення ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”, амаль столькі ж – у СВК “Алекшыцы”, на 93 працэнты закрылі патрэбу ў СВК “Цецяроўка”. Дарэчы, у гэтым сельгаскааператыве самыя вялікія пасяўныя плошчы ў раёне, а значыць, патрабуецца больш насеннага матэрыялу.
Вырошчваннем і продажам элітнага насення займаецца ў раёне СВК “Малабераставіцкі элітгас”. На продаж тут пад­рых­тавалі 730 тон элітнага насення азімай пшаніцы і 279 тон трыцікале. Гаспадаркі Бераставіччыны закупілі 79 тон элітнага насення.
За апошнія гады ў расліна­водстве раёна адбыліся вялікія змены. З’явіліся і вырошчваюцца перспектыўныя гатункі збожжавых, што безумоўна павялічыла эфектыўнасць вытворчасці. Па словах Таццяны Жыўлюк, на Бераставіччыне ўпершыню з’явіліся такія гатункі насення азімай пшаніцы, як Аркціс нямецкай селекцыі (вырошчваецца ў РУСП “Масаляны”), Сэйлар французскай селекцыі (СВК “Цецяроўка”), Дзінара і Балтыка польскай селекцыі (у СВК “Алекшыцы” і СВК “Макараўцы”). Гэта высокаўраджайныя гатункі, устойлівыя да палёгласці, з выдатным патэнцыялам, адаптаваныя да мясцовых кліматычных умоў. Пры належным захаванні сучасных тэхналогій земляробства яны даюць добрую аддачу.
Ёсць у гаспадарках раёна і новыя гатункі азімай пшаніцы айчыннай селекцыі — Ядвіся, Ода, а таксама трыцікале — Жыцень. Антось, Эра, Праметэй.
Змяніўся на Бераставіччыне і “твар” зернесушыльных гаспадарак. Зараз гэта сучасныя эфектыўныя зернесушыльныя комплексы з вялікай прапушчальнай здольнасцю. А тры гады таму ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” пачала працаваць нямецкая зернеачышчальная лінія. На выхадзе атрымліваецца адборнае насенне, якое адпавядае высокім стандартам. Любы пакупнік будзе задаволены, убачыўшы такое выдатнае зерне.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *