Нарыс жыцця Міхаіла Кавалеўскага

Из истории земли Берестовицкой Культура

Сёлета адзначаецца 215 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка В.М. Кавалеўскага (1801-1878), вучонага-ўсходазнаўца, даследчыка мангольскай культуры ў Расійскай імперыі. Вялікая Бераставіца невыпадкова выбрана месцам правядзення навуковай канферэнцыі з нагоды гэтага юбілею. Вядома, як склалася жыццё і навуковая дзейнасць Восіпа Кавалеўскага. Але вось жыццё яго бацькі Міхаіла, якое звязана з Бераставіччынай, таксама патрабуе ўвагі да вывучэння.
Бацька вядомага вучонага-манголаведа Восіпа Кавалеўскага (1801-1878) Міхаіл належаў да роду ўніяцкіх святароў Кавалеўскіх, якія паходзілі з вёскі Ляўкова Гродзенскага павета Рэчы Паспалітай. (Зараз в. Старое Ляўкова гміны Хайнуўка Падляскага ваяводства. Польшча). Прадзед Восіпа Кавалеўскага Іосіф (каля 1713-1784) і прапра­дзед Геранім (?-1729) вялі службу ў ляўкоўскай царкве Святых

Царква Святых Пятра і Паўла ў в. Старое Ляўкова. 2014
Царква Святых Пятра і Паўла ў в. Старое Ляўкова. 2014

Пятра і Паўла, вядомай з ХVІ ст. Гэтая драўляная ўніяцкая царква захавалася да нашага часу і дзейнічае як праваслаўная (на фота). З дакументаў Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы вядома, што Іосіф Кавалеўскі ў 1737 г. быў прэзентаваны граматай мсціслаўскага ваяводы Міхала Юзафа Масальскага да Ляўкоўскай царквы. А 14 красавіка 1738 г. Іосіф быў прызначаны на рэлігійную службу ўладзімірска-брэсцкім епіскапам Тэафілам Гадэбскім. Ляўкоўскі святар ахарактарызаваны ў лістах Дэканскіх візітаў у цэрквы Бельскага дэканата ад 13 сакавіка 1784 года як “чалавек цвярозы, паважны, у парафіяльных абавязках пільны” (ЛДГА ў Вільна. Ф.643., воп.1, спр. 51). Гэтаму навучаў ён і сваю радню: сына Антонія і ўнука Міхаіла, якія абодва сталі святарамі.
Міхаіл Антонавіч Кавалеўскі нарадзіўся ў в. Ляўкова. Там ён пражываў да падрыхтоўкі да святарскай службы, у 1788 г. ажаніўся. У Ляўкова нараджаюцца і першыя дзеці Міхаіла Кавалеўскага. Гэта Анеля — ў 1789 г. і Юліан – у 1790 г. З царкоўнага архіва ў Масалянах, апублікаванага Галінай Румак у кнізе “Масаляны праз смугу стагодддзяў: старонкі гісторыі” (Слонім. 2014), апісаны лёс Анелі. Яна стала жонкай Стэфана Булгараўскага (1788-1854), святара Гольнеўскай царквы, у якой служыў і Міхаіл. Лёс Юліана Кавалеўскага вядомы з “Польскага біяграфічнага слоўніка” (Т.ХІV.Варшава.1968). Юліан вызначыўся як педагог і ўдзельнік Мінералагічнага таварыства ў Пецярбургу (1829). Год нараджэння Міхаіла Кавалеўскага спрэчны. Па звестках Масалянскага царкоўнага архіва святар М.Кавалеў­скі ў 1843 г. меў 84 гады. Гэта значыць, што ён нарадзіўся ў 1759 г. А з Літоўскага гістарычнага архіва вынікае, што ён нарадзіўся ў 1768 г. З таго ж архіва вядома, што ў Антонія Кавалеўскага была яшчэ і дачка Ганна, народжаная ў 1760-х гадах. Яна стала жонкай Сымона Аляневіча (1743-1804), святара царквы ў в. Кажаны Бельскага павета. У гэтай царкве ў 1764-1788 гг. служыў Антоній Кавалеўскі, бацька Міхаіла. Таму найбольш дакладнымі трэба лічыць звесткі царкоўнага архіва з Масалянаў, якія да сённяшнега часу не аспрэчваліся.
3 красавіка 1795 г. у мястэчку Ушачы Лепельскага павета Міхаіл Кавалеўскі быў пасвечаны тытулярным калямінскім епіскапам Андрыянам Бутрымовічам на рэлігійную службу. З 1795 г. Міхаіл Кавалеўскі стаў вікарыем царквы ў вёсцы Гольні Гродзенскага павета. 28 снежня 1800 г.(па новаму стылю 9 студзеня 1801 г.) у сям’і Міхаіла Кавалеўскага нараджаецца другі сын Восіп, ахрышчаны ва ўніяцкай царкве Вялікай Бераставіцы. (З 1842 г. праваслаўная царква Святога Мікалая). Восіп Кавалеўскі стаў знакамітым вучоным-манголаведам, які даследаваў мовы і культуру народаў Усходняй Расіі і Цэнтральнай Азіі.У навуковую літаратуру ён увайшоў як ураджэнец Вялікай Бераставіцы з сям’і святара. На той час службу ў Вялікабераставіцкай царкве вёў святар Тамаш Вашчыловіч (1753-1837), вядомы як дэкан Лідскі (1779) і Гродзенскі (1783), канонік Кіеўскі (1798), асэсар генеральнай мітрапаліцкай кансісторыі (1798). Айцец Тамаш служыў у Вялікабераставіцкай царкве з 06.09.1783 па 25.02.1837 гг. Святар Гольнеўскай царквы Міхаіл Кавалеўскі ведаў Т.Вашчыловіча як высокаадукаванага і дабразычлівага пастыра, з якім меў службовыя стасункі. Так, з 1800 па 1812 г. святар Міхаіл прызначаны адміністратарам царквы ў Алекшыцах Гродзенскага павета. 28 ліпеня 1812 г. памешчык Віктар Юндзіл (1791-1862) прапануе святару Міхаілу Кавалеўскаму весці службу ва ўніяцкай царкве свайго маёнтка Малая Бераставіца. Але святар Міхаіл выбраў Алекшыцкую царкву, дзе служыў з 1812 па 1837 гг. У вёсцы Алекшыцы айцец Міхаіл заснаваў дынастыю святароў Кавалеўскіх. Там былі народжаны дзеці: Антоній (у 1801), Тэадор (у 1803) і Канстанцыя (у 1804). Сярод шасці дзяцей М. Кавалеўскага сын Антоній (1801-1872) прадоўжыць пасля бацькі з 1837 г. весці службу ў Алекшыцкай царкве. Мнагадзетным бацькам быў і святар Антоній, які меў трох дачок і сем сыноў. Многія з іх сталі святарамі рускай праваслаўнай царквы. Напрыклад, Леў Антонавіч Кавалеўскі (1843-1905) працягне службу ў 1875 г. у новай Свята-Пакроўскай царкве ў Алекшыцах.
Згодна летапісу Масалянскай царквы, алекшыцкі святар Міхаіл Кавалеўскі (1759-1844) пасвяціў сваё доўгае жыццё служэнню богу і людзям і пахаваны каля Спаса-Праабражэнскай царквы ў Жукевічах.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *