Навагодняя казка для маленькіх бераставічан на базе адпачынку “Прывал”

Здравоохранение Общественные объединения

Ёсць іншы свет. Свет, што здзіўляе, заманьвае, зацягвае. Такі загадковы, таямнічы і разам з гэтым зусім рэальны. Для адных ужо вельмі далёкі, а для іншых − блізкі і чаканы. Ён казачны…

Адкладзіце на хвілінку свае справы, закрыйце вочы і проста памарце! Няхай вашыя думкі ляцяць да таго месца, дзе б вы хацелі апынуцца. Удыхніце на поўныя грудзі, адчуйце знаёмыя гукі і пахі: нячутны шоргат сняжынак і спеў пеўня дзесьці ўдалечыні, ціхі рып хатніх дзвярэй і патрэскванне дроў у печы, адкуль так і рвецца ўцячы гарэза-агеньчык, а ты, назіраючы за ім, гатовы ўпасці ў дрымоту.

Адчуйце пах свежага снегу, што выпаў толькі ўначы, і востры смалісты водар гаспадыні свята – елкі. Такія родныя, незабыўныя моманты… І ці не казка ўсё гэта?

Зараз узгадваю апісанае з асалодай. Асабліва як цэлы дзень чакалі са старэйшым братам Дядулю Мароза, ажно пакуль не забярэ ў свае абдымкі ціхая ноч.

Акунуцца ў сапраўдную атмасферу навагодніх святаў днямі пашчасціла і вучням з Канюхоўскай і Макараўскай яслей-садоў сярэдніх школ. Такое доўгачаканае падарожжа ў казку, на базу адпачынку “Прывал”, для трынаццаці рабят са шматдзетных і няпоўных сем’яў было арганізавана Бераставіцкай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Добры чараўнік з ватнай барадой – Дзядуля Мароз, Снягурачка, Снежная Каралева, у вобразе якіх і заключаецца ўся прыгажосць свята, а таксама персанажы з любімага ўсімі дзецьмі мультфільма пра сабак “Щенячий патруль” падарылі кожнаму, ад малога да вялікага, бязмерную хвалю шчаслівых эмоцый.

Акрамя салодкіх падарункаў у кожнага з гаманлівай дзятвы аб гэтай сустрэчы застанецца свой успамін. Галоўнае, што ён добры, светлы і шчыры, як іх усмешкі.   

Ведаеце, прыемна, што як і раней, дзіцячыя мары і веру ў казку дарослыя аберагаюць. Але вы, дарагія чытачы, таксама разам з малымі хоць зрэдку вяртайцеся думкамі ў часы свайго дзяцінства. І яшчэ абавязкова верце ў цуды, бо яны маюць уласцівасць спраўджвацца, асабліва пад Новы год. 

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *