Міхаіл і Юзэфа Іадкоўскія з Вялікіх Ёдкавічаў бачаць шчасце ў тым, каб быць разам

Лента новостей Общество

Часам заходзіш у незнаёмы дом і адразу разумееш, што тут жывуць шчаслівыя людзі, што тут створаны той самы сапраўдны хатні ачаг, ля якога могуць пагрэцца не толькі члены сям’і, але і ўсё госці гэтага дома. Менавіта такое адчуванне не пакідала мяне ў час візіту да Міхаіла і Юзэфы Іадкоўскіх з Вялікіх Ёдкавічаў.

Цёплая, добразычлівая атмасфера, шчырыя ўсмешкі на тварах гаспадароў і амаль што юначыя закаханыя позіркі, якімі яны перыядычна абменьваліся паміж сабой. І нават не верылася, што перада мной людзі даволі сталага ўзросту, настолькі яны напоўненыя аптымізмам і прагай жыцця. І тым не менш, Міхаілу Міхайлавічу ужо 71 год, а Юзэфе Міхайлаўне – 58.
— Не здзіўляйцеся, што ў нас такая вялікая розніца ў гадах, — усміхаецца гаспадыня, — напэўна, лёсам было так наканавана, бо ён доўга не жаніўся, як бы чакаў, пакуль я вырасту.
— Ды дзяўчат было многа вакол, а вось не мог падабраць тую, каб да сэрца прыпала, — удакладняе Міхаіл Міхайлавіч.
Дарэчы, у часы маладосці маіх субяседнікаў іх Вялікія Ёдкавічы былі сапраўды вялікай вёскай.
— У Вялікіх Ёдкавічах была васьмігадовая школа, хадзілі туды не толькі нашы школьнікі, але і дзеці з суседніх вёсак як Бераставіцкага, так і Гродзенскага раёнаў, — расказвае Міхаіл Іадкоўскі. – У мае часы пятых было нават два класы, толькі ў іх вучылася 50 чалавек.
Пасля заканчэння васьмігодкі Міхаіл Міхайлавіч паступіў у Мураванскае вучылішча, адвучыўся на трактарыста, а пасля вярнуўся ў мясцовы калгас “Свіслач”, працаваў на трактары, на камбайне.
Потым быў перыяд, калі ён вырашыў паспрабаваць гарадскога жыцця і з’ехаў у Гродна. Гадоў пяць працаваў на трактары ўжо ў горадзе: спачатку — у сельгастэхніцы, а потым на заводзе жалеза-бетонных канструкцый будтрэста. А пасля захварэла маці, яе трэба было даглядаць, заняцца хатняй гаспадаркай, якая была даволі вялікай, і ў 1980 годзе Міхаіл Іадкоўскі вярнуўся ў Вялікія Ёдкавічы.
— Гэта мой бацькоўскі дом, — мая спадчына, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. – Бацькі яго самі будавалі. У нашай сям’і было пяцёра дзяцей – чатыры сястры і я, адзін сын. Сёстры замуж павыходзілі, раз’ехаліся, я таксама паехаў працаваць у Гродна, а калі маці засталася адна і захварэла, і яе трэба было даглядаць, сёстры сказалі: “Ты сын, спадчыннік, так што прыязджай і дапамагай маме”.
Прыкладна ў гэты час вярнулася на сваю малую радзіму і Юзэфа Станеўская. Юзэфа Міхайлаўна родам з Малых Ёдкавіч, хоць гэта ўжо і лічыцца другая вёска, але жылі яны з будучым мужам амаль што па-суседску, недалёка адзін ад аднаго.
— Вядома, мы былі з ім знаёмы, бацькі нашы адзін аднаго добра ведалі, — кажа Юзэфа Міхайлаўна, — але каб хто раней мне сказаў, што я за Міхаіла замуж выйду, то ніколі не паверыла б. А, бачыце, жыццё так павярнула, што стаў ён для мяне найлепшым.
У сям’і Юзэфы Міхайлаўны таксама было пяцёра дзяцей: два браты і тры сястры. Ву­чылася яна спачатку ў Ма­цееўскай пачатковай школе, потым — у Ёдкавічскай васьмігодцы. Закончыўшы 8 класаў, разам з сяброўкамі-аднакласніцамі паехала ў Гродна, паступіла ў вучылішча хімікаў.
— У Гродне якраз адкрываўся завод сінтэтычнага валакна, і нас спецыяльна рыхтавалі для працы на гэтым заводзе, — расказвае жанчына. – Мы ткалі там кордную тканіну. Пасля вучылішча я год адпрацавала на заводзе, але нешта мая спецыяльнасць мне не вельмі падабалася, цягнула мяне моцна ў вёску, сама не ведаю чаму.
У 1981 годзе Юзэфа Міхай­лаўна вярнулася ў свае Малыя Ёдкавічы, уладкавалася лабарантам на малакавоз. Міхаіл Міхайлавіч на сваім трактары таксама быў заняты на ферме, гнаў дойку. Менавіта тады, працуючы разам, маладыя людзі і зблізіліся, часта размаўлялі на агульныя тэмы, прывыклі адзін да аднаго.
— І розніца ў дванаццаць гадоў мяне ўжо зусім не палохала, — гаворыць Юзэфа Міхайлаўна, — я зразумела, што гэта той чалавек, з якім мне камфортна. І родныя радзілі выходзіць за яго замуж, казалі, што працавіты, добры, маці даглядае.
Бацька Міхаіла Іадкоўскага трагічна загінуў у 1969 годзе, пасля яго смерці маці таксама захварэла, бо вельмі цяжка перажывала яго смерць.
Менавіта з-за хваробы маці Міхаіл Міхайлавіч і не ажаніўся раней, бо лічыўся яе апекуном, і яго не забіралі ў армію. А каб ажаніўся, то прыйшлося б адразу ісці на службу, а клопат аб маці лёг бы на плечы маладой жонкі. Не хацеў ён ні на каго свае абавязкі перакладаць.
— Так да 27 гадоў і не ажаніўся, а там, гляджу, і ўсе дзяўчаты майго ўзросту замуж павыходзілі, трэба было ўжо сярод маладзейшых жонку шукаць. Ды толькі ехаць у вёску жыць ахвотніц таксама не было асабліва, — смяецца Міхаіл Міхайлавіч.
— Хіба адна я такая і знайшлася, — паддаквае яму Юзэфа Міхайлаўна. — Калі маці памерла, маладому мужчыне цяжка было аднаму спраўляцца з усёй гаспадаркай. Тады і задумаўся ён сур’ёзна пра жаніцьбу, зрабіў мне прапанову. Праз паўгода мы пажаніліся, 20 лютага 1981 года гэта якраз было. Тады і прыйшла я ў гэты дом.


— І вось ужо амаль што 38 гадоў, як яна мяне “пілуе” – спра­буе “ўкалоць” жонку Міхаіл Міхайлавіч.
Але, гледзячы на іх усмешлівыя твары і вочы, якія іскрацца шчасцем, разумею, што гэта проста жарт. Пытаю, ці не змерзлі ў час вяселля, якое было ў такі суровы зімовы час.
— Што Вы! Дзе ж там каля маладой жонкі змерзнеш, — зноў звонка смяецца Міхаіл Міхайлавіч.
— А мае сяброў­кі-ад­накласніцы, якія засталіся ў Гродне, мяне не падтрымалі, — працягвае Юзэфа Міхайлаўна. — Казалі: “Што ты тут забыла, у гэтай вёсцы? Будзеш толькі нормы буракоў палоць. Уцякай, пакуль не позна”. Вядома, адразу мне было даволі цяжка. Ён на рабоце цэлы дзень, то на трактары, то на камбайне.
У 1983 годзе нарадзілася старэйшая дачка Юля, а мне 24 баразны буракоў выдзелілі, дзесьці каля гектара гэта, палоць трэба. Куды ж мне з малым дзіцём на руках? Усе полюць, а я не магу, мама мая таксама на ферме цэлы дзень занятая, няма зусім з кім дзіця пакінуць. Так і не пайшла я, выбрала дзіця, а не буракі. У 1985 годзе нарадзілася другая дачка Марына, у 1989 годзе – сын Станіслаў. Дзеці трошкі падраслі, стала лягчэй і я пайшла працаваць даяркай на ферму, каб трохі грошай зарабіць. У Мацеевічах на ферме якраз была патрэбна даярка, і я туды пайшла. Сыну два гады было тады. Так дваццаць гадоў адпрацавала даяркай, і адпрацавала добра, не раз узнагароды атрымлівала.

1983 год, нара­джэнне старэйшай дачкі Юліі

Юзэфа Міхайлаўна прыносіць і дэманструе граматы і падзячныя пісьмы Прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Бераставіцкага райвыканкама, пасведчанне аб занясенні на раённую Дошку гонару ў 2010 годзе.
Пераможцам сацспаборніцтва быў некалі на сяўбе і Міхаіл Міхайлавіч, ён таксама ўвесь час старанна круціў баранку свайго “жалезнага каня”.
Нават цяпер, выйшаўшы на пенсію, і муж, і жонка працягваюць працаваць.
Праўда, цяпер Міхаіл Міхайлавіч пакуль што ў водпуску, а пасля яго будзе ўжо звальняцца, але да гэтага часу ўсё яшчэ старажаваў на зерняскладзе ў Ёдкавічах.
А Юзэфа Міхайлаўна таксама яшчэ працуе: дзяжурыць на прахадной у майстэрні ў Вялікіх Эйсмантах.
— Не магу сядзець доўга дома, нейкая дэпрэсія у мяне пачынаецца, — кажа жанчына, — хочацца некуды ісці, з людзьмі паразмаўляць. А тут у вёсцы адзін дзень да адной бабулькі зойдзеш, у другі – да другой, не будзеш жа ім часта дакучаць, у іх дзеці, унукі ёсць, прыязджаюць. Таму і хаджу на працу, пакуль ёсць такая магчымасць.
Са студзеня гэтага года Юзэфа Міхайлаўна ўсклала на сябе яшчэ і грамадскія абавязкі старасты вёскі, яна першы памочнік старшыні сельсавета па пытаннях свайго населенага пункта.
— Праўда, цяпер у вёсцы зімой мала хто ёсць, — удакладняе Юзэфа Міхайлаўна. – На зіму многія выехалі да дзяцей.
Пра сваіх дзяцей Іядкоўскія гавораць з асаблівым гонарам і цеплынёй.
— Яны ў нас простыя, не асабліва вучаныя, але выраслі добрымі людзьмі, — кажа маці. — Дочкі засталіся таксама на малой радзіме: Юля працуе загадчыкам склада, выйшла замуж за трактарыста, у Вялікіх Эйсмантах ім далі кватэру ў двухкватэрным доме, маюць дваіх дзяцей. Другая дачка Марына таксама ў Вялікіх Эйсмантах жыве, бухгалтарам працуе, атрымала вышэйшую адукацыю, цяпер, праўда, у дэкрэтным адпачынку, у іх з мужам таксама двое дзетак.
А вось сын жыве ў Гродне, працуе дальнабойшчыкам, дзве дачкі ў яго сям’і гадуюцца. Дзеці часта прыязджаюць, яны любяць гэты дом. Дзяўчаты толькі пазвоняць: “Мама, мы да цябе” — і вечарам ужо тут. І сын таксама вельмі не хацеў адсюль выязджаць, цягне і яго гэты дом. Я кажу: “Сын, ты напэўна, усё-такі вернешся сюды”. Гэты дом сынам у спадчыну перадаецца: майму мужу бацькі пакінулі, і мы таксама сыну аддамо. Дзяўчаты маюць свае дамы, агароды, а для яго будзе дача, будзе куды прыехаць адпачыць ад гораду.

Унукі

Іадкоўскія ўладкавалі свой дом, зрабілі яго максімальна камфортным для жыцця.
— Ваду правялі, бойлер для яе падагрэву падключылі, пральная машына-аўтамат, туалет і душавая кабінка дома, каналізацыя, — пералічвае Міхаіл Міхайлавіч. — Цяпер, як у горадзе, жывём. Хацелася б яшчэ, каб газ правесці ў дом ці электрычнае ацяпленне, каб і печкі не паліць ужо.
— Ды толькі ўнукі перажываюць, як будуць без бабкі, — жартуе Юзэфа Міхайлаўна. – Як яны прыязджаюць, абавязкова пяку бабку – гэта іх любімая страва.
У ваколіцы ходзіць яшчэ слава пра пончыкі Юзэфы Іадкоўскай: на вяселлі многія просяць спячы іх, на “Эйсмантаўскім фэсце” без іх не абыходзіцца.
А Міхаіл Міхайлавіч у вольны час любіць рыбачыць, мае на Свіслачы сваё месца, і як толькі пацяплее, ён ужо там. Бацька яго быў заядлым рыбаком і паляўнічым, і перадаў гэта захапленне сыну.
— Я, бывае, сваруся: на дварэ дождж, грымоты, маланка, а яго няма, на рыбе сядзіць, — гаворыць Юзэфа Міхайлаўна. — У мяне сэрца не на месцы, а ён кажа: “Чаго ты баішся, я той маланкі і не заўважыў нават”. Затое рыба ў нас дома пастаянна: і сушым, і солім, дзецям даем. Толькі сам Міхаіл Міхайлавіч, як сапраўдны рыбак, рыбы не есць, лічыць, што так яна будзе лепш лавіцца.
Ёсць у Міхаіла Іадкоўскага і свой трактар, не змог без яго, як калгасны пакінуў. А так і свой гарод апрацуе, і дзецям дапаможа, і суседзям ніколі не адмовіў.
Кожнае свята ў доме Іадкоўскіх збіраецца ўся іх вялікая сям’я, бацькоўскі дом дзеці і ўнукі не забываюць.
— Мы самі жывём дружна, стараемся не сварыцца, — кажа Юзэфа Міхайлаўна, — і дзяцей так заўсёды вучылі. І яны цяпер вельмі добра сябруюць між сабой, збіраюцца часта разам. Можа, нам жыццё не дадало чаго, як у горадзе ў людзей было, але я на свой лёс не скарджуся, не шкадую, што засталася ў вёсцы. А цяпер прагрэс наперад такі крок зрабіў, што і ў вёсцы наступіла гарадское жыццё: і буракоў ужо не трэба палоць, ні кароў, ні свіней трымаць.
Па маладосці, можа, трохі і зайздросціла я сваім сяброўкам, што яны ў горадзе, што жыццё ў іх лягчэйшае, што дзеці іх маглі вучыцца, дзе захочуць. А цяпер, праз час, пагляджу на сваіх дзяцей і на іхніх, дзе і разводы, і п’янкі дома, дык думаю, не, у мяне нармальнае жыццё, я шчаслівая. На роднай зямлі дзеці выраслі, заўсёды пры працы, таму і мацнейшыя ў маральным плане. Мы з мужам задаволены сваімі дзецьмі, сем’і ў іх добрыя, жывуць дружна, кватэры атрымалі, ды і на зарплаты цяпер у гаспадарцы няма чаго скардзіцца. Усё, што галоўнае, маюць. А гледзячы на іх, і мы радуемся.
Кажуць, што кожны чалавек сам куе сваё шчасце. І я з гэтым згодна: калі хочаш добра жыць, то трэба пастарацца. Мы з мужам працуем многа, у кожнага свой занятак, а калі нешта і не так дзе пойдзе, то стараемся не заўважыць, каб лішні раз не пакрыўдзіць другога. Для нас шчасце — быць разам, і мы гэта шчасце разам беражом.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
і з архіву сям’і Іадкоўскіх



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *