Мэта СВК імя Варанецкага –трымаць першынство і прымнажаць здабыткі

Лента новостей

У СВК імя Варанецкага створаны спрыяльныя ўмовы для паспяховай рэалізацыі свайго патэнцыялу. Тут клапоцяцца пра кадры – за 5 гадоў справілі наваселле ў новых камфортных дамах 25 сем’яў, завяршаецца будаўніцтва яшчэ пяці кватэр.  У сельгаскааператыве моцная матэрыяльная база,  высокакваліфікаваныя спецыялісты, “моцнае звяно” працаўнікоў.
Да традыцыйнай абароны мерапрыемстваў у гаспадарцы рыхтуюцца загадзя, аналізуюць зробленае, прадумваюць планы на будучае. Тое, што гаспадарка моцная, зусім не значыць, што тут няма праблем. Хлеб аграрыяў  ніколі не быў лёгкім. І чарговая абарона мерапрыемстваў, якая прайшла  нядаўна ў сельгаскааператыве, вызначыла, што трэба трымаць у полі зроку ў гэтым годзе, каб  выканаць заданне па росту валавой прадукцыі (9%) і дынамічна развівацца.
За прайшоўшую пяцігодку аб’ём вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі  тут ўзрос на 24%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася ў  2,1 разы.
Аднак неспрыяльныя мінулагоднія ўмовы надвор’я перашкодзілі атрымаць добры ўраджай і паўплывалі на выкананне асноўнага прагнознага паказчыка – задання па росту валавой прадукцыі. Пры патрэбных 108%  ён склаў 104,5% да ўзроўню 2009 года, у тым ліку ў раслінаводстве– 101,9%, у жывёлагадоўлі – 106%.
Для земляробства найбольш удалым быў у гэтай  гаспадарцы 2008 год, а ўраджайнасць, напрыклад, бульбы была найвышэйшая ў 2006 годзе – 416 цэнтнераў з гектара. З-за зніжэння цукрыстасці буракоў леташнія  страты склалі 270 мільёнаў рублёў. Не парадавала таксама ўраджайнасць кукурузы на сілас — 292 цэнтнеры з гектара. Падлічана, што пры росце ўраджайнасці кукурузы да 400 цэнтнераў з гектара  сабекошт адной тоны кармавых адзінак гэтай культуры знізіўся б у паўтара  раза, і эканоміка вырошчвання яе наблізілася б да мнагалетніх траў. Практычна не даюць аддачы 454 гектары сельгасугоддзяў каля ракі Свіслач. Прынёс 55 мільёнаў рублёў страт сад. Стратная і  агародніна ў закрытым грунце. Вялікія выдаткі панесла гаспадарка ў мінулым годзе на ахову раслін ад шкоднікаў і захворванняў, у тым ліку цукровых буракоў, што з’яўляецца адной з галоўных прычын іх  невялікай рэнтабельнасці. Вырашана выкарыстоўваць рэзервы, строга захоўваць тэхналогіі і больш адказна ставіцца да выбару гатункаў. Напрыклад, перспектыўны “Скаут” на Кобрынскай даследчай станцыі забяспечвае ўраджайнасць цукровых буракоў 1162 цэнтнеры з гектара пры цукрыстасці 18,8%. Стаўка будзе рабіцца  на высокаўраджайныя гатункі.  А найбольшую  рэнтабельнасць  дала  вытворчасць бульбы – 70%, рапсу – 26%.
Рэнтабельнасць раслінаводства ў мінулым годзе ў СВК імя Варанецкага склала  прыкладна 11%, жывёлагадоўлі – 16%. Станоўча адбілася на такім важным паказчыку павышэнне закупачных цэн на малако. Яго рэнтабельнасць  дасягнула 36,6%. За перавышэнне бялку над базісным утрыманнем атрымана дадаткова 120 мільёнаў рублёў.  Не ўдалося здаваць малако гатункам “экстра” – для гэтага неабходна купіць дадатковае халадзільнае абсталяванне.
Рэнтабельнасць свінагадоўлі засталася на ўзроўні 2009 года – каля 17%.
Калектыў гаспадаркі разумее, што  наперадзе напружаная работа. У раслінаводстве–гэта  эфектыўна вырасціць і выгадна прадаць прадукцыю, у жывёлагадоўлі – наладзіць дакладную сістэму вытворчасці кармоў на аснове інтэнсіфікацыі травянога поля і павысіць эканамічную эфектыўнасць галіны. Збожжа трэба атрымаць у амбарнай вазе  14492 тоны пры ўраджайнасці 70,7 цэнтнера з гектара, цукровых буракоў 24935 тон пры ўраджайнасці 623, рапсу 750 тон пры ўраджайнасці 30. У гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 18952 тоны  якасных кармоў.
Эканомія, беражлівасць, зніжэнне выдаткаў – гэта таксама ўмовы выканання прагнозных паказчыкаў. Інвестыцыі, далейшая мадэрнізацыя вытворчасці, захаванне сучасных тэхналогій разам з “чалавечым фактарам” павінны забяспечыць гаспадарцы значны рух наперад.

Кампетэнтнае меркаванне
Віктар Столік, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама:
— СВК імя Варанецкага – наш флагман. Гэта адна з некалькіх дзесяткаў базавых гаспадарак рэспублікі, якая супрацоўнічае з вучонымі, дзе праходзяць практыку студэнты – будучыя аграрыі, і куды прыязджаюць людзі пераймаць перадавы вопыт. На працягу апошніх гадоў там самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых сярод гаспадарак раёна.  Яна значна перавышае і сярэднеабласны, і сярэднерэспубліканскі паказчыкі. Спадзяёмся, што і далей працаўнікі СВК імя Варанецкага будуць радаваць нас сваімі поспехамі.
Віталій Сяўко, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, начальнік аддзела эканомікі і ўліку:
— Удзельная вага СВК імя Варанецкага  ў выручцы ад рэалізацыі прадукцыі сельгасарганізацый раёна за 11 месяцаў мінулага года займае 16,6%. У гэтай гаспадарцы і самы высокі прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – 3 мільярды 935 мільёнаў
рублёў.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *