Мультымедыйны цэнтр Бераставіцкай бібліятэкі – да паслуг чытачоў

Лента новостей

00Бібліятэкі сёння ёсць і застаюцца захавальнікамі інфармацыі і крыніцай ведаў розных галін навукі і мастацтва. Але роля іх змяняецца па меры таго, як змяняюцца запыты чытачоў. У апошні час у гэтых установах сталі больш даступнымі сродкі мультымедыя і электронныя камунікацыі. І, як паказвае практыка, стварэнне ў бібліятэках так званых мультымедыйных цэнтраў значна пашырыла магчымасці бібліятэкараў па абслугоўванні чытачоў, палепшыла якасць правядзення адукацыйных мерапрыемстваў.
У Бераставіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме дзейнічае дзевяць мультымедыйных цэнтраў – у раённай цэнтральнай бібліятэцы, дзіцячай бібліятэцы-філіяле, Вялікаэйсмантаўскай, Канюхоўскай, Макараўскай, Алекшыцкай, Пархімаўскай, Старадварэцкай сельскіх і Пагранічнай пасялковай бібліятэках. Што такое мультымедыйны цэнтр? Гэта, перш за ўсё, працоўнае месца, абсталяванае сістэмамі праслухоўвання і прагляду аўдыё- і відэаінфармацыі ці, прасцей кажучы, камп’ютарам. З 2007 года ў Бераставіцкай РЦБС пачала стварацца і папаўняцца медыятэка. Сёння фонд яе складае 986 кампакт-дыскаў і электронных дакументаў, у тым ліку 302 экземпляры налічваецца ў раённай бібліятэцы, 135 – у дзіцячай, дзе, дарэчы, адкрыты інфармацыйна — адукацыйны цэнтр. Фонд медыятэкі ўключае ў сябе навучальныя дыскі па асобных прадметах школьнай праграмы, якія дазваляюць як папоўніць магчымыя прабелы ў выкладанні, так і самастойна засвоіць матэрыял на ўзроўні, неабходным для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы з улікам патрабаванняў цэнтралізаванага тэсціравання. Тут ёсць і кампакт-дыскі па гісторыі, культуры, мастацтве народаў свету; па рэлігіі, у тым ліку тэксты Евангелля; электронныя творы класікаў рускай і замежнай літаратуры; пазнавальныя электронныя энцыклапедыі для дзяцей і юнацтва; навучальныя дыскі па замежных мовах; мастацкія фільмы, казкі і многае іншае. Дарэчы, у раённай бібліятэцы сфарміраваны і папаўняецца фонд аўдыёкніг і касет для людзей са слабым зрокам (268 экз.) Для іх абсталявана спецыяльнае месца, дзе з дапамогай бібліятэкара чытачы-інваліды па зроку могуць выкарыстаць камп’ютар альбо прайгравальнік і ўспрыняць любімы мастацкі твор ці іншую патрэбную інфармацыю на слых. Дарэчы, аўдыёкнігі запатрабаваны і членамі раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», у тым ліку школьнікамі.
– Паслугамі мультымедыйных цэнтраў, якія дзейнічаюць у бібліятэках раёна, карыстаюцца, як правіла, навучэнцы агульнаадукацыйных школ, студэнты-завочнікі ВНУ і ССНУ, выкладчыкі і творчыя работнікі, людзі, якія захапляюцца рознымі відамі мастацтва, – расказвае дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч.
– Прадастаўленне інфармацыі ажыццяўляецца ў розных формах, у тым ліку і з дапамогай інтэрнэту. Тэматычныя дыскі чытачам выдаюцца на дом на платнай аснове. Можна таксама раздрукаваць неабходную інфармацыю або запісаць яе на любы электронны носьбіт. У далейшым мяркуецца пашырыць спектр мультымедыйных паслуг. Варта адзначыць таксама, што фонды медыятэк выкарыстоўваюцца для арганізацыі і правядзення і відэапрэзентацый, пры арганізацыі кніжных выстаў і літаратурных аглядаў, урокаў інфармацыйнай культуры школьнікаў.
Безумоўна, наяўнасць мультымедыйных цэнтраў і забеспячэнне доступу да інфармацыі на аснове сучасных тэхнічных сродкаў робяць бібліятэкі больш прывабнымі для чытачоў, асабліва маладых.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *