Мерапрыемствы да 120-годдзя Максіма Багдановіча праходзяць на Бераставіччыне

Лента новостей

Бадай, няма лепшай пашаны для паэта, калі яго творчая спадчына не забываецца скрозь дзясяткі гадоў, а яго слова зноў і зноў пранікнённа гучыць з вуснаў нашчадкаў. Таму святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў навучальных ўстановах нашага раёна не абмяжоўваецца адным толькі вывучэннем хрэстаматыйных вершаў…
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання юбілею, адбываюцца паўсюдна ва ўстановах адукацыі раёна з самага пачатку красавіка.
Да 1 кастрычніка доўжыўся раённы конкурс сачыненняў, які стаў першым этапам у агульнарэспубліканскім конкурсе, прымеркаваным да 120-годдзя Максіма Багдановіча. Удзел у ім прынялі 16 вучняў 9-11 класаў з дзесяці ўстаноў адукацыі раёна.
Зразумела, што аналіз творчай спадчыны паэта стаў асноўным лейтматывам вучнёўскіх сачыненняў. І, між іншым, некаторыя работы адрозніваюцца сапраўды глыбокім роздумам над радкамі вершаў, а таксама аб лёсе самога паэта. Але для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу была накіравана работа Юліі Пекар, вучаніцы 9-ага класа Малабераставіцкай СШ (настаўнік М.А.Качан).
— Згодна з планам мерапрыемстваў на працягу года практычна ў кожнай школе адбываюцца тэматычныя выставы, звязаныя з творчасцю Максіма Багдановіча, — расказвае загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Т.І.Ганчарык. — Таксама ладзяцца конкурсы выразнага чытання твораў паэта, конкурсы малюнкаў і сачыненняў, школьнікі наведваюць літаратурны музей М.Багдановіча, што ў горадзе Гродне.
Практыкуюцца і формы работы. У Канюхоўскім ДС-СШ разам са сваімі настаўнікамі вучні здзейснілі сапраўдную літаратурна-культурную вандроўку па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю М.Багдановіча — “Зноў шлях знаёмы пабяжыць…”. А юныя публіцысты маглі папрактыкавацца ў сваіх навыках падчас выпуску школьнай газеты “Першая ластаўка” (у Вялікабераставіцкай школе) і літаратурнага бюлетэня да юбілею паэта “Але вось цераз цемень маланка блішчыць, асвячае мне вобраз Хрыста” (у Вялікаэйсмантаўскай школе).
Напрыканцы першай вучэбнай чвэрці—у гімназіі аграгарадка Пагранічны адбылося свята песні і паэзіі “Жыве Максімава імя” . Арганізавала яго настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т.М.Андрушка. Гімна-зісты ўзгадвалі старонкі біяграфіі паэта, дэкламавалі яго паэзію і выконвалі песні, напісаныя на вершы, што належаць пяру творцы. І, можна сказаць з упэўненасцю, чуллівыя радкі “Зоркі Венеры” нікога не пакінулі абыякавымі. Дарэчы, акампаніраваў гімназістам музычны кіраўнік з Пагранічнага дзіцячага сада Павел Янчы. Удалым візуальным суправаджэннем да вершаў стала дэманстрацыя слайдаў з фотавыявамі паэта і членаў яго сям’і, а таксама мясцін, дзе ў той ці іншы час пражываў паэт. А дзяўчынкі з танцавальнага гуртка гімназіі падарылі гледачам бадзёры танцавальны нумар.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара

Юбілей паэта – у бібліятэках

На працягу года ў гонар беларускага паэта ва ўстановах Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы праходзяць шматлікія мерапрыемствы.
Бібліятэкі Бераставіччыны аформілі разгорнутыя кніжныя выставы, якія дзейнічаюць на працягу года: “Песняр чыстае красы” (Старадварэцкая СБ), “У душы міласць да краю свайго …” (Пархімаўская СБ), “Дзіўная зорка Максіма” (дзіцячая бібліятэка-філіял), “Космас душы” (Бераставіцкая РЦБ), “Жыць паводле свайго прызначэння” (Малабераставіцкая СБ), “Ён будзе жыць у сваім слове” (Канюхоўская СБ), “Чалавек вялікай душы і таленту” (Вялікаэйсмантаўская СБ), “Святло чалавечае душы” (Масалянская СБ), “Паэт нараджаецца не аднойчы” (Алекшыцкая СБ) і інш.
Для знаёмства з творчасцю паэта ў бібліятэках Бераставіцкай РЦБС былі праведзены літаратурная вандроўка “На ціхім Дунаі” (Алекшыцкая СБ), прэзентацыя “Паэт стагоддзя” (Канюхоўская СБ), літаратурная гадзіна “Лёс і творчы шлях Максіма Багдановіча” (Малабераставіцкая СБ), хвіліна творчага партрэта “Гістарычныя погляды Максіма Багдановіча”, літаратурна-паэтычная кампазіцыя “Паэзія Максіма Багдановіча ў беларускай вакальнай музыцы” (Бераставіцкая РЦБ), гадзіна паэзіі “З прыродай зліўшыся душой” (дзіцячая бібліятэка-філіял), літаратурны вечар “Незабыўны Максім Багдановіч” (Лішкаўская СБ), адкрыты прагляд літаратуры “Запрашэнне ў свет паэзіі” (Пагранічная ПБ) і інш.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *