Малочная жывёлагадоўля развіваецца на Бераставіччыне

Лента новостей

Малочная жывёлагадоўля застаецца “стратэгічнай” галіной для сельскай гаспадаркі рэспублікі. На Бераставіччыне важкі ўклад у агульную справу ўносяць як сучасныя малочнатаварныя комплексы, так і раней пабудаваныя фермы.
У РУСП “Масаляны” на ферме “Вёска Масаляны” працуе 11 чалавек, а даенне вя­дзецца на малакаправодзе. Тут 183 дойных каровы. Тэрыторыя жывёлагадоўчага аб’екта ахайная і дагледжаная. Кармавая база ў гэтай гаспадарцы надзейная, кароў добра кормяць і даглядаюць, таму і аддача ёсць. За люты надой на карову на гэтай ферме павялічыўся на паўтара кіла­грамы і да­сяг­нуў амаль 22 з паловай кілаграмаў.
Такіх вынікаў жывёлаводы да­бі­­ваюц­ца дзякуючы не­раўна­душным ад­но­сінам да сваёй справы, шчырай спагадлівасці да жывёлы разам са збалансаваным карм­­леннем, доглядам і належным ветэрынарным абслу­гоўваннем.
Жывёлавод Дзмітрый Мінкоўскі прыезджы, але масалянская зямля даўно ўжо яму стала роднай. Сям’і далі жыллё. Мужчына добрасумленна даглядае жывёлу, сочыць і за парадкам на тэрыторыі. Ён падсцілае рагуль, наглядае за кармавымі сталамі, каб кожная малочная карміцелька ўдосталь наелася, каб ёй было зручна есці. Карова ж шмат часу праводзіць на нагах, таму працаўнікам трэба быць уважлівымі, своечасова заўважаць, напрыклад, ці не кульгае. А Дзмітрый таксама прымае і расцёлы, выпойвае нованароджаным цялятам малодзіва. Кожнае цялятка ў першую гадзіну пасля нараджэння атрымлівае немалую порцыю гэтага цудоўнага “эліксіру жыцця”. Так пачынае ўмацоўвацца імунная сістэма. Калі цялят добра глядзелі, яны потым менш хварэюць, растуць дужымі. А каб праверыць, ці выпойвалі цялятам малодзіва, у іх бярэцца кроў на імунаглабуліны. З гэтым тут усё добра. А значыць, генетычнаму патэнцыялу будучых карміцелек дадзены ўдалы старт.

Галоўнае – сяўба  ў аптымальны тэрмін

Мінулы тыдзень адзначыўся частымі дажджамі, але па меры магчымасцей нашы аграрыі дарагога часу не страчвалі і рупліва працавалі. Як паведаміў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандр Курыла, на 27 сакавіка па раёне падкормлена азотнымі ўгнаеннямі 4072 гектары азімых збожжавых і 767 гектараў азімага рапсу. Больш усяго азімых збожжавых падкармілі ў КСУП “Пагранічны-Агра”, а азімага рапсу ў РСУП “Алекшыцы”.
Закрыццё вільгаці на палях у гаспадарках Бераставіччыны праведзена на 3519 гектарах.
І безумоўна, галоўны акцэнт зараз надаецца сяўбе ў аптымальны тэрмін. Раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры пасеялі ў раёне на 592 гектарах, найбольш у РСУП “Алекшыцы” – на 296 гектарах.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *