Малако гатунку “экстра” – гэта “жывыя грошы”

Лента новостей

У развітых краінах усё малако прадаецца гатункам самай вышэйшай якасці. Гэта не значыць, што ў вытворцаў там няма праблем. У Злучаных Штатах Амерыкі, напрыклад, фермеры таксама нясуць страты з-за мастытаў кароў. На лячэнне жывёлы яны вымушаны выдаткоўваць немалыя грошы. Дабіцца станоўчых вынікаў паўсюдна дапамагаюць строгае захаванне сучасных тэхналогій, добры догляд і якаснае кармленне жывёлы.
Мінулы год парадаваў тым, што ў гаспадарках нашага раёна з’явілася малако “экстра”, а гэта — “жывыя грошы”. І хаця яго яшчэ не так многа, можна канстатаваць, што такую высакаякасную сыравіну ў нас навучыліся атрымліваць. Па раёне гатункам “экстра” было здадзена 8,4% малака. Чатыры гаспадаркі асвоілі яго выпуск. У лідарах аграфірма “Стары Дворац”. Там здалі “экстрай” 54,3% сыравіны. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” такі паказчык — 12,6%, у СВК “Цецяроўка” – 8,5%, у РУСП “Масаляны” — 5,8%.
Вышэйшым гатункам па раёне здалі 67,6% малака. У СВК “Алекшыцы” лічба складае 87,3%, у РУСП “Масаляны” – 83,1%, у СВК імя Варанецкага – 80,5%, у СВП “АграМір” – 70,2%, у СВК “Макараўцы” – 62,6%, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 62,3%, у СВК “Цецяроўка” – 61%, у СВК “Пархімаўцы” – 55,5%, у аграфірме “Стары Дворац” — 40,1%.
Самая высокая тлустасць малака ў мінулым годзе адзначана ў РУСП “Масаляны” – 3,8% ( базісная – 3,6%). У СВК “Пархімаўцы” яна таксама перавышае базісную — 3, 77%.
Дзяржава стымулюе вытворчасць высакаякаснай сыравіны. Закупачная цана на гатунак “экстра” была павышана 20 снежня мінулага года. За адзін кілаграм такога малака даюць 1 тысячу 210 рублёў. За 1 кілаграм вышэйшага гатунку прапануецца 1 тысяча 45 рублёў. Для насельніцтва ёсць яшчэ адпаведная надбаўка.
А з 20 студзеня ў мэтах аказання падтрымкі сельгасарганізацыям у закупе маладняку буйной рагатай жывёлы, кармавых дабавак, што ў далейшым прывядзе да росту вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, Гродзенскім аблвыканкамам рэкамендавана павялічыць закупачныя цэны на буйную рагатую жывёлу і малако на 5% да ўстаноўленых Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 2010 года цэн. Захоўваецца і надбаўка.
Вытворчасць “экстры” выгадная. За ёю будучае.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *