Лета, сонца і сябры!

Актуально

Хто не любіць лета? Гэта ж самая любімая пара года— сезон адпачынку для дарослых і дзяцей. Першыя  стараюцца ўзяць водпуск, другія — радуюцца працяглым канікулам. Сапраўдны падарунак для кожнага школьніка — гэта пуцёўка ў летні         аздараўленчы лагер, дзе можна сустрэць шмат сяброў, запасціся ўспамінамі на цэлы год.
Сёлета добра вядомы ў раёне аздараўленчы лагер “Арляня” змяніў назву на “Бераставіцкі”, а што  яшчэ памянялася ў жыцці лагера? — пацікавілася я ў яго начальніка Л.А.Тапарыўскай.
—Я думаю, не вельмі многае, — гаворыць Людміла Анатольеўна. — Як і кожны год лагер старанна рыхтавалі для  камфортнага адпачынку дзяцей. Зроблены добры рамонт у доміках, у сталоўцы і кухні, добраўпарадкавана тэрыторыя. Дапамагалі ўсе: і гаспадаркі, і раённы аддзел адукацыі, і школы.
—Колькі дзяцей аздараўліваюцца ў першую змену?
—Зараз тут адпачывае  159 школьнікаў. Харчаванне розна-ўзроставае. Меню збалансаванае, распрацавана і зацверджана адпаведна з рэспубліканскімі патрабаваннямі. На дзяцей 6-10 год ў дзень расходуецца 7 890 рублёў,  хлопчыкі і дзяўчынкі 11-13 год харчуюцца на суму 8 730  і  школьнікі 14-18 год — на 9 340 рублёў. На стале ў  дзяцей абавязкова  прысутнічаюць агародніна, садавіна, сокі.
—Ці ёсць сярод адпачываючых прыезджыя?
— Вядома, як і кожны год. На першую змену да нас завіталі дзеці з Ваўкавыскага, Мастоўскага, Зэльвенскага і Гродзенскага раёнаў. Прычым, многія з іх адпачываюць ужо не першы раз.
—А раскажыце пра работнікаў лагера, якія робяць усё, каб адпачынак дзецям спадабаўся.
—Тут працуюць  12 педагогаў са школ раёна і 7 студэнтаў. Усе яны старанныя і адказныя людзі. Ведаеце, падабаецца супрацоўнічаць з людзьмі, якія выдатна ведаюць сваю справу і хутка могуць арганізаваць любое мерапрыемства.
Начальнік лагера параіла паразмаўляць са старшай важатай І.В.Руткоўскай, каб падрабязней даведацца аб мерапрыемствах і цікавых конкурсах. Ірына Вячаславаўна расказала, што жыццё ў хлопчыкаў і дзяўчынак насычанае, багатае на падзеі. Штодзённа яны ўдзельнічаюць у агульнаатрадных мерапрыемствах. Раніцай гэта часцей спартыўныя гульні і конкурсы. Акрамя іх, падтрымаць здароўе дапамагае абавязковая ранішняя зарадка. Пасля абеду, з 14 да 16 гадзін, у дзяцей “ціхая гадзіна”, затым — полудзень, агульнаатрадныя і  агульналагерныя мерапрыемствы. Гэта — шоу, конкурсы, фестывалі, віктарыны, турніры,     матчы, танцы, ды ўсяго проста не
пералічыць.
Сярод найбольш адметных старшая важатая назвала мерапрыемствы, прысвечаныя жалобнай даце 22 чэрвеня, акцыю “Ведаць, памятаць, жыць”. На Дзень Незалежнасці прайшла тэматычная лінейка,  са  школьнікамі таксама праводзілася інтэлектуальная гульня “Падарожжа па краіне”, пазнавальны паход “Цуды Бераставіччыны”, фестываль “Сярод сяброў” і дыскатэка “Будучае будаваць маладым!”
А вось што пра адпачынак думаюць самі дзеці:
Галіна 16 год, Ваўкавыск:
— Падабаецца. Я ўжо паспела з многімі пасябраваць падчас цікавых гульняў і конкурсаў, у якіх мы ўдзельнічалі. У лагеры толькі першы раз, але паеду яшчэ, калі атрымаецца.
Юля і Крысціна з атрада “Дэльфіны”, малодшыя школьнікі:
— Мы любім наведваць гурткі, удзельнічаць у мерапрыемствах. Адпачываем тут таксама ўпершыню. Не думалі, што так цікава. Абавязкова прыедзем яшчэ. У нас шмат сяброў. Кожны дзень гульні, конкурсы, можна пагля-дзець кіно. Выйгралі розныя прызы, якія будуць напамінаць пра адпачынак у лагеры. Мы тут і на ўсё лета згодныя застацца.
Хлопчыкі з пакоя №3:
—Тут нас выдатна кормяць, прапаноўваюць  сокі, ёгурты, садавіну і гародніну. Сумаваць няма часу.
Дзяніс і Віталік, 13  і 14 год:
—Любім удзельнічаць у мерапрыемствах. Не думалі, што ў лагеры так цікава, найбольш уразіла выступленне супрацоўнікаў МНС, калі яны праводзілі заняткі па тушэнні пажару, расказвалі пра тэхніку.
Дзяўчаты са старэйшага атрада, пакой №8:
— Нас у пакоі 8 і ўсе сябруем паміж сабой. Адпачываць весела: кожны дзень мера-прыемствы і конкурсы. Учора, напрыклад, быў конкурс “Міс лагера”. Чакаем  футбольнага матча, нашы хлапчукі будуць гуляць з камандай раённага аддзела ўнутраных спраў. Падабаецца выпускаць атрадную сценгазету і інш.
Алена Рыжко



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *