“Лепшы па прафесіі” — аператар Бераставіцкай птушкафабрыкі Наталля Курмель

Лента новостей

IMG_0016— Курачкі любяць цяпло і клопат, — пачынае свой цікавы аповед сціплая жанчына, аператар Бераставіцкай птушкафабрыкі, пераможца індывідуальнага раён­нага спаборніцтва 2013 года “Лепшы па прафесіі” Наталля Курмель (на здымку). У многіх у нас вясковыя карані, а ў сельскай мясцовасці заўсёды лічылася руплівай гаспадыняй тая жанчына, якая трымала курэй, а таксама індыкаў, гусей, качак, каб палепшыць дабрабыт сваёй сям’і. Без іх немагчыма было ўявіць любы падворак. І зараз птушкагадоўля – важная перспектыўная галіна айчыннай аграрнай вытворчасці, а продаж яек за межы рэспублікі ўмацоўвае наш экспарт, прыносіць валюту. Такая прадукцыя карыстаецца нязменным попытам.
Наша зямлячка, Наталля Курмель, закончыла праф­тэх­вучы­лішча ў Гродне, але ў абласным цэнтры па прыкладу многіх выпускнікоў, не засталася. Яна своечасова зразумела, што вялікі горад – гэта “не яе”. Дзяўчыну больш прывабліваў спакойны рытм жыцця ў гарадскім пасёлку, і яна вярнулася на малую радзіму. Паразважаўшы, чым бы ёй хацелася займацца, уладкавалася на Бераставіцкую птушкафабрыку, а зараз з’яўляецца ўжо вопытным “старажылам” у родным цэху. Слухаць субяседніцу цікава, і адразу можна заўважыць, што чалавек гэты ў выбранай прафесіі невыпадковы, бо нераўнадушны да свайго нялёгкага паўсядзённага занятку, таму і карыстаецца заслужанай павагай ў калектыве. Сапраўды, недаацаніць справу Наталлі Геранімаўны, а аддала яна ёй нямала гадоў, немагчыма – часцінкай і яе самаадданай працы на нашым будзённым і святочным стале з’яўляецца такая патрэбная натуральная прадукцыя. Звычайныя яйкі, да якіх мы так прывыклі, што ўжо нават не зважаем на тое, што гэта сапраўдная скарбонка вітамінаў і мінералаў, лёгкія ў прыгатаванні. Яны прыдатныя на сняданак, незаменныя ў кулінарнай справе. Без іх не можа абысціся ні адна гаспадыня, а цана на яйкі заўсёды даступная, што важна для многіх сем’яў.
Пачынала Наталля працаваць у цэху №2, абсталяванне было ня­зручнае, састарэлае. Пе­равялі яе затым у іншы цэх, а пасля рэкан­струкцыі ў 2009 годзе аператар вярнулася зноў на старое месца.
— Я ў сваім родным, абноўленым цэху, — не нарадуецца яна сучаснай мадэрнізацыі. – Абсталяванне імпартнае, працаваць стала значна лягчэй.
У цэху заняты два аператары і слесар. Не толькі догляд нясушак у полі іх зроку. Хаця ў многім дапамагае аўтаматыка, трэба пільна сачыць і за станам здароўя курэй, пры неабходнасці адразу выклікаць ветслужбу, праводзіць санітарныя дні. У чысціні і парадку і настрой у працаўнікоў добры. У цэху цёпла, утульна. Птушка не павінна адчуваць стрэс, гэта шкодна ад­біваецца на здароўі. І можна з упэўненасцю сказаць, што куры тут у надзейных клапатлівых руках. Калі догляд належны, умовы спрыяльныя, птушка добра нясецца.
Чалавек на сваім месцы – так можна сказаць пра гэтага аператара. Работа Наталлі Геранімаўны непрыкметная, але вельмі важная. А дома Наталля – клапатлівая мама. Старэйшая дачушка яе ўжо закончыла каледж, а малодшая вучыцца ў шостым класе ў школе. Маці клапоціцца, каб дзеці яе атрымалі добрую адукацыю. Малодшая дачка любіць музыку, вучыцца іграць на фартэпіяна. Якая гэта радасць для ўсёй сям’і!
Дзяцей маці выхоўвае на ўлас­ным прыкладзе. Гэта лепшы метад. Хто з дзяцінства прывучаны працаваць, у самастойным жыцці не прападзе.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *