Леанэла Ляшчынская: “…Вайна баліць і сёння ў сэрцы…”

80 лет Великой Победы Лента новостей

Для большасці з нас сёння Вялікая Айчынная вайна вядома па ўспамінах ветэранаў, з кніг і фільмаў. Але яшчэ засталіся людзі, якія на сваім уласным жыцці адчулі яе смяртэльны подых, прайшлі праз цяжкія выпрабаванні нямецкай акупацыі. Жыхарка Вялікай Бераставіцы Леанэла Ляшчынская ў час вайны была яшчэ малой дзяўчынкай, але ў яе дзіцячых успамінах да сённяшняга дня да самых дробязей захаваліся жахлівыя падзеі вайны, якая забрала ў яе бацьку, асіраціўшы чатырох дзяцей і ўсклаўшы на плечы маці амаль не пад’ёмны клопат пра іх будучыню.

— Нарадзілася я ў 1937 годзе ў вёсцы Краўцэвічы Навагрудскага раёна, — расказвае Леанэла Мітрафанаўна. – Калі пачалася вайна, у сям’і маіх бацькоў Мітрафана і Яўгеніі Фалевічаў ужо было трое дзяцей: я самая старэйшая, на паўтары гады малодшая за мяне сястра Галя і самая малодшая Шура, якая была яшчэ зусім маленькай. Жылі мы вялікай сям’ёй, разам з бабуляй і дзядулем па бацькавай лініі і двума яго братамі, разам працавалі на сваёй уласнай гаспадарцы. Пачатак вайны помню добра, нехта закрычаў на вуліцы: “Вайна, вайна!” Сабраліся ўсе жыхары вёскі, а яна ў нас была невялікая, 27 дамоў. Прыйшлі мужчыны, жанчыны, дзеці, многія плакалі. Потым адзін мужчына сказаў: “Хопіць нам тут стаяць, пайшлі па хатах, трэба рабіць схованкі”. Толькі ён так сказаў, як наляцеў нямецкі самалёт і кінуў бомбу ў суседняй вёсцы. Помню, вялікая была ад яе яма, а мы ўсе былі ў вялікім страху. Уся вёска сабралася – і куды бегчы, куды ісці?.. Машыны ў горад не хадзілі, ды і дома ж каровы, коні… Як іх пакінеш? Кароў і коней папрывязвалі да яблынь у садзе. Дзед сказаў, што будзе начаваць дома, а нас адпраўляў на ноч у зямлянку. Мясцовасць там у нас гарыстая, прыгожая, супраць нашага сада быў бярэзнік, там і капалі акопы.
Калі прыйшлі немцы, бацька і яшчэ два нашых суседа пайшлі ў партызаны. З іншых вёсак там таксама былі мужчыны, іх атрад налічваў 25 чалавек.
Днём яны былі ў лесе, ваявалі з немцамі, нават два самалёты збілі, іх асколкі ляжалі побач з суседняй вёскай, а ноччу прыходзілі дадому. Мой бацька быў радыстам, і калі прыходзіў, заўсёды прыносіў з сабою вялізную скрыню з радыёперадатчыкам.
Немцы размяшчаліся ў суседняй вёсцы, але прыязджалі і ў нашу. Памятаю, ехалі яны на павозцы, і адзін з іх збіраў па вёсцы яйкі і курэй, якія былі больш тлустыя, забіралі сабе на кухню. Малодшы брат таты Алёша пасвіў кароў, і немцы, як ехалі, забралі яго дапамагаць на кухні, гадоў 15 яму тады было. І яшчэ аднаго хлопца з суседняй вёскі таксама забралі. Аднойчы яны ўдваіх ішлі дзесьці за хлебам і падарваліся на міне, нам нават адразу і не сказалі, што ён загінуў, толькі потым сям’я даведалася.
А другога татавага брата Васіля немцы вывезлі ў Германію, ён працаваў там слесарам на чыгунцы, нават прысылаў пісьмы дадому. Вядома, мы не разумелі, што немцы гавораць, таму ў іх быў перакладчык — настаўнік нямецкай мовы з нашай школы. Аднойчы ён па сакрэце сказаў маме, што сёння будзе налёт на нашу вёску. Мы ляглі спаць, маці яшчэ нас супакойвала, каб не баяліся, бо будуць страляць, каб вялі сябе ціха. Меншую Шуру яна паклала з сабой, прытуліла, а мы з сястрой спалі разам.
Ноччу прыйшоў тата, і сусед таксама быў дома. А немцы прыехалі за яго дачкой, сталі шукаць яе, а ён не сказаў, што яна схавалася ў падвале. Вось за гэта яны яго і расстралялі. Мы чулі выстрал, тата вельмі спалохаўся, але яго ў гэтую ноч не рушылі. На наступны дзень немцы прыехалі ў вёску на быках ці валах, памятаю толькі, што ў іх былі такія рогі загнутыя. Прыехалі яны ў гэты дзень яшчэ за адной дзяўчынай з нашай вёскі, Верай яе звалі, 19 гадоў ёй было, забралі яе ў Германію.
Потым немцы завіталі ноччу і ў наш дом, прыйшло іх трое, у масках, чорным адзенні. Яны сказалі бацьку: “Мітрафан, адзявайся і пойдзеш з намі”. Мама закрычала, я прачнулася, потым і Галя. Я ўчапілася за маміну спадніцу, а мама развітвалася з бацькам. Потым тата падышоў, пацалаваў мяне, Галю, абняў Шуру і толькі ўздыхнуў: “Шурка, Шурка…Больш я вас не ўбачу”. Я стала плакаць, а паліцай мне сказаў: “Замаўчы!” Тата апрануўся, немец наставіў на яго вінтоўку і павеў з хаты. Мама загаласіла на ўсю хату, тады ён адвярнуўся, навёў вінтоўку на яе і сказаў: “Яшчэ адзін крык — і атрымаеш кулю ў лоб”. Да раніцы мы сядзелі ў хаце і плакалі, а ў суседнім доме галасіла гаспадыня, бо другога суседа таксама ў гэтую ноч забралі.
Сабралі іх 25 мужчын і адправілі ў навагрудскую турму. Потым ужо аказалася, што раней затрымалі аднаго з партызанаў, дапытвалі яго, і ён не вытрымаў, выдаў усіх.
У турме партызанаў трымалі тыдзень, мама яшчэ з суседкай хадзіла туды, насіла яду тату. А потым іх не пусцілі і не ўзялі прадуктаў. Людзі расказвалі, што ўсіх затрыманых пагрузілі на грузавую машыну і вывезлі на хутар, недалёка ад Навагрудка. Там іх сагналі ў хлеў, прычым, кожны, хто выходзіў з машыны, павінен быў гучна назваць сваё імя і прозвішча. Потым хлеў аблілі бензінам і запалілі. Цэлую ноч гарэў гэты хлеў, а паліцаі стаялі з віламі, і калі хто выпаўзаў, бралі на вілы і зноў закідвалі ў полымя. Гаспадыня хутара бачыла ўсё гэта, схаваўшыся ў кустах. Потым яна ўсё ўспамінала прозвішчы, якія чула, каб не забыць, але не вытрымала ўсяго ўбачанага, страціла розум і неўзабаве памерла…
Пасля смерці таты немцы зноў прыехалі ў нашу вёску. Яшчэ і сёння памятаю, што боты ў іх былі высокія, да кален, бліскучыя, былі яны ў зялёных галіфэ і прыгожых мундзірах. Пяць немцаў прыехалі, а перакладчык – шосты. Сабралі ўсю вёску і вывелі наперад нашу сям’ю: дзеда, бабулю, маму і нас, дзяцей, і ўсё дапытвалі, дзе бацькаў брат, які быў вывезены ў Германію. Перакладчык тлумачыў немцам, што дваіх братоў таты немцы самі забралі, што сям’я не вінаватая.
Шурачка яшчэ маленькая зусім была, яна заўважыла, што ў аднаго немца ў халяве бота знаходзілася шабля ці кінжал з бліскучай ручкай, нагнулася да яе: “Цаца, цаца…” А немец як ударыў яе нагой, дык дзіця і адляцела, упала на зямлю, пасінела і закаціла вочы. Мама кінулася да яе, але немец навёў на яе вінтоўку і сказаў, што зараз выпусціць кулю. Так і ляжала Шура, пакуль вёўся наш допыт. Усе плакалі ўголас. Дзед тлумачыў, што сын у Германіі, і што дома нават ёсць пісьмы, якія ён прысылаў. Трое немцаў узялі дзеда і пайшлі ў хату, знайшлі пісьмы, і перакладчык стаў чытаць іх немцам па-нямецку. Пасля гэтага нас адпусцілі…
Але і сёння гэта сцэна стаіць у мяне перад вачыма (жанчына не можа стрымаць слёз)…
Цяжкім быў і пасляваенны час для сям’і Леанэлы Мітрафанаўны. Як бацьку забілі, маці была ўжо цяжарнай, праз некалькі месяцаў нарадзіла сына Дзмітрыя.
— Тата вельмі хацеў сына, але так яго і не ўбачыў, — уздыхае жанчына. – А мама засталася адна з чатырма дзецьмі. Калі пачалася калектывізацыя, мама адразу пайшла ў калгас, не супраціўлялася. І даяркаю працавала, і свінаркаю, і гусі, і авечкі глядзела. І за плугам сама хадзіла, авёс жала, жыта, і лён рвала. Яна ідзе, і мы з ёю разам, хто за рукі, хто за спадніцу ўчапіўшыся. Старшыня калгаса не раз казаў маме: “Жэня, мне так цябе шкада, з тваімі гэтымі мурашачкамі…” Але мама не здавалася, заўсёды казала: “Вучыцеся, дзеці, вучыцеся”. Як яна нас вывучыла ўсіх чатырох, я і сёння да канца не разумею. Я і сястра Шура закончылі ў Навагрудку медвучылішча, а Галя — педвучылішча. Брат атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі, пра­цаваў старшынёй калгаса.
Пасля заканчэння мед­вучылішча ў 1957 годзе Леанэла Мітрафанаўна атрымала накіраванне ў Гродна. У аблздраўаддзеле яна сустрэла доктара Цішкевіча, які працаў галоўным урачом у туберкулёзнай бальніцы ў Белым Дворку.
— Нас прыехала траіх дзяўчат, — успамінае Леанэла Ляшчынская. — Я была самая малая, худая, з коскамі заплеценымі. Доктар нам зрабіў своеасаблівы экзамен, задаў тры пытанні, і правільна на ўсе адказала толькі я. “Вось гэтую малую я і забяру”, — сказаў доктар, і за мяне. На грузавой машыне, дзе стаяла бочка з вапнай, мяне і прывезлі ў Белы Дворак. Выйшла я з чамаданам, уся белая, як хто смятанай абліў, медперсанал нават не паверыў адразу, што я да іх працаваць прыехала. Мяне адразу ў ванну павялі, памылі, пераапранулі ў бальнічны халат і на павозцы прывезлі ў гасцініцу ў Бераставіцу. Праз два тыдні мне знайшлі кватэру ў Бераставіцы, і там я два з паловай гады жыла, да самага замужжа. А замуж вый­шла за Генадзя Ляшчынскага, ён працаваў у друкарні, быў наборшчыкам і друкаром.
У туберкулёзнай бальніцы Леа­нэла Ляшчынская адпрацавала 10 гадоў, пакуль яе не расфарміравалі, а потым жанчыну перавялі ў хірургічнае аддзяленне.
— Страха тады быў галоўным урачом у хірургіі, — удакладняе мая субяседніца, — ён і адправіў мяне ў Гродна на вучобу па анестэзіялогіі. А праз год – і ў Мінск, я там тры месяцы працавала ў бальніцы хуткай дапамогі. Так я і стала медыцынскай сястрой-анестэзіёлагам. Трэба было прысутнічаць на аперацыях, уводзіць наркоз, працаваць з хірургам рука аб руку. Многа было складаных выпадкаў, і гінекалагічных, і стаматалагічных, столькі нерваў палажыла! Апарат для наркозу быў вельмі стары, усе яшчэ дзівіліся, як я на ім працую, а кіслародныя балоны якія былі цяжкія, вышэй за мой рост, я іх не магла падняць, трэба было умець іх качаць. Я да пенсіі і яшчэ чатыры з паловай гады на пенсіі працавала сястрой-анестэзіёлагам. Была думка пайсці атрымаць адукацыю ў медінстытуце, стаць урачом. Тады праз два гады працы медсястрой можна было паступаць без экзаменаў у медінстытут. Але ўжо дачка нарадзілася, і свякроў не пусціла, казала: “Хто будзе дзіця гадаваць?”
Сёння Леанэле Мітрафанаўне ідзе ўжо 83-ці год, хапала ёй у жыцці розных выпрабаванняў. Але найбольш цяжкімі яна называе ўсё ж ваенныя гады.
— Не дай Божа такое яшчэ каму перажыць, — на вочы жанчыны зноў набягаюць слёзы. – Вось хацела б Вам фотаздымак бацькі паказаць, ды няма ўжо, сястра ўсе забрала, калі я ў бальніцу трапіла, была я ўжо пры смерці, дык яна баялася, што калі памру, дык усё павыкідаюць. Але і без фотаздымка ён і сёння ў мяне перад вачыма, і вайна баліць у сэрцы, колькі буду жыць…
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *