Кіраўніцтва раёна чакае ад моладзі ініцыятывы

Лента новостей

Чарговае пасяджэнне “Клуба дзелавых людзей”, які аб’ядноўвае маладых спецыялістаў раёна, прайшло 18 сакавіка гэтага года. Праўда, на гэты раз яно адбылося ў не зусім звычайнай форме і не ў зусім звычайным месцы, а менавіта, у кабінеце старшыні райвыканкама М.М.Сіцько. Маладыя людзі прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, каб  у непасрэднай размове задаць пытанні, якія іх найбольш цікавяць і хвалююць. Мерапрыемства, разлічанае на гадзіну, зацягнулася практычна на тры, размова была цікавая  і канструктыўная.

На сустрэчу з маладымі спецыялістамі кіраўніцтва клуба запрасіла, акрамя старшыні райвыканкама М.М.Сіцько, старшыню раённага Савета дэпутатаў М.В.Пісарыка, намесніка старшыні райвыканкама          С.Я.Чыкуна, начальніка аддзела эканомікі А.А.Заміроўскую, начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі В.А.Гугельчука і начальніка землеўпарадкавальнай службы Бераставіцкага райвыканкама    В.У.Грышэўскага, каб у маладых людзей была магчымасць задаць разнастайныя пытанні, якія датычацца  ўсіх галін народнай гаспадаркі і атрымаць на іх кампетэнтны адказ.
Адкрываючы сустрэчу,  Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што ў раёне прымаюцца меры для замацавання маладых спецыялістаў.  Праблема гэта актуальная, і прыкладаюцца ўсе намаганні, каб людзі, якія прыехалі ў наш раён на працу, засталіся тут, стварылі сем’і, каб умовы іх працы і быту былі камфортнымі. У першую чаргу ўдзяляецца ўвага пытанню забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём, немалаважную ролю таксама адыгрывае і заработная плата, а яна складае ў раёне ў маладых спецыялістаў у сярэднім каля мільёна рублёў.
Найбольш запатрабаваныя на Бераставіччыне спецыялісты інжынернага профілю, агранамічнай і заатэхнічнай службы, будаўнікі, высокакваліфікаваныя механізатары, урачы. Але самае галоўнае — спецыялісты сваёй справы, здольныя на высокім узроўні выконваць ускладзеныя на іх абавязкі.
Пытанні, якія падрыхтавалі маладыя людзі да кіраўніцтва раёна, былі разнапланавыя, але ў той жа час усе актуальныя.
Прысутных на сустрэчы цікавіла, як рэалізуецца ў раёне Дырэктыва №4 па падтрымцы прадпрымальніцтва і колькі маладых людзей займаецца бізнесам, якія дакументы патрэбны, каб атрымаць зямельны ўчастак, як стаць на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў і якімі тэмпамі ідзе будаўніцтва жылля ў раёне, што робіцца для развіцця  інфраструктуры аграгарадкоў, каб арганізаваць вольны час моладзі, у прыватнасці, на сяле, ці будзе адноўлены басейн і кінатэатр  у пасёлку і шмат іншых, на якія былі дадзены кампетэнтныя адказы спецыялістаў.
Галоўнае, на што была звернута ўвага маладых людзей у час сустрэчы, гэта тое, што ўмовы для самарэалізацыі моладзі ў раёне ёсць, вядома, не такія, як у вялікіх гарадах, але і іх трэба выкарыстоўваць у поўнай меры. Моладзь сама павінна стаць ініцыятарам цікавых мерапрыемстваў, а не чакаць, каб іх для яе прыдумвалі іншыя. А кіраўніцтва раёна маладых людзей заўсёды падтрымае і чакае ад іх разумнай ініцыятывы.
Гэтая сустрэча ў клубе – першая ў такім фармаце, але далёка не апошняя — да такой высновы прыйшлі ўсе прысутныя.  Яна павінна стаць добрай традыцыяй, бо менавіта праз жывыя зносіны і ўмацоў-ваецца пераемнасць пакаленняў. За маладымі – будучыня, але ім яшчэ не хапае ведаў і вопыту,  якімі ахвотна гатовы падзяліцца старэйшыя таварышы.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *