Кіраўніцтва Бераставіцкага раёна сустрэлася з маладымі спецыялістамі

Актуально Общество

27 студзеня адбыла­ся сустрэча маладых спе­цыялістаў, якія ў гэтым годзе прыступілі да працы ў Бераставіцкім раёне, з прадстаўнікамі мясцовай улады. Абмеркаваць праблемы з маладымі людзьмі прыйшлі старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, намеснікі старшыні райвыканкама Ала Заміроўская і Сяргей Чыкун, удзел у мерапрыемстве прыняў і прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Палівёнак.
Пачынаючы сустрэчу, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Віталій Болдак прадставіў прысутных і расказаў, у якіх сферах пачалі сваю працоўную дзейнасць на Бераставіччыне маладыя спецыялісты. Каб размова атрымалася больш адкрытай і шчырай, моладзь запрасілі за круглы стол. Старшыня райвыканкама прывітаў маладых людзей і папрасіў выказацца аб тым, як іх сустрэлі ў нашым раёне, з якімі праблемамі яны сутыкнуліся на першых працоўных месцах, аб іх надзеях і спадзяваннях.
Вядома, на пачатку працоўнай дзейнасці, без вопыту і стажу, заработная плата у маладых спецыялістаў невысокая, і гэта, бадай, самая актуальная праблема. Але ж усе, нават кіруючыя работнікі, падкрэсліў Антон Станіслававіч, прайшлі ў свой час праз статус маладога спецыяліста і невысокія заробкі. Таму сёння маладым людзям неабходна старанна працаваць на перспектыву, каб іх заўважылі і прапанавалі новыя прыступкі прафесійнага росту, бо граматныя спецыялісты ў раёне заўсёды патрэбны.
Яшчэ адна праблема, якая востра хвалюе маладых лю­дзей, — арганізацыя культурнага адпачынку па месцы жыхарства. Удзельнікі сустрэчы выказалі занепакоенасць тым, што ў Вялікай Бераставіцы няма магчымасці наведаць кінасеансы, адпачыць з сябрамі ў кафэ. Гэтая праблема не застаецца незаўважанай, адзначылі прадстаўнікі мясцовай улады. Нядаўна да паслуг моладзі ў райцэнтры адкрылася трэнажорная зала, у раённым Доме культуры плануецца ажыццяўляць паказ кінафільмаў, магчыма, у хуткім часе з’явіцца і цэнтр адпачынку на базе былой пральні.
Цікавіліся маладыя спецыялісты ўмовамі атрымання льготных крэдытаў і пастаноўкі на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў, закранулі і пытанні добраўпарадкавання Вялікай Бераставіцы, у прыватнасці, звярнулі ўвагу на адсутнасць тратуара па вуліцы Гагарына, выказалі пажаданне, каб працаваў начны магазін і начная аптэка.
На ўсе пытанні, якія паступілі ад маладых людзей, яны атрымалі кампетэнтныя адказы, у тым ліку, з тлумачэннем мэтазгоднасці і эканамічнай эфектыўнасці.
Напрыканцы сустрэчы прад­стаўнікі мясцовай улады заклікалі моладзь не баяцца цяжкасцей і замацоўвацца на Бераставіччыне, а ўся неабходная падтрымка ім будзе забяспечана.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *