Кожны паасобку – індывідуальнасць, усе разам – “пярвічка”

Лента новостей

Развіццё маладзёжнай ініцыятывы, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, патрыятычнае і экалагічнае выхаванне, прыярытэты здаровага ладу жыцця – усе накірункі работы пярвічных арганізацый Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі адразу і не пералічыш. Галоўнае, што маладзёжная арганізацыя імкнецца аб’яднаць юнакоў і дзяўчат карыснымі справамі і цікавымі мерапрыемствамі.

У складзе пярвічнай арганізацыі БРСМ Старадварэцкага дзіцячага сада –БШ 18 чалавек, гэта адна з нямногіх “пярвічак”, у якой 100-працэнтны ахоп школьнай моладзі. Маладых людзей тут не трэба ўгаворваць уступаць у маладзёжны саюз, яны самі з нецярпеннем чакаюць, пакуль ім споўніцца 14 гадоў, каб стаць членамі БРСМ.
Сакратар пярвічнай арганізацыі – педагог-арганізатар Алена Анатольеўна Сцефанкова стараецца накіроўваць энергію маладых у патрэбнае русла, зацікаў-лівае іх і аб’ядноўвае.
Актывісты БРСМ узялі пад сваю апеку помнікі загінуўшым у вялікай Айчыннай вайне ў вёсках Эймінаўцы і Стары Дворац і на працягу года падтрымліваюць іх у належным стане. Вось і нядаўна навялі там парадак напярэдадні свята Перамогі. На жаль, ветэранаў вайны на тэрыторыі мікрараёна школы не засталося, але маладыя людзі не забываюць аб іншых заслужаных людзях, яны шэфствуюць над ветэранамі педагагічнай працы, віншуюць іх з усімі святамі, запрашаюць на свае мерапрыемствы.
У Старым Дворцы жыве былы воін-інтэрнацыяналіст В.М.Шаўчэня, ён таксама бывае на сустрэчах з мясцовай моладдзю, дзеліцца ўспамінамі аб афганскай вайне.
З удзелам членаў БРСМ праходзіць і многа спартыўных мерапрыемстваў, прапагандуецца здаровы лад жыцця. Пастаянна праводзяцца працоўныя дэсанты “Наш клопат – школьнаму двару”, дапамагаюць маладыя людзі і мясцовай гаспадарцы ва ўборцы ўраджаю. За гэта адміністрацыя АФ “Стары Дворац” арганізавала для школьнікаў на веснавых канікулах экскурсію ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць – герой”. Не застаюцца па-за ўвагай маладых і экалагічныя праблемы. Старадварэцкія школьнікі прымаюць удзел у разнастайных раённых і абласных конкурсах навукова-даследчага характару, такіх як “Крыніцы Бераставіччыны”, “Якасць паветра – якасць жыцця”, “Як прыроду зберагаем”.
Плакат Анжалікі Жураўка заняў другое месца ў раённым конкурсе плакатаў “Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне”.
Тым, хто мае ў гэтым патрэбу, актывісты БРСМ Старадварэцкага дзіцячага сада – БШ ніколі не адмовяць. Да навагодніх святаў збіралі школьныя прыналежнасці і цацкі выхаванцам Бераставіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку, адправілі пасылку ў армію свайму земляку Аляксею Мазану.
Вядома, работа “пярвічкі” ў першую чаргу залежыць ад актыўнасці яе членаў. Алена Анатольеўна адзначае, што на сваіх актывістаў яна заўсёды можа разлічваць. Кожны з іх паасобку ўносіць свой уклад у агульную справу. Дзіма Рыгосік – актыўны і ініцыятыўны, Арцём Затаўка добра малюе, Ульяна Бутрыла мае цудоўны голас, незаменная на канцэртах, Ангеліна Затаўка – выдатніца вучобы, Дзяніс Апуневіч – інтэлектуал і вельмі адказны малады чалавек, без Алены Бартош не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Ды і наогул, кожны ўносіць сваю лепту ў тое, каб зрабіць жыццё сваёй пярвічнай арганізацыі насычаным і цікавым.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *