Кватарскай школе — 60!

Лента новостей

Праз пару дзён Кватарскі навучальна — педагагічны комплекс яслі-сад – базавая школа будзе адзначаць свой 60-гадовы юбілей. Юбілей – гэта заўсёды падзея, гэта час падвесці вынікі, ацаніць дасягнутае, час успамінаў і сустрэчы сяброў.
Сёння мы перагорнем некаторыя старонкі гісторыі гэтай навучальнай установы і спынім-ся на сучасных дасягненнях вучняў і педагогаў.

…Да 1952 года школы ў Кватарах не было, мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся ў суседніх вёсках Сыраежкі і Мянькі. Таму сапраўднай падзеяй для ўсіх жыхароў вёскі стала адкрыццё ў 1952 годзе двухпавярховага будынка сямігадовай на той час школы. Настаўнікі і вучні пераступілі парог светлых і прасторных класаў. Цяпер ужо ўсе дзеці з навакольных вёсак сталі займацца ў Кватарскай школе.
У 1954 годзе дырэктарам школы стаў Пётр Цыванюк, які працаваў тут з першага дня яе адкрыцця. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Пётр Паўлавіч аддаў школе большую частку свайго жыцця. На пасадзе дырэктара Цыванюк працаваў дваццаць дзевяць гадоў, практычна палову з прайшоўшых шасцідзясяці. Пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны школьныя майстэрні, склеп для сховішча агародніны, пасаджаны парк.
Яшчэ і цяпер Пётр Паўлавіч ціка-віцца ўсім тым, чым жыве школа, выступае перад вучнямі і настаўнікамі, прымае ўдзел у многіх патрыятычных мерапрыемствах.

Педагагічны калектыў

У 1955 годзе школа стала сярэдняй, за 20 гадоў (з 1958 па 1978 гг.) сярэднюю адукацыю ў яе сценах атрымалі 294 вучні, прычым, пятнаццаць з іх закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі.
А ўсяго за 60 гадоў навучальная ўстанова дала пуцёўку ў жыццё 602 выпускнікам.
У 1959 го-дзе першай у раёне Кватарская школа стварыла гісторыка-краязнаўчы музей. Яго арганізатарам і практычным рэалізатарам усіх ідэй стаў настаўнік геаграфіі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, Мікалай Палуянчык. Спачатку музей размяшчаўся ў адным пакоі. Паступова сіламі Мікалая Іосіфавіча і яго вучняў музей папаўняўся новымі матэрыяламі па гісторыі Бераставіччыны, звесткамі аб выхадцах з гэтай мясцовасці, якія сваімі баявымі і працоўнымі справамі пакінулі пасля сябе добрую памяць. З цягам часу экспанаты музея сталі размяшчацца ўжо ў трох пакоях. Музей Кватарскай школы часта наведвалі вучні і настаўнікі як з Бераставіцкага, так і з іншых раёнаў. Пазней музею было

Заняткі ў школьным музеі праводзіць Святлана Кіеня

прысвоена званне народнага.
Сёння справу Мікалая Палуянчыка працягвае яго дачка, Святлана Кіеня. Святлана Мікалаеўна ўсё сваё жыццё працавала выхавацелем у Кватарскім дзіцячым садзе, а пасля выхаду на пенсію стала кіраваць школьным музеем. Ужо трэці год яна аддае свае сілы на тое, каб аднавіць і папоўніць музей, які плануецца зрабіць гісторыка – этнаграфічным. Цяпер музей, які налічвае 428 экспанатаў, знаходзіцца на рэканструкцыі, ён будзе перанесены ў будынак школы.
У 1978 годзе ў сувязі са змяншэннем колькасці вучняў школа была рэарганізавана ў базавую, якой і застаецца па сённяшні дзень.
У 2004 годзе будынак школы быў рэканструяваны, і цяпер яна адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.
На жаль, колькасць вучняў у Кватарскім яслях – садзе — базавай школе паступова змяншаецца. Сёння яе наведвае 31 вучань і 10 выхаванцаў рознаўзроставай групы ў дзіцячым садку.
Улічваючы гэты фактар, у школе больш увагі ўдзяляецца якасці адукацыі. Па выніках першай чвэрці гэтага навучальнага года ў Кватарскім навучальна-педагагічным комплексе яслі – сад – базавая школа самы высокі рэйтынг па паспяховасці: 84,62% вучняў займаюцца на 5-10 балаў.
Ёсць і такія вучні, якія ў табелі маюць толькі высокія балы. На “выдатна” закончылі першую чвэрць Ангеліна Цыхун (8 клас) і Аляксандр Александровіч (6 клас).

Каманда інтэлектуалаў школы

Прыемна парадавала і каманда інтэлектуалаў школы: на нядаўнім XI раённым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях кватарскія “Разумнікі і разумніцы” занялі першае месца ў малодшай групе.
Ганарацца ў школе і дасягненнем Юрыя Грышкевіча (7 клас): ён стаў фіналістам XIV рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”.
У скарбонку дасягненняў школы ў 2012 годзе можна таксама аднесці і трэція месцы ў раённым конкурсе агітбрыгад “Зажги костер добра”, конкурсах піянерскай песні і конкурсах гульнявых праграм “Играют дети, играем мы”.
На сёлетняй жнівеньскай нара-дзе педагагічных работнікаў таксама былі адзначаны і працаўнікі Кватарскай школы: граматы аддзела адукацыі райвыканкама ў гэтым годзе атрымалі Наталля Макавей, адказная за работу з дзіцячымі і мала-дзёжнымі арганізацыямі, повар Галіна Лагонда, настаўнік хіміі і біялогіі Лілія Кузняцова.
Дарэчы, Лілія Іванаўна прыйшла працаваць у Кватарскую школу ўжо пасля выхаду на пенсію, і за тры гады шмат чаго зрабіла для гэтай навучальнай установы. Менавіта яе намаганнямі прышкольная тэрыторыя змяніла дызайн і набыла квітнеючы выгляд. З ранняй вясны да позняй восені тут цвітуць кветкі, у гэтым годзе ля школы пасаджаны пладовыя дрэвы.
Вучні Ліліі Іванаўны — Ангеліна Цыхун і Юлія Луконіна — займаюць прызавыя месцы на прадметных алімпіядах, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях.
У пазаўрочны час у школе працуюць гурткі, факультатывы, заняткі па інфарматыцы, спартыўныя секцыі. Прыярытэт аддаецца сацыяльна значымай дзейнасці экалагічнага і краязнаўчага накірунку, прычым, з улікам інды-відуальных асаблівасцяў дзяцей.
Гісторыя любой установы пішацца канкрэтнымі справамі тых, хто ў ёй працуе.
Сёння ў Кватарскім яслях -са-дзе – базавай школе налічваецца 30 работнікаў, вучэбна-выхаваўчы працэс ажыццяўляецца 20 педагогамі.
Многія з іх самі з’яўляюцца выпускнікамі гэтай школы.
Сярод іх — Тэрэза Іосіфаўна Сідаркевіч, настаўнік рускай і беларускай мовы, Зінаіда Паўлаўна Акулава, педагог-дэфектолаг. Шмат гадоў аддала школе Тамара Мікалаеўна Марчык, настаўнік беларускай мовы, якая працяглы час выконвала абавязкі намесніка дырэктара школы.
Як прыйшлі пасля заканчэння ў 1988 годзе Ваўкавыскага педвучы-лішча, так і працуюць па сённяшні дзень Міраслава Мікалаеўна Цыхун, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, і Інна Мікалаеўна Максімюк, настаўніца пачатковых класаў.
Больш за 20 гадоў аддала школе Марына Лявонцьеўна Круповіч, настаўніца замежнай мовы, з 1993 года тут працуе і Мікалай Міхайлавіч Раманчук, настаўнік фізічнай культуры.
Сярод былых выпускнікоў, якія звязалі сваё жыццё са школай, дырэктар Валянціна Паддубіцкая называе і тэхнічных работнікаў: загадчыка гаспадаркі Івана Немца, повара Валянціну Грышкевіч, прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў Святлану Дудзінскую і Ірыну Сяўзюк, вартаўніка Алену Гарбуз.
Ды і наогул, усе, хто зараз працуюць у школе, працягваюць традыцыі, закладзеныя 60 гадоў таму, школа па-ранейшаму з’яўляецца не толькі месцам, дзе вядзецца навучанне і выхаванне дзяцей, але і цэнтрам культурнага жыцця аграгарадка.
Ірына Міклаш, фота аўтара

Гістарычная
даведка
1952 год – адкрыта сямігадовая школа ў Кватарах;
1955 год – школа атрымала статус сярэдняй;
1978 год – рэарганізавана ў базавую школу;
2004 год – праведзена рэканструкцыя навучальнай установы, школа набыла сучасны выгляд і адпавядае ўсім патрабаванням.

У розныя часы
навучальнай
установай кіравалі:
1952 – 1954 гг. — Антон Ягоравіч Казлоўскі;
1954 – 1983 гг. — Пётр Паўлавіч Цыванюк;
1983 – 1996 гг. — Іосіф Іосіфавіч Будзіловіч;
1996 – 2000 гг. — Міхаіл Андрэевіч Кадач;

2000 — 2003 гг. — Валерый Эдуардавіч Пухальскі;
2003 – 2012 гг. — Ірына Іванаўна Кішкель;
З гэтага навучальнага года школу ўзначальвае Валянціна Яўгенаўна Паддубіцкая.

Выпускнікі —
гонар школы:
Іван Мацвеевіч Жыжаль – Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны будаўнік БССР;
Іван Рыгоравіч Машко – другі сакратар абкама КПСС, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў;
Іван Максімавіч Захарчук– былы старшыня Бераставіцкага райвыканкама;
Аляксандр Аляксандравіч Кудзеля – кіраўнік раённага аддзялення “Белаграпрамбанка”.
У школе спадзяюцца, што гэты спіс папоўніцца і імёнамі сённяшніх вучняў.

24 лістапада, 16.00 гадзін
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Кватарскі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад – базавая школа” запрашае ўсіх сваіх былых вучняў і настаўнікаў на святкаванне 60-гадовага юбілею школы.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *