Кватарам – 400 год: свята вёскі адзначылі ў аграгарадку

Актуально Лента новостей Общество Тема недели

Чым сёння жывуць вяскоўцы? Безумоўна ж, працоўнымі буднямі на палях і фермах, уборкай ураджаю і доглядам за прысядзібнымі ўчасткамі, клопатамі па асабістай падсобнай гаспадарцы. Але не забываць яны і пра святы. Умеюць і плённа працаваць, і змястоўна адпачываць. Наглядны прыклад гэтаму – свята ў аграгарадку Кватары, якое адбылося ў суботу, 16 верасня, з нагоды 400-годдзя першага ўпамінання мястэчка ў архіўных дакументах.

У гонар гэтай важнай для Кватараў гістарычнай падзеі мясцовымі энтузіястамі-краязнаўцамі пры падтрымцы адміністрацыі Пагранічнага сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства КСУП “Пагранічны-Агра” было вырашана ўстанавіць памятны знак і закласці капсулу з пасланнем для нашчадкаў.
Менавіта з гэтай урачыстай цырымоніі і пачалося свята вёскі. Памятны знак – вялікі камень – загадзя быў устаноўлены на адкрытай пляцоўцы непадалёку ад магазіна. З чым звязана святкаванне юбілейнай даты, расказалі вядучыя ўрачыстасці: маёнтак Кватары ў 1617 годзе ўзгадваецца ў тастаменце яго першых уладальнікаў Вольскіх. Пасля невялічкага гістарычнага экскурсу, было зачытана пасланне для нашчадкаў з наказам захоўваць і прымнажаць дасягненні папярэдніх пакаленняў, прыкладаць намаганні для далейшага росквіту і дабрабыту роднай зямлі. Пад гукі духавога аркестра, як сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў, ліст да нашчадкаў быў змешчаны ў так званую капсулу часу і ўрачыста закладзены ў падмурак памятнага знака. Права зрабіць гэта было прадастаўлена ганароваму госцю свята, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах, Івану Захарчуку, механізатару КСУП “Пагранічны-Агра” Дзмітрыю Касьяну, выдатніцам вучобы і актывісткам школьнага жыцця Кацярыне Мармыш і Карыне Шаблій.
Пасля цырымоніі закладкі капсулы мясцовыя жыхары, госці свята, прадстаўнікі раённай ўлады – а на юбілей Кватараў завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Сяргей Чыкун і першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў – прайшлі працэсіяй па вуліцах аграгарадка да будынка мясцовага філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці. Шэсце ўзначальвалі музыканты ўзорнага эстрадна-інструментальнага ансамбля «Tutti» Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, і духавыя творы ў іх выкананні як нельга лепш спрыялі стварэнню ўзнёслай святочнай атмасферы.
Святочнае дзейства перанеслася на сцэну, прыгожа ўладкаваную на адкрытай паветры. У тэатралізаваным пралогу адбылося знаёмства з цікавымі старонкамі гісторыі мястэчка і адметнымі асобамі, якія аказалі ўплыў на яго развіццё. У прыватнасці, з Юзафам Гліндзічам, адным з уладальнікаў маёнтка Кватары, з вядомым доктарам медыцыны Адольфам Бітнерам, які шляхам жаніцьбы стаў гаспадаром маёнтка, дзе заснаваў сваю лячэбніцу. Вядома, што на кватарскай зямлі бываў адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Кастусь Каліноўскі, бо тагачасны ўладальнік маёнтка Кватары Мечыслаў Гліндзіч, а таксама яго браты Антон і Ян актыўна падтрымлівалі паўстанцаў. Маёнтак наведваў вядомы кампазітар і мастак Напалеон Орда, які зрабіў малюнак сядзібы Гліндзічаў з палацам, млыном на рацэ Куклянцы, флігелем і свіранам. Апошняе збудаванне, дарэчы, гэта адзінае, што захавалася да нашага часу ад сядзібы. Магчыма, у Кватарах магла гасцяваць і пісьменніца, грамадскі дзеяч і педагог Эліза Ажэшка, таму што гаспадыняй маёнтка ў той час была сястра яе мужа.
Гісторыя Кватараў – шматгранная, але самае галоўнае багацце аграгарадка – гэта людзі, якія жывуць і працуюць тут, старанна захоўваючы традыцыі продкаў і ўносячы свой пачэсны ўклад у развіццё мястэчка. Гэта адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Пагранічнага сельскага выканаўчага камітэта Іван Козел. Іван Іванавіч сардэчна павіншаваў жыхароў са святам і выказаў ім падзяку за сумленную працу на карысць сваёй малой радзімы.
Дарэчы, на працягу ўсёй святочнай праграмы праходзіла ўшанаванне годных павагі і ўдзячнасці землякоў. Так, граматы, падарункі, грашовыя прэміі і словы падзякі за сваю пачэсную працу атрымалі калгасныя ардэнаносцы, аўтарытэтныя і вопытныя настаўнікі, шматдзетныя маці, пераможцы конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка і адмысловыя гаспадыні, якія гатавалі прысмакі для кулінарнай выставы. Сертыфікаты і каштоўныя падарункі былі ўручаны самаму старэйшаму жыхару аграгарадка, заслужанаму настаўніку Беларусі Пятру Паўлавічу Цыванюку, а таксама сям’і Залуцкіх, дзе выхоўваецца самая маленькая жыхарка мястэчка чатырохмесячная Ксенія.
Успомнілі і трагічныя гады фашысцкай акупацыі, памяць загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны землякоў ушанавалі мінутай маўчання.
Кватарская зямля дала свету нямала людзей, якія сваёй стараннай працай унеслі значны ўклад у развіццё як сваёй малой радзімы, так і іншых куточкаў, дзе ім давялося жыць. Некаторыя з іх завіталі на свята роднай вёскі. Гэта Іван Максімавіч Захарчук, які працаваў галоўным аграномам і намеснікам старшыні ў гаспадарках Бераставіччыны, першым намеснікам старшыні і старшынёй Бераставіцкага райвыканкама, узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», медалямі, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Гэта былы старшыня Кватарскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Міхайлавіч Кудзеля. З Масквы, Гродна і Свіслачы прыехалі сёстры Бартош, якія жылі ў бараку Бітнэра, а з Гродна – ветэран Узброеных Сіл Беларусі Антон Амельянчык, бацька якога быў першым дэпутатам Кватарскага сельскага Савета.
Цікавыя ўспаміны гасцей, іх непадробная настальгія па родных мясцінах, пажаданні землякам берагчы аграгарадок кранулі вяскоўцаў сваёй шчырасцю і пранікнёнасцю.
Канцэртны калейдаскоп мастацкіх нумароў работнікаў культуры і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і яго філіялаў парадаваў сваёй яскравасцю і эмацыянальнасцю. А музыканты з Гродна – кавер-група “Бугі-Бэнд” – падтрымалі зададзены пазітыўны настрой сваім высокапрафесійным выкананнем папулярных хітоў.
На свяце дзейнічалі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, мясцовых умельцаў, а таксама майстроў з Гродзеншчыны. Пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю аграгарадка запрашалі выставачная экспазіцыя “Музей пад адкрытым небам” і фотавыстава “Кватары ўчора і сёння”. Музей Вавёркі прапаноўваў набыць юбілейную сувенірную прадукцыю – буклеты, паштоўкі і каляндарыкі – падрыхтаваную краязнаўцамі Мікалаем Пацэнка і Андрэем Втарушыным.
Ну і якое ж свята без пачастунку! Гарачая юшка і каша з грэчкі і мяса па-кватарску ад КСУП “Пагранічны-Агра” разыйшлася імгненна. А на кулінарнай выставе мясцовыя гаспадыні частавалі баршчом, верашчакай з блінамі, выпечкай.
Не абышлі ўвагай на свяце і маленькіх жыхароў аграгарадка. Для іх працавалі дзіцячыя атракцыёны – горкі, батуты, машынкі, лазертаг, гандлёвыя кропкі з салодкай ватай, попкорнам і іншымі прысмакамі і забавамі. Смачна перакусіць можна было ў гандлёвым павільёне Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства.
Святочная праграма на гэтым не завяршылася – былі яшчэ воднае шоу, феерверк і дыскатэка.
Свята вёскі стала запамінальнай падзеяй для жыхароў аграгарадка, яно прайшло з размахам і на высокім ўзроўні. Дзеля гэтага пастараліся ўсе – адміністрацыя Пагранічнага сельвыканкама і КСУП “Пагранічны-Агра”, калектыў Кватарскага яслей-сада-базавай школы, работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і іншыя.
Урачыстасць завяршылася. Нагадваць пра яе будзе прыгожая бярозка, пасаджаная ў гонар юбілею аграгарадка як сімвал Дрэва жыцця Кватараў.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *