“Касманаўт года” – на ІІ месцы

Лента новостей

Сябры нашы меньшыя ідуць заўсёды з намі па жыцці. Менавіта яны, жывёлы, пракладалі чалавеку шлях да зор. Вядома, што першымі былі мышы, сабакі, каты і нават шымпанзэ. Усе жывёлы-касманаўты перад палётам прайшлі шматтыднёвыя трэніроўкі. А пасля вяртання на Зямлю сталі нацыянальнымі героямі. Вось толькі ў сусветным мастацтве цяжка знайсці партрэт жывёлы ў скафандры. Тэма, бадай што, для дзіцячай творчасці альбо конкурсаў для самых вынаходлівых і апантаных.
Для навучэнцаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў ідэя гэтая знайшла сваё ўвасабленне ў Рэспубліканскім дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “Красавік”, які праходзіў у Мінску на базе Дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава з 13 па 23 сакавіка 2011 года.
Вынікі конкурсу сталі вядомы 20 красавіка. І яны для школы мастацтваў – паспяховыя: Вольга Стрыга, вучаніца 1 класа мастацкага аддзялення, атрымала ІІ месца ва ўзроставай групе 12-14 гадоў. Яе карціна “Космонавт года. Кролик в скафандре” (на здымку) прыйшлася даспадобы журы. Карціна ўключана ў асноўную экспазіцыю выставы, якая адкрылася ў Музеі гісторыі горада Мінска 23 краса-віка 2011 года.
Работа Вольгі прысвечана 50-годдзю адкрыцця касмічнай эры. Між іншым, гэтаму выдатнаму юбілею, што адзначаўся ў красавіку, была прысвечана і выстава ў школе. Асноўная яе тэма – жывёлы ў космасе і іх падарожжа па іншых планетах разам з чалавекам.
Падказаў такую ідэю выкладчык мастацкага аддзялення А.Ф. Втарушын, які ўжо тры гады плённа працуе на карысць адукацыі юных талентаў. Так, для ўдзелу ў конкурсе ён падрыхтаваў таксама і другіх навучэнцаў мастацкага аддзялення. Гэта Ганна Хілюта (2 кл.), Кацярына Кажэцкая (2 кл.), Паліна Місюля (2 кл.), Раман Пронін (4 кл.) і Ганна Петух (4 кл.). Работы атрымаліся вельмі розныя як па тэхніцы выканання (тушшу і гуашшу), так і па тэматыцы.
Напрыканцы мая гэтага года плануецца выданне альбома-каталога творчых работ дыпламантаў і лепшых удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу “Красавік”. Будуць там размешчаны і работы навучэнцаў Бераставіцкай школы мастацтваў.

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *